Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 21 1-я Самуэля 21 раздзел

1 І накіраваўся Давід у Ноб, да святара Ахімэлеха, і Ахімэлех аслупянеў, бо Давід прыбыў да яго, і спытаў у яго: «Чаму ты толькі адзін і нікога няма з табой?»
2 І сказаў Давід святару Ахімэлеху: «Цар даручыў мне адну справу і сказаў: “Хай ніхто не ведае аб тым, з-за чаго я цябе пасылаю і што я табе даручаю”. Таму я вызначыў паслугачам тое і тое месца.
3 Дык вось цяпер, калі маеш пад рукой пяць хлябоў, дай мне іх або тое, што знойдзеш».
4 І, адказваючы Давіду, святар казаў яму: «Звычайнага хлеба пад рукой не маю, а ёсць толькі пасвячоны хлеб; ці чыстыя паслугачы твае хаця б адносна жанчын?»
5 І адказаў Давід святару, і сказаў яму: «Сапраўды, што датычыць жанчын, не было іх з намі ані ўчора, ані заўчора. Калі выбіраліся ў дарогу, целы паслугачоў былі чыстыя, хоць гэтая выправа звычайная. Тым больш сёння чыстыя целы іх».
6 Дык даў яму святар пасвячоны хлеб; бо не было больш там іншага хлеба, апрача хлябоў пакладных, якія былі паднесены перад аблічча Госпада, так што хлябы былі яшчэ цёплыя.
7 А быў там адзін паслугач Саўла, які ў той дзень затрымаўся перад абліччам Госпада; ён называўся Даэг, ідумеец, наймацнейшы з пастухоў Саўла.
8 А Давід сказаў Ахімэлеху: «Можа, маеш тут пад рукой дзіду або меч? Бо меча свайго і зброі сваёй я не ўзяў з сабой, бо справа цара вымушала».
9 І святар сказаў: «Вось, тут толькі меч Галіята, філістынца, якога ты забіў у даліне Тэрэбінітаў; ён закручаны ў плашч і ляжыць па-за эфодам. Калі хочаш яго ўзяць, бяры, бо, апрача яго, няма тут іншага». І сказаў Давід: «Няма тут другога такога; дай яго мне».
10 Такім чынам, устаў Давід, і ў той дзень уцёк ад Саўла, і прыбыў да Ахіса, цара Гета.
11 І сказалі яму паслугачы Ахіса: «Ці ж гэта не Давід, цар той зямлі? Ці ж не яму спявалі карагоды, кажучы: “Саўл пабіў свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”»
12 І Давід занепакоіўся ў сэрцы сваім дзеля слоў гэтых і дужа баяўся Ахіса, цара Гета.
13 І пачаў ён прыкідвацца шалёным перад імі; і біў у брамы, і цякла сліна на бараду яго.
14 І Ахіс сказаў паслугачам сваім: «Ці ж не бачыце, што ён вар’ят? Навошта прывялі яго да мяне?
15 Ці ж не хапае нам шалёных, што вы прывялі гэтага, каб ён вар’яцеў перада мною? Ці ж такога трэба ўводзіць у дом мой?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 21 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.