Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 22 1 Самуэля 22 раздзел

1 І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адулям. І пачулі [пра гэта] браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўсе пайшлі за ім туды.
2 І сабраліся да яго ўсе пакрыўджаныя, і тыя, што мелі даўгі, і засмучаныя ў духу, і ён стаўся іх правадыром. І было з ім каля чатырох сотняў чалавек.
3 Адтуль пайшоў Давід у Міцпу, якая ў Мааве, і сказаў валадару Мааву: «Дазволь жыць у вас бацьку майму і маці маёй, пакуль выявіцца, што Бог зробіць са мною».
4 І ён прывёў іх перад аблічча валадара Мааву, і яны заставаліся ў яго ўсе дні, калі Давід хаваўся ва ўмацаваным месцы.
5 І сказаў прарок Гад Давіду: «Не заставайся ва ўмацаваным месцы, але зьбярыся і ідзі ў зямлю Юды». І вырушыў Давід, і прыйшоў у лес Хэрэт.
6 І пачуў Саўл, што заўважаны Давід і людзі, якія з ім. А Саўл сядзеў тады ў Гіве пад тамарыскам на ўзгорку, і дзіда была ў руцэ ягонай, а ўсе слугі ягоныя атачалі яго.
7 І сказаў Саўл слугам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэн’яміна! Ці ж сын Есэя дасьць вам усім палі і вінаграднікі? Ці ж вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,
8 што вы запрысягліся супраць мяне. Ніхто не паведаміў у вушы мае пра запавет сына майго з сынам Есэя. Ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў у вушы мае, што сын мой узбудзіў слугу майго супраць мяне, каб ён зрабіў засаду на мяне як гэта [дзеецца] сёньня».
9 І адказаў Даэг Эдомец, які стаяў між слугамі Саўла, і сказаў: «Я бачыў сына Есэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітува.
10 І ён пытаўся ў ГОСПАДА дзеля яго, і даў яму ежу, і даў яму меч Галіята Філістынца».
11 І паслаў валадар, каб паклікалі сьвятара Ахімэлеха, сына Ахітува, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, якія ў Нобе. І ўсе яны прыйшлі да валадара.
12 І сказаў Саўл: «Слухай, сыне Ахітува!» Ён сказаў: «Вось я, гаспадару мой».
13 І сказаў яму Саўл: «Чаму запрысягліся вы супраць мяне, ты і сын Есэя, і даў ты яму хлябы і меч, і пытаўся дзеля яго ў Бога, каб ён паўстаў супраць мяне, як гэта [дзеецца] сёньня?»
14 І адказаў валадару Ахімэлех, і сказаў: «Хто спасярод слугаў тваіх ёсьць так верны як Давід, зяць валадара? Ён стаіць на чале варты тваёй і шанаваны ў доме тваім.
15 Ці ж толькі сёньня я пытаўся дзеля яго ў Бога? Ніякім чынам! Няхай валадар не закідвае ў гэтай справе слузе твайму і ўсяму дому бацькі майго, бо слуга твой нічога ня ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».
16 І сказаў валадар: «Ты сьмерцю памрэш, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».
17 І загадаў валадар слугам, якія атачалі яго: «Ідзіце і забіце сьвятароў ГОСПАДА, бо рука іхняя з Давідам, бо яны ведалі, што ён уцякае, і не паведамілі ў вушы мае». Але слугі валадара не хацелі падняць рукі сваёй на сьвятароў ГОСПАДА.
18 І сказаў валадар Даэгу: «Ты ідзі і забі сьвятароў». І Даэг Эдомец падыйшоў да сьвятароў, і забіў у той дзень восемдзясят пяць чалавек, апранутых у ільняны эфод.
19 І напаў Саўл на сьвятарскі горад Ноб, і вострывам мяча пазабіваў мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.
20 І ўратаваўся [толькі] адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітува, на імя Абіятар, і ён уцёк да Давіда.
21 І Абіятар паведаміў Давіду, што Саўл забіў сьвятароў ГОСПАДА.
22 І сказаў Давід Абіятару: «Я ведаў у той дзень, калі быў там Даэг Эдомец, што ён паведаміць пра гэта Саўлу. Я вінаваты ў-ва ўсіх душах дому бацькі твайго.
23 Заставайся са мною, ня бойся! Хто шукае душы маёй, той шукае душы тваёй, але са мною ты будзеш выратаваны».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 22 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.