Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 30 1 Самуэля 30 раздзел

1 І сталася, калі Давід і людзі ягоныя вярталіся ў Цыкляг, на трэці дзень Амалекцы напалі на Нэгеў і Цыкляг, і здабылі Цыкляг, і спалілі агнём,
2 і забралі яны ў палон жанчынаў, якія ў ім былі, ад найменшай да найбольшай, але не забілі нікога, і павялі з сабою, і вярталіся дарогай сваёй.
3 І прыйшоў Давід з людзьмі сваімі ў горад, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны, і дочкі забраныя ў няволю.
4 І загаласілі Давід і народ, які быў з ім, і плакалі яны, аж пакуль ім хапіла сілаў для плачу.
5 І ўзялі ў палон абедзьвух жонак Давіда, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонку Наваля з Кармэлю.
6 І Давід быў вельмі стрывожаны, і хацеў народ яго ўкаменаваць, бо горыч была ў душы кожнага дзеля сыноў іхніх і дачок іхніх. Але Давід набраў сілы ў ГОСПАДЗЕ, Богу сваім,
7 і сказаў Давід сьвятару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.
8 І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці гнацца за гэтай ардою? І ці я даганю іх?» І сказаў яму [Госпад]: «Ганіся! Бо, даганяючы, дагоніш [іх] і адбярэш [здабычу]».
9 І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, і дайшлі да ручая Бэсор, і тыя, што змучыліся, затрымаліся.
10 І перасьледаваў Давід і чатырыста чалавек, а дзьвесьце спыніліся, бо былі змучаныя і не маглі перайсьці праз ручай Бэсор.
11 І знайшлі яны ў полі чалавека Эгіпцяніна, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён зьеў, і далі яму вады напіцца.
12 І далі яму таксама кавалак сушаных фігаў і дзьве гронкі разынак. І ён зьеў, і вярнуўся да яго дух ягоны, бо ён ужо тры дні і тры ночы ня еў хлеба і ня піў вады.
13 І сказаў яму Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў: «Я — малады Эгіпцянін, слуга Амалекца. Кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.
14 Мы напалі на Нэгеў Керэтаў, і на Нэгеў Юды, і на Нэгеў Халева, і Цыкляг спалілі агнём».
15 І сказаў яму Давід: «Завядзеш мяне да той арды?» Ён сказаў: «Прысягні мне на Бога, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я завяду цябе да той арды».
16 І ён павёў яго. І вось, тая [арда] разыйшлася па абліччы ўсёй зямлі, елі і пілі, і сьвяткавалі дзеля вялікай здабычы, сабранай у зямлі Філістынскай і ў зямлі Юды.
17 І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечару наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.
18 І зьвярнуў Давід усё, што забралі Амалекцы, і вызваліў абедзьвух жонак сваіх.
19 І ніхто ў іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, са здабычы і з усяго, што тыя нарабавалі; усё забраў Давід назад.
20 І ўзяў Давід усе авечкі і быдла, і гналі іх перад ім, і казалі: «Вось здабыча Давіда!»
21 І прыйшоў Давід да тых двухсот чалавек, што былі змучаныя і не маглі ісьці з Давідам, і засталіся каля ручая Бэсор. І выйшлі яны насустрач Давіду і людзям, якія з ім, і падыйшоў да іх Давід, і прывітаў іх з мірам.
22 І адказалі ўсе людзі ліхія, [сыны] Бэліяла спасярод людзей, што хадзілі з Давідам, і сказалі: «Тым, якія не пайшлі разам з намі, не давай здабычу, якую мы забралі. Няхай яны забяруць толькі жонак сваіх і сыноў сваіх, і няхай ідуць».
23 І сказаў Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам ГОСПАД. Ён захаваў нас, і аддаў арду гэтую, якая на нас напала, у рукі нашыя.
24 Хто паслухае вас у гэтай справе? Будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў табары, роўна будзе падзелена».
25 Ад гэтага дня сталася гэта пастановай, і звычаем, і прысудам для Ізраільцянаў аж па сёньняшні дзень.
26 І прыйшоў Давід у Цыкляг, і паслаў ён частку здабычы старшыням Юды, сябрам сваім, кажучы: «Гэта для вас дар са здабычы на ворагах ГОСПАДА».
27 І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нэгэве, і тым, што ў Яттыры,
28 і тым, што ў Араэры, і тым, што ў Сіфмоце, і тым, што ў Эштэмоа,
29 і тым, што ў Ракалі, і ў гарадах Ерахмээльцаў, і ў гарадах Кенэяў,
30 і тым, што ў Харме, Бор-Ашане і Атаху,
31 і тым, што ў Хеўроне, і ў-ва ўсе месцы, дзе праходзіў Давід і людзі ягоныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 30 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.