Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 14 1 Самуэля 14 раздзел

1 Аднаго дня Ёнатан, сын Саўла, сказаў юнаку, які насіў зброю ягоную: «Хадзем, падыйдзем да варты Філістынцаў, якая насупраць». А бацьку свайму не сказаў пра гэта.
2 А Саўл сядзеў каля мяжы Гівы пад дрэвам гранатовым у Мігроне. Пры ім быў народ у ліку шэсьцьсот чалавек.
3 І Ахія, сын Ахітува, брата Іхавода, сына Пінхаса, сына Гэлія, сьвятара ГОСПАДА ў Шыло, насіў тады эфод. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.
4 Паміж узвышшамі, якія хацеў прайсьці Ёнатан, каб дабрацца да варты Філістынцаў, на адным і другім баку былі скалы, з якіх адна называлася Бацэц, а другая Сэннэ.
5 Адна скала ўзьнімалася на поўначы насупраць Міхмашу, а другая — на поўдні насупраць Гівы.
6 І сказаў Ёнатан юнаку, збраяносцу свайму: «Хадзем, падыйдзем да варты гэтых неабрэзаных. Можа, ГОСПАД дапаможа нам, бо ГОСПАДУ ня цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх».
7 Збраяносец сказаў яму: «Рабі ўсё, што ў сэрцы тваім. Ідзі, куды хочаш, вось, я з табою паводле намеру сэрца твайго».
8 Кажа яму Ёнатан: «Вось, мы падыйдзем да гэтых людзей і пакажамся ім.
9 Калі яны скажуць нам: “Стойце, пакуль мы падыйдзем да вас”, мы будзем стаяць на месцы сваім і ня будзем падыходзіць да іх.
10 А калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, мы пойдзем, бо выдаў іх ГОСПАД у рукі нашыя. Гэта будзе нам знакам».
11 І паказаліся яны абодва варце Філістынцаў. І сказалі Філістынцы: «Вось, Гебраі выходзяць з пячораў, у якіх яны схаваліся».
12 І людзі з варты зьвярнуліся да Ёнатана і слугі ягонага, кажучы: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан слузе свайму: «Ідзі за мною, бо ГОСПАД аддаў іх у рукі Ізраіля».
13 І так узлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, а збраяносец ягоны за ім. І падалі ворагі перад Ёнатанам, а збраяносец ягоны дабіваў іх, ідучы за ім.
14 І была гэта першая параза, калі Ёнатан і збраяносец ягоны забілі каля дваццаці чалавек на палове палетка, які [пара валоў] за дзень заарэ.
15 І ахапіў страх табар у полі і ўвесь народ; варта і аддзелы, што ішлі, каб пустошыць, аслупянелі. І задрыжэла зямля, і ахапіў іх страх вялікі.
16 І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Гіве Бэн’яміна, убачылі, што мноства людзей кідаліся туды і сюды, уцякаючы.
17 І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» І праверылі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.
18 І сказаў Саўл Ахію: «Прынясі Каўчэг Божы». Бо быў Каўчэг Божы ў той дзень у сыноў Ізраіля.
19 І калі Саўл размаўляў са сьвятаром, у табары Філістынцаў замяшаньне яшчэ больш узрастала і пашыралася. І сказаў Саўл сьвятару: «Апусьці руку тваю».
20 І склікаў Саўл усіх людзей, якія з ім, і яны пайшлі на [месца] бою. І вось, [там] меч кожнага быў зьвернуты супраць бліжняга свайго, і замяшаньне было вялікае.
21 І Гебраі, якія былі з Філістынцамі ўчора і пазаўчора і якія прыйшлі з імі ў табар з ваколіцаў, папераходзілі да Ізраільцянаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам.
22 І ўсе іншыя Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што Філістынцы ўцякаюць, далучыліся да сваіх у баі.
23 І збавіў ГОСПАД у той дзень Ізраіля. А бой ішоў аж да Бэт-Авэну.
24 І былі Ізраільцяне змучаныя ў той дзень, а Саўл запрысяг народ, кажучы: «Няхай будзе пракляты чалавек, які будзе есьці хлеб перад вечарам, пакуль я не адпомшчу ворагам сваім!» І ўвесь народ не пакаштаваў хлеба.
25 І ўвесь народ увайшоў у лес, а там быў мёд на паляне.
26 І ўвайшоў народ у лес, і вось, сьцякае мёд, але ніхто ня выцягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо баяўся народ прысягі.
