Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 27 1 Самуэля 27 раздзел

1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: «У нейкі дзень я загіну ад рукі Саўла. Ці ня лепш мне схавацца ў зямлі Філістынцаў, каб кінуў Саўл шукаць мяне ў-ва ўсіх межах Ізраіля, і я ўхілюся ад рук ягоных».
2 І ўстаў Давід, і пайшоў ён і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, да Ахіша, сына Маоха, валадара Гату.
3 І жыў Давід у Ахіша ў Гаце, ён і людзі ягоныя, кожны з домам сваім, Давід з дзьвюма жонкамі сваімі, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.
4 І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гат, і ён кінуў шукаць яго.
5 І сказаў Давід Ахішу: «Калі я маю ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог жыць там. Навошта слуга твой мае жыць з табою ў горадзе валадара?»
6 І даў яму Ахіш у той дзень Цыкляг, і таму Цыкляг [стаўся] горадам валадароў Юдэйскіх аж да гэтага дня.
7 І быў лік дзён, калі Давід жыў у зямлі Філістынцаў, год і чатыры месяцы.
8 І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і нападаў на Гешурцаў, на Гізрэяў і на Амалека, бо гэтыя народы жылі на зямлі пры дарозе на Шур і аж да зямлі Эгіпецкай.
9 І пустошыў Давід тую зямлю, не пакідаючы жывымі ані мужчыны, ані жанчыны, і забіраў авечак, валоў, аслоў, вярблюдаў і адзеньне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіша.
10 І казаў Ахіш: «На каго нападалі вы сёньня?» А Давід казаў: «На Нэгеў Юдэйскі і на Нэгеў Ерхамээля, і на Нэгеў Кенэйскі».
11 Ані мужчыны, ані жанчыны не пакідаў пры жыцьці Давід, каб прыводзіць іх у Гат, бо казаў ён: «Каб не паведамілі пра нас, кажучы: “Гэта зрабіў Давід”». І гэткія былі справы ягоныя ў-ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне Філістынцаў.
12 І давяраў Ахіш Давіду, кажучы: «Стаўся ён зьненавіджаны ў народзе сваім, Ізраілі, і будзе ён мне слугою вечна».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 27 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.