Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 16 1-я Самуэля 16 раздзел

1 І сказаў Госпад Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён не быў царом над Ізраэлем? Напоўні рог свой алеем і ідзі, бо Я пасылаю цябе да Ясэя з Бэтлехэма: бо паміж яго сыноў убачыў Я Сабе цара».
2 І Самуэль кажа: «Як жа я пайду? Бо пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І кажа яму Госпад: «Возьмеш з сабою цялушку са статка ў рукі свае і скажаш: “Пайшоў я скласці ахвяру Госпаду”.
3 І запросіш Ясэя на ахвяру; і Я табе падкажу, што маеш рабіць, і каго маеш памазаць, пакажу табе».
4 І зрабіў Самуэль так, як Госпад яму загадаў, і прыбыў ён у Бэтлехэм. І сустрэлі яго перапалоханыя старэйшыны горада, і пыталіся: «Ці супакойны прыход твой?»
5 І ён сказаў: «Супакойны; прыбыў я, каб скласці ахвяру Госпаду. Асвяціцеся і хадзіце са мною, каб скласці ахвяру». Такім чынам, асвяціў Ясэя і сыноў яго і паклікаў іх на ахвяру.
6 Калі прыйшлі яны, убачыў Самуэль Эліяба і сказаў: «Без сумнення, перад Госпадам намашчэнец Яго!»
7 І Госпад сказаў Самуэлю: «Не глядзі на твар яго, ані на высокі рост яго, бо Я яго не выбраў; Я не вырашаю так, як чалавек: бо чалавек бачыць яўнае, а Госпад бачыць сэрца».
8 І паклікаў Ясэй Абінадаба, і прывёў яго да Самуэля, які сказаў: «І не гэтага выбраў Госпад».
9 Потым прывёў Ясэй Саму, але і яму сказаў Самуэль: «І гэтага не выбраў Госпад».
10 Так прыводзіў Ясэй сем сыноў сваіх да Самуэля, і Самуэль казаў Ясэю: «Не выбраў Госпад нікога з іх».
11 І запытаў Самуэль Ясэя: «Ці гэта ўсе сыны твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасвіць авечак». І кажа Ясэю Самуэль: «Адпусці яго і прывядзі сюды; бо не пачнём застолля, пакуль ён сюды не прыйдзе».
12 Дык паслаў ён па яго і прывеў яго; а быў ён руды і меў прыгожы твар і зграбную постаць. І сказаў Госпад: «Устань, памаж яго: бо гэта той».
13 І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасці братоў яго; і ад таго дня сышоў на Давіда Дух Госпадаў. І Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму.
14 А пакінуў Саўла Дух Госпада, і авалодаў ім дух ліхі ад Госпада.
15 І сказалі яму паслугачы Саўлавы: «Вось, мучыць цябе ліхі дух ад Бога.
16 Гаспадару наш, дай загад, і паслугачы твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, што ўмее граць на гуслях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі, спасланы Госпадам, граў рукою сваёю і супакойваў цябе».
17 І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Знайдзіце мне кагосьці, хто грае добра, і прывядзіце яго да мяне».
18 І адзін з паслугачоў прамовіў у адказ: «Вось, я бачыў сына Ясэя з Бэтлехэма, які ўмее граць, і ён чалавек мужны і вельмі дужы, і разважны ў словах, і разам чалавек прыгожы; і Госпад ёсць з ім».
19 Дык паслаў Саўл пасланцоў да Ясэя, кажучы: «Прышлі да мяне Давіда, сына свайго, які пасвіць статак».
20 І ўзяў Ясэй асла з хлебам, і бурдзюк віна, і адно казляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу.
21 І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім; і Саўл палюбіў яго вельмі, і стаў ён у яго збраяносцам.
22 І паслаў Саўл да Ясэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо знайшоў ласку ў маіх вачах».
23 Такім чынам, калі толькі ліхі дух, спасланы Богам, нападаў на Саўла, Давід браў гуслі і граў рукою сваёю; і Саўлу была палёгка, і ён чуўся лепей: бо адступаўся ад яго ліхі дух.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 16 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.