Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 2 1-я Самуэля 2 раздзел

1 І Ганна малілася і казала: «Радуецца сэрца маё ў Госпадзе, узняўся рог мой у Богу маім; адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо ўзвесялілася я ў збаўленні Тваім.
2 Ніхто не святы так, як Госпад; бо няма нікога іншага, апроч Цябе, ніхто не магутны, як наш Бог.
3 Перастаньце гаварыць, услаўляючы фанабэрыстае. Хай спыніцца пыхлівасць вуснаў вашых, бо Бог ёсць Госпад ведаў і Ім ацэньваюцца ўчынкі.
4 Лук моцных зламаўся, а кволыя набраліся сілы.
5 Раней сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя больш не жывуць у нястачы. Бясплодная нараджае шмат разоў, а тая, што мела многа сыноў, — завяла.
6 Госпад дае смерць і жыццё, укідае ў пекла і з яго выцягвае.
7 Госпад робіць бедным і багатым, робіць пакорлівым і ўзвышае;
8 Ён выцягвае беднага з гною і са смецця падымае няшчаснага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо Госпадавы — асновы зямлі, на іх Ён паставіў зямлю.
9 Зберажэ Ён ногі святых Сваіх, бязбожнікі ж у цемры сціхаюць, бо не сваёю сілаю чалавек дужы.
10 Госпад знішчыць супраціўнікаў Сваіх; загрыміць на іх у нябёсах. Госпад будзе судзіць увесь свет, і дасць уладу Валадару Свайму, і ўзвысіць дух Свайго Памазанца».
11 І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык быў паслугачом перад абліччам Госпада пад наглядам Гэлі, святара.
12 А сыны Гэлі, сыны Бэліяла, не ведалі Госпада,
13 ані абавязка святарскага адносна народа, але калі хто складаў ахвяру, то прыходзіў паслугач святара з трохзубым відэльцам ў руцэ сваёй і, калі варылася мяса,
14 запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску і ўсё, што выцягваў відэльцам, забіраў сабе святар. Так паступалі з усімі ізраэльцамі, што прыходзілі ў Сіло.
15 Нават яшчэ не спалілі яны тлушч, а ўжо прыходзіў паслугач святара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, каб я прыгатаваў яго святару; бо ён не прыме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».
16 І казаў яму той, хто складаў ахвяру: «Спачатку хай сёння, згодна звычаю, згарыць тлушч, і тады возьмеш сабе, што душа твая пажадае». Ён, адказваючы, гаварыў яму: «Ніякім чынам; ты аддасі зараз, а калі не, забяру сілай».
17 І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад Госпадам, бо зневажалі яны ахвяры Госпадавы.
18 Самуэль жа служыў перад абліччам Госпада, як паслугач, апрануты ў ільняны эфод.
19 І маці яго шыла яму малую туніку, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам сваім, каб скласці ахвяру гадавую.
20 І дабраславіў Гэлі Элькану і жонку яго, і казаў: «Хай дасць табе Госпад нашчадкаў ад гэтай жонкі за просьбу, аб якой папрасіла яна Госпада». І яны вярталіся ў свой дом.
21 І наведаў Госпад Ганну, і яна пачала і нарадзіла трох сыноў і дзве дачкі. А юнак Самуэль рос пры Госпадзе.
22 А Гэлі быў надта стары і чуў ён усё, што рабілі сыны яго адносна ўсіх ізраэльцаў і як яны спалі з жанчынамі, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы,
23 і сказаў ён ім: «Чаму робіце вы такія рэчы, аб якіх я чую, найгоршыя рэчы, ад усяго народа?
24 Перастаньце, сыны мае; не добрая бо гэта слава, пра якую я чую, што разбэшчваеце вы народ перад Госпадам.
25 Калі зграшыць чалавек супраць чалавека, суддзёю яму можа быць Бог; але калі супраць Госпада зграшыць чалавек, то хто заступіцца за яго?» Але яны не слухалі голасу бацькі свайго, бо Госпад вырашыў аддаць іх на смерць.
26 Юнак жа Самуэль рос і вырастаў, і падабаўся як Госпаду, так і людзям.
27 Прыйшоў да Гэлі чалавек Божы і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Ці Я не аб’явіўся адкрыта ў доме бацькі твайго, калі быў ён у Егіпце, у доме фараона?
28 І паміж усіх пакаленняў Ізраэля выбраў яго Сабе ў святары, каб прыходзіў да ахвярніка Майго і спальваў для Мяне ахвяру, і насіў перад абліччам Маім эфод; і Я даў дому бацькі твайго ўсё з ахвяр сыноў Ізраэля.
29 Чаму вы топчаце пятою Маю ахвяру і Мае дары, якія Я ўстанавіў, каб складаць іх у святыні, і ты больш паважаў сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на пяршынях ахвярапрынашэнняў Ізраэля, народа Майго?”
30 Акрамя таго, кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Гаворачы, сказаў Я, каб твой дом і дом бацькі твайго служыў перад абліччам Маім у векі. Але цяпер, кажа Госпад, гэтак не будзе ў Мяне. А кожны, хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.
31 Вось, прыходзяць дні, і Я адсяку руку тваю і руку дому бацькі твайго, каб не было старца ў доме тваім.
32 І ты будзеш бачыць бедства святыні Маёй, пры ўсім тым, што Госпад дабрачыніць Ізраэлю; і ў доме тваім не будзе старога ва ўсе часы.
33 Аднак Я не адкіну цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго; каб аслабелі вочы твае, і ссохла душа твая, і загіне вялікая частка дому твайго, калі дажыве да дарослых гадоў.
34 Гэта ж табе знак, што станецца з тваімі абодвума сынамі, з Хофні і Пінхасам: абодва ў адзін дзень памруць.
35 І я пастаўлю Сабе святара вернага, які па волі сэрца Майго і па волі душы Маёй будзе рабіць; і пастаўлю яму дом цвёрды, і ён будзе хадзіць перад Памазанцам Маім усе дні.
36 А будзе, што кожны, хто застанецца ў доме тваім, прыйдзе, каб упакорыцца перад ім дзеля срэбранай манеты і дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: “Даруй мне, прашу, хоць які абавязак святарскі, каб мог я з’есці лусту хлеба”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.