27 А Ёнатан ня чуў, як бацька ягоны зьвязаў народ прысягай. І выцягнуў ён канец кія, які [быў] у руцэ ягонай, і ткнуў ім у плястар мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы ягоныя заясьнелі.
28 І адказаў з народу, і сказаў: «Бацька твой запрысяг народ, кажучы: “Пракляты чалавек, які сёньня будзе есьці хлеб”. А народ вельмі змучаны».
29 І сказаў Ёнатан: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як заясьнелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў мёду гэтага.
30 Калі б народ падсілкаваўся сёньня са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў, большай была б параза Філістынцаў».
31 У той дзень білі яны Філістынцаў ад Міхмашу аж да Аялону, хоць народ быў вельмі змучаны.
32 І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю.
33 І паведамілі Саўлу, кажучы: «Народ грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы [мяса] з крывёю» Ён сказаў: «Вы дапусьціліся ліхоты. Прыкаціце да мяне вялікі камень».
34 І сказаў Саўл: «Разыйдзіцеся між людзей і скажыце ім: “Няхай прывядзе да мяне кожны вала свайго або барана і заб’е яго на гэтым камяні, і будзе есьці, і ня будзе грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы разам з крывёю”». І ўвесь народ прыводзіў, што меў у руцэ сваёй у тую ноч, і забівалі там.
35 І пабудаваў Саўл ахвярнік ГОСПАДУ. Гэта быў першы ахвярнік, які ён пабудаваў ГОСПАДУ.
36 І сказаў Саўл: «Нападзем на Філістынцаў уначы, і зьнішчым іх да сьвятла раніцы, і не пакінем з іх аніводнага». І [народ] сказаў: «Усё, што добрае ў вачах тваіх, рабі». А сьвятар сказаў: «Наблізімся тут да Бога».
37 І пытаўся Саўл у Бога: «Ці ісьці ў пагоню за Філістынцамі? Ці Ты аддасі іх у рукі Ізраіля?» І не адказаў яму [Бог] у той дзень.
38 І сказаў Саўл: «Зьбярыцеся сюды, усе начальнікі народу, і даведайцеся, і пабачце, хто ўчыніў грэх у гэты дзень.
39 Бо, як жывы ГОСПАД, Збаўца Ізраіля, хоць бы праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, няхай сьмерцю памрэ». І ніхто з усяго народу не запярэчыў яму.
40 І сказаў ён усяму Ізраілю: «Вы станьце з аднаго боку, а я і Ёнатан, сын мой, станем з другога». І сказаў народ Саўлу: «Што добрае ў вачах тваіх, рабі».
41 І сказаў Саўл ГОСПАДУ: «Божа Ізраіля, пакажы беззаганнага». І выяўлены былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў [бязьвінным].
42 І сказаў Саўл: «Кідайце жэрабя паміж мною і сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана.
43 І сказаў Саўл Ёнатану: «Скажы мне, што ты зрабіў?» І Ёнатан адказаў, і сказаў: «Я пакаштаваў канцом кія, які ў руцэ маёй, крыху мёду, і вось, мушу памерці».
44 І сказаў Саўл: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і тое дадасьць, ты павінен памерці, Ёнатане».
45 І сказаў народ Саўлу: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такую вялікую перамогу Ізраілю? Няхай гэта будзе далёка [ад нас]! Як жывы ГОСПАД, не спадзе на зямлю і волас з галавы ягонай, бо ён сёньня дзейнічаў з Богам». І народ абараніў Ёнатана, і ён не памёр.
46 І вярнуўся Саўл з пагоні за Філістынцамі, і яны пайшлі ў сядзібы свае.
47 А Саўл, умацаваў валадараньне сваё над Ізраілем і ваяваў наўкола з усімі ворагамі сваімі: з Маавам, з сынамі Амона, з Эдомам, з валадаром Цобы і Філістынцамі. І куды толькі ён паварочваўся, усюды перамагаў.
48 І ён дзейнічаў мужна, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраіля з рук тых, якія рабавалі яго.
49 Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Малькішуа. А імёны дзьвюх дочак ягоных: імя старэйшай — Мэраб, а імя малодшай — Міхаль.
50 А імя жонкі Саўла — Ахіноам, дачка Ахімааца. А імя начальніка войска ягонага — Абнэр, сын Нэра, дзядзькі Саўла.
51 А Кіш, бацька Саўла, і Нэр, бацька Абнэра, [былі] сынамі Абіэля.
52 І ў-ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з Філістынцамі. І калі бачыў Саўл нейкага магутнага чалавека, здольнага да бою, забіраў яго да сябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 14 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.