Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 2 1 Самуэля 2 раздзел

1 І Ганна малілася, і казала: “Радуецца сэрца маё ў ГОСПАДЗЕ, узьняўся рог мой у Богу маім. Адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо радуюся я ў збаўленьні Тваім.
2 Ніхто не сьвяты так як ГОСПАД, бо няма нікога іншага, апроч Цябе. Ніхто не магутны, як Бог наш.
3 Не памнажайце словаў фанабэрыстых. Няхай спыніцца пыхлівасьць вуснаў вашых, бо ГОСПАД ёсьць Бог [усякіх] ведаў, Ён судзіць усе ўчынкі.
4 Лук волатаў ломіцца, а слабыя набіраюцца сілы.
5 Тыя, што былі насычаныя, наймаюцца за хлеб, а галодныя хлеба не патрабуюць, бясплодная нараджае сем разоў, а тая, што мела шмат сыноў — саслабела.
6 ГОСПАД дае сьмерць і жыцьцё, кідае ў адхлань і выцягвае з яе.
7 ГОСПАД робіць бедным і багатым, паніжае і ўзвышае.
8 Ён выцягвае беднага з балота, і са сьмецьця падымае ўбогага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо ГОСПАДА асновы зямлі, на іх Ён паставіў сусьвет.
9 Ён захоўвае крокі сьвятых Сваіх, а бязбожнікі ў цемры зьнікаюць, бо ня сілаю сваёю перамагае чалавек.
10 ГОСПАД зьнішчае супраціўнікаў Сваіх, грыміць на іх у нябёсах. ГОСПАД будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць уладу валадару Свайму, і ўзвысіць рог памазанца Свайго».
11 І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык застаўся служыць ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія сьвятара.
12 А сыны Гэлія [былі] як сыны Бэліяла, і ня ведалі яны ані ГОСПАДА,
13 ані абавязак сьвятарскі адносна народу, але калі нехта складаў ахвяру крывавую, прыходзіў слуга сьвятара з трызубым відэльцам у руцэ і, калі варылася мяса,
14 запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску, і ўсё, што выдабыў відэльцам, забіраў сабе сьвятар. Так рабілі з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі ў Шыло.
15 І нават яшчэ ня быў спалены тлушч, а ўжо прыходзіў слуга сьвятара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, а я сьпяку яго сьвятару, бо ён ня прыйме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».
16 І казаў яму той, што складаў ахвяру: «Дазволь спаліць тлушч, а тады возьмеш сабе, што душа твая зажадае». [Слуга] адказваў яму: «Ніякім чынам. Давай цяпер; а калі не, забяру сілай».
17 І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад абліччам ГОСПАДА, бо яны зьневажалі ахвяры ГОСПАДУ.
18 А Самуэль служыў перад абліччам ГОСПАДА як хлопец, апрануты ў ільняны эфод.
19 Маці ягоная шыла яму малую шату, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам скласьці ахвяру штогадовую.
20 І дабраславіў Гэлій Элькану і жонку ягоную, кажучы: «Няхай дасьць табе ГОСПАД нашчадкаў з гэтай жонкі ў замену за ўпрошанага, якога ты аддаў ГОСПАДУ». І яны варочаліся ў дом свой.
21 І паспагадаў ГОСПАД Ганьне, і яна зачала, і нарадзіла трох сыноў і дзьве дачкі. А юнак Самуэль рос пры ГОСПАДЗЕ.
22 Гэлій быў ужо вельмі стары. І чуў ён усё, што рабілі сыны ягоныя адносна ўсіх Ізраільцянаў, як яны спалі з жанчынамі, якія зьбіраліся пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня.
23 І сказаў ён ім: «Чаму дапускаецеся вы такіх учынкаў, бо я чую пра ліхія справы вашыя ад усяго народу?
24 Спыніцеся, сыны мае. Нядобрая гэта слава, пра якую я чую. Вы разбэшчваеце народ ГОСПАДА.
25 Калі саграшыць чалавек супраць чалавека, судзьдзёю яму можа быць Бог. Але калі супраць ГОСПАДА саграшыць чалавек, хто заступіцца за яго?» Але яны ня слухалі перасьцярогі бацькі свайго, бо ГОСПАД вырашыў аддаць іх на сьмерць.
26 А юнак Самуэль рос, і падабаўся як ГОСПАДУ, так і людзям.
27 І прыйшоў да Гэлія чалавек Божы, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Ці ж Я не зьявіўся дому бацькі твайго, калі былі яны ў Эгіпце ў доме фараона?
28 Спаміж усіх пакаленьняў Ізраіля Я выбраў іх Сабе на сьвятароў, каб прыходзілі да ахвярніка Майго складаць ахвяры каджэньня і насіць перад абліччам Маім эфод. Я даў для дому бацькі твайго ўсе ахвяры сыноў Ізраіля.
29 Чаму вы топчаце нагамі ахвяры Мае крывавыя і ахвяры хлебныя, якія Я ўстанавіў, каб яны былі складаныя ў сьвятыні. Ты больш шануеш сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на найлепшых частках з усіх дароў Ізраіля, народу Майго”.
30 Дзеля гэтага кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я з моцай казаў дому бацькі твайго, што будуць яны служыць перад абліччам Маім на вякі. Але цяпер, кажа ГОСПАД, гэтак ня будзе ў Мяне. Цяпер так будзе: хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зьневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.
31 Вось, прыходзяць дні, у якія Я адсяку рамяно тваё і рамяно дому бацькі твайго, каб не было старога ў доме тваім.
32 Ты будзеш бачыць бедства сьвятыні Маёй, [нават] калі ГОСПАД будзе рабіць добрае Ізраілю, і ў доме тваім ня будзе старога ў-ва ўсе часы.
33 Аднак Я не забяру цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго, каб выцяклі вочы твае і ссохла душа твая, але загіне большая частка дому твайго.
34 І вось, будзе табе знак, які станецца з абодвума сынамі тваімі, з Хофні і Пінхасам, абодва ў адзін дзень памруць.
35 А Я пастаўлю Сабе сьвятара вернага, які паводле сэрца Майго і паводле душы Маёй будзе рабіць. І пастаўлю яму дом цьвёрды, і ён будзе хадзіць перад памазанцам Маім усе дні.
36 І будзе, што той, хто яшчэ застанецца ў доме тваім, прыйдзе і ўпакорыцца перад ім дзеля срэбнай манэты або дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: "Дай мне хоць які абавязак сьвятарскі, каб я мог зьесьці лусту хлеба"”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 2 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.