Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 18 1-я Самуэля 18 раздзел

1 І сталася, калі Давід скончыў размову з Саўлам, што душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.
2 І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе і не адпускаў яго, каб ён вярнуўся ў дом бацькі свайго.
3 Завязалася ж у Ёнатана з Давідам сяброўства; бо палюбіў ён яго, як сваю душу.
4 І зняў з сябе Ёнатан шаты, у якія быў апрануты, і аддаў іх Давіду, і астатняе адзенне сваё, і нават меч і лук свой, і нават пояс.
5 І хадзіў Давід па ўсё, па што пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў поспех; і паставіў яго Саўл над ваярамі, і падабаўся ён усім людзям, а таксама паслугачам Саўла.
6 Затым, калі вярталіся ваяры, калі вяртаўся Давід, ударыўшы філістынца, выйшлі жанчыны з песнямі і танцамі насустрач цару Саўлу, з тымпанамі, і песнямі радаснымі, і з трашчоткамі.
7 І спявалі жанчыны, радуючыся і кажучы: «Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід свае дзесяткі тысяч».
8 Дык Саўл надта ўзлаваўся, і не падабаліся яму гэтыя словы, і сказаў ён: «Давіду даюць дзесяткі тысяч, а мне даюць толькі тысячы; чаго яму не хапае, акрамя царавання?»
9 Ад таго дня і далей глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.
10 А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, спасланы Богам, і ён шалеў у доме сваім; а Давід, як штодзень, граў рукою сваёю, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.
11 І кінуў ён дзіду, думаючы, што можа прыбіць Давіда да сцяны; але Давід ухіліўся, і было так двойчы.
12 І баяўся Саўл Давіда, бо Госпад быў з ім, а ад яго адвярнуўся.
13 Дык адсунуў Саўл яго ад сябе і прызначыў яго кіраўніком над тысячай чалавек; і ён хадзіў і вяртаўся на вачах у народа.
14 Таксама на ўсіх шляхах сваіх дзейнічаў Давід паспяхова, і Госпад быў з ім.
15 І ўбачыў Саўл, што дзейнічае ён вельмі паспяхова, і стаў дрыжаць перад ім;
16 увесь жа народ Ізраэля і Юды любіў Давіда, бо ён хадзіў і вяртаўся на вачах іх.
17 А Саўл сказаў Давіду: «Вось, маю я старэйшую дачку Мэраб, дам яе табе за жонку; але будзь у мяне мужным чалавекам і вядзі войны Госпада». А Саўл думаў, кажучы: «Калі не мая рука на яго ляжа, то хай будзе на ім рука філістынцаў».
18 А Давід сказаў Саўлу: «Хто я, або якое жыццё маё, або які род бацькі майго ў Ізраэлі, каб быць мне зяцем цара?»
19 Але калі наблізіўся час аддаць Мэраб, дачку Саўла, Давіду, аддадзена была яна за жонку Гадрыэлю з Мэхолы.
20 Але другая дачка Саўла, Міхол, пакахала Давіда, і было пра гэта сказана Саўлу, і спадабалася гэта яму;
21 і сказаў Саўл: «Аддам яму яе, каб была яна яму на загубу і каб была на ім рука філістынцаў». Такім чынам, другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёння будзеш маім зяцем».
22 І загадаў Саўл паслугачам сваім: «Пагаварыце з Давідам таемна, кажучы яму: “Вось, ты падабаешся цару, і ўсе яго паслугачы любяць цябе; дык будзь зараз зяцем цара”».
23 І гаварылі ўсе гэтыя словы паслугачы Саўла ў вушы Давіда, і Давід сказаў: «Ці ж вам здаецца, што я раўня быць зяцем цара? Я ж чалавек бедны і нязначны».
24 І паведамілі паслугачы Саўлу: «Вось гэтак сказаў Давід».
25 А Саўл сказаў: «Вось, кажучы, так скажыце Давіду: “Цар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто крайніх плоцяў філістынскіх, каб адпомсціць ворагам цара”». Саўл бо думаў выдаць Давіда ў рукі філістынцаў.
26 Калі паслугачы цара пераказалі Давіду словы, якія сказаў Саўл, спадабалася гэтая прамова Давіду, каб стацца зяцем цара.
27 І яшчэ не скончыліся прызначаныя дні, калі Давід пайшоў з ваярамі сваімі і забіў дзвесце філістынцаў, і прынёс крайнія плоці іх, і адлічыў іх цару, каб быць яго зяцем. І аддаў Саўл дачку сваю Міхол за жонку яму.
28 І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што Госпад ёсць з Давідам, а Міхол, дачка Саўла, кахала яго.
29 І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда; і стаўся Саўл ворагам Давіду на ўсё жыццё.
30 А кіраўнікі філістынцаў выходзілі ваяваць; але колькі разоў нападалі яны, Давід з поспехам перамагаў іх лепш, чым усе паслугачы Саўла, і вельмі слаўным сталася імя яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.