1 Дзеля таго, мінуўшы пачаткі слова Хрыстовага, уздымемся да справаў больш дасканалых, не бяручыся зноў закладваць падмуркі адносна пакуты за мёртвыя ўчынкі і адносна веры ў Бога,
2 навукі аб хросьце, а таксама ўскладаньня рук, уваскрасеньня мёртвых і вечнага суду.
3 І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
4 Немагчыма бо ёсьць, каб тыя, што ўжо раз былі асьвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога,
5 якія добра пакаштавалі Божае Слова і магутнасьць будучага веку,
6 ды адпалі, маглі быць адноўленыя да пакуты. Крыжуюць вось яны зноў у саміх сабе Сына Божага і зьневажаюць Яго.
7 Бо зямля, поеная частым дажджом і родзячая расьліны на карысьць тым, якія яе абрабляюць, атрымлівае багаславенства ад Бога.
8 А калі родзіць церні і пустазельле, дык яна — непрыдатная і на праклён, і канец яе — спаленьне.
9 Спадзяемся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і бліжэйшыя збаўленьня, хоць мы і гаворым гэтак.
10 Бог бо справядлівы і не забудзецца ўчынкаў вашых і любові, якую выказалі вы дзеля імя Ягонага, паслугаваўшы і паслугуючы сьвятым.
11 Жадаем вам, каб кожны з вас выявіў руплівасьць у дасканаленьні надзеі аж да канца,
12 каб ня сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі пасьлядоўнікамі тых, якія вераю і цярплівасьцю бяруць у спадчыну абяцаньне.
13 Бо Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб мог на яго прысягнуць, пакляўся самім сабою,
14 кажучы: "Багаслаўляючы, багаслаўляю цябе і, памнажаючы, памножу цябе".
15 І так (Абрагам), доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.
16 Людзі бо на вышэйшага ад сябе запрысягаюцца, і кожная спрэчка паміж імі канчаецца прысягаю на завярэньне.
17 Дзеля таго і Бог, хочучы спадкаемцам абяцаньня падкрэсьліць непарушнасьць свайго намеру, скарыстаўся прысягай,
18 каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную пацеху, мы, што хістаючыся, хапаем дадзеную нам надзею,
19 якую маем як якар душы, бясьпечны і пэўны, які пранікае аж за заслону,
20 куды за нас як папярэднік увайшоў Езус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасьвятаром навек.