Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 19 1-я Самуэля 19 раздзел

1 І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх паслугачоў сваіх, каб забілі Давіда; але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда.
2 І перасцерагаў Ёнатан Давіда, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе; таму сцеражыся, прашу, раніцою, і схавайся, і не паказвайся.
3 А я пайду і стану каля бацькі майго ў полі, дзе ты будзеш; і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і, што ўбачу, раскажу табе».
4 І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму, Саўлу, пра Давіда, і казаў яму: «Хай не грашыць цар на Давіда, паслугача свайго, бо нічым ён не зграшыў перад табою і ўчынкі яго для цябе вельмі добрыя.
5 І ён выстаўляў на смерць жыццё сваё, і забіў філістынца, і Госпад даў вялікую перамогу ўсяму Ізраэлю; ты сам бачыў гэта і цешыўся: такім чынам, чаму ты грашыш супраць нявіннай крыві, хочучы забіць Давіда, які не мае віны?»
6 Калі гэта Саўл выслухаў, ён, улагоджаны словамі Ёнатана, пакляўся: «Госпад жыве, не будзе ён забіты».
7 І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы; і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і застаўся ён у яго, як было ўчора і заўчора.
8 Зноў жа пачалася вайна, і пайшоў Давід ваяваць супраць філістынцаў, і ўдарыў іх вялікай плягаю; і яны ўцякалі ад яго.
9 І сышоў на Саўла ліхі дух, спасланы Госпадам; а сядзеў ён у доме сваім і трымаў дзіду, Давід жа граў рукою сваёю.
10 І задумаў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сцяны; і Давід ухіліўся ад Саўла, а дзіда, не скалечыўшы яго, убілася ў сцяну. І Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч.
11 Тады паслаў Саўл паслугачоў сваіх у дом Давіда, каб сачылі за ім і забілі раніцай. І калі паведаміла аб гэтым Давіду Міхол, жонка яго, кажучы: «Калі не ўсцеражэшся ў гэтую ноч, заўтра будзеш забіты», —
12 спусціла яна яго праз акно. А ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны.
13 А Міхол узяла хатняга балвана, і паклала яго на ложак; і пад галаву яго падклала шарсцістую казіную поўсць; і накрыла яго плашчом.
14 Саўл жа паслаў паслугачоў, каб узялі Давіда, і ім сказала, што ён хворы.
15 І паслаў Саўл зноў паслугачоў, каб наведалі Давіда, кажучы ім: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго».
16 І калі прыйшлі паслугачы, яны знайшлі балвана на ложку і скуру казіную на месцы галавы яго.
17 Дык сказаў Саўл Міхол: «Чаму ты так падманула мяне і выпусціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхол адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусці мяне, бо інакш заб’ю цябе”».
18 А Давід уратаваўся ўцёкамі, і дабраўся да Самуэля ў Раме, і расказаў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце.
19 А Саўлу паведамілі, кажучы: «Вось, Давід у Наёце ў Раме».
20 Такім чынам, паслаў Саўл паслугачоў, каб схапілі Давіда. Калі яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, сышоў на іх Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць.
21 Калі паведамілі пра гэта Саўлу, зноў паслаў ён іншых пасланцоў, але і яны прарочылі. І зноў паслаў Саўл трэціх пасланцоў, але яны таксама прарочылі
22 І нават ён сам выбраўся ў Раму і дайшоў аж да вялікага вадаёма, які ў Соха; і пытаўся ён і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» Сказалі яму: «Яны ў Наёце ў Раме».
23 І пайшоў ён адтуль у Наёт у Раме; і Дух Божы сышоў на яго таксама, і ён ішоў, пачынаючы прарочыць, пакуль не дайшоў у Наёт у Раме.
24 І нават зняў ён з сябе адзенне сваё і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем; і ўпаў, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч, адтуль і пайшла прымаўка: «Ці ж і Саўл між прарокаў?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.