Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 13 1-я Самуэля 13 раздзел

1 Сын многіх гадоў быў Саўл, калі пачаў цараваць; два гады цараваў над Ізраэлем.
2 І Саўл выбраў сабе тры тысячы ізраэльцаў: і дзве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Бэтэль, а тысяча з Ёнатанам у Габе Бэньяміна, астатні народ ён адпусціў кожнага ў палатку яго.
3 І Ёнатан пабіў дружыну філістынцаў, якая была ў Габе. Пачулі аб гэтым філістынцы; а Саўл абвясціў аб гэтым гукам трубы ва ўсёй зямлі, гаворачы: «Хай пачуюць гебраі!»
4 І ўвесь Ізраэль пачуў гэтую вестку: «Пабіў Саўл дружыну філістынцаў; і Ізраэль стаўся ненавісным для філістынцаў». І сабраўся народ пры Саўле ў Галгале.
5 І філістынцы сабраліся, каб ваяваць супраць Ізраэля: тры тысячы калясніц і тры тысячы коннікаў ды астатняга народу мноства, як пяску на беразе мора. І, выйшаўшы, сталі яны лагерам у Міхмасе на ўсход ад Бэт-Авэна.
6 Калі гэта заўважылі ваяры ізраэльскія, што яны знаходзяцца на вузкім месцы, — бо народ быў вымучаны, — пахаваліся ў пячорах і шчылінах, таксама ў скалах, і ў гротах, і на вадаёмах.
7 А [некаторыя] гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Галаад. І калі Саўл быў яшчэ ў Галгале, увесь народ, які быў пры ім, быў надта напалоханы.
8 І сем дзён чакаў ён адпаведна загаду Самуэля, і Самуэль не прыходзіў у Галгал; і народ стаў адыходзіць ад яго.
9 Такім чынам, сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпалення і ахвяру прымірэння». І склаў ён ахвяру цэласпалення.
10 І калі скончыў складаць ахвяру цэласпалення, вось, прыбыў Самуэль. І выйшаў Саўл яму насустрач, каб яго прывітаць.
11 І Самуэль сказаў яму: «Што ты зрабіў?» Саўл адказаў: «Я вось бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, а ты не прыйшоў у вызначаны час, а філістынцы сабраліся ў Міхмасе,
12 я сказаў: філістынцы цяпер нападуць на мяне ў Галгале, і я не здабыў ласкі ў Госпада. Змушаны неабходнасцю, склаў я ахвяру цэласпалення».
13 І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. О, каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, якія Ён табе даў! Напэўна цяпер замацаваў бы Госпад цараванне тваё над Ізраэлем навекі.
14 Але цяпер цараванне тваё доўга не патрывае. Госпад знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго, і паставіць яго Госпад кіраўніком над народам Сваім, бо ты не выканаў таго, што загадаў табе Госпад».
15 І Самуэль устаў, і пайшоў з Галгала, і падаўся дарогай сваёй. І народ, што застаўся, пайшоў за Саўлам супраць ваяроў, і прыйшоў з Галгала ў Габу Бэньяміна. Саўл палічыў народ, што прыйшоў з ім, і налічыў каля шасцісот чалавек.
16 І Саўл, і сын яго Ёнатан, і народ, які пры іх знаходзіўся, сядзелі ў Габе Бэньяміна. А філістынцы размяшчаліся ў Міхмасе.
17 З лагера філістынцаў выйшлі тры кліны для рабунку: адзін клін накіраваўся на дарогу ў Офру ў зямлю Суал,
18 а другі клін накіраваўся на дарогу ў Бэтарон, а трэці пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Сэбаім да пустыні.
19 А ва ўсёй зямлі Ізраэльскай не было тады аніводнага каваля; бо філістынцы баяліся, каб гебраі не зрабілі часам меча або дзіды.
20 Дык сыходзіліся ўсе ізраэльцы да філістынцаў, каб кожны завастрыў сашнік свой, і матыку, і сякеру, і серп.
21 А цана вастрэння была: за сашнікі і матыкі — дзве часткі сікля, і трэцюю частку сікля — за вастрэнне сякер і за выпраўленне калоў.
22 І калі прыйшоў у Міхмасе час вайны, не знайшлося ані меча, ані дзіды ў руцэ ўсяго народа, які быў з Саўлам і Ёнатанам, за выключэннем Саўла і яго сына Ёнатана.
23 Варта ж філістынская пайшла да перахода каля Міхмаса.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 13 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.