Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 5 1 Самуэля 5 раздзел

1 А Філістынцы ўзялі Каўчэг Божы і занесьлі яго з Эбэн-Гаэзэру ў Ашдод.
2 І ўзялі Філістынцы Каўчэг Божы, і занесьлі яго ў сьвятыню Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
3 Калі на другі дзень Ашдодцы ўсталі рана, вось, Дагон ляжаў абліччам на зямлі перад Каўчэгам Божым. І паднялі яны Дагона, і паставілі на месца ягонае.
4 На другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі, што Дагон зноў ляжыць абліччам сваім на зямлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, а галава Дагона і дзьве далоні рук ягоных адсечаныя ляжаць на парозе, і толькі тулава Дагона засталося пры ім.
5 Таму сьвятары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у дом Дагона, не ступаюць на парог Дагона ў Ашдодзе па сёньняшні дзень.
6 І рука ГОСПАДА зацяжэла над жыхарамі Ашдоду, і напалохала іх, і пакараў Ён балячкамі як Ашдод, так і ваколіцы ягоныя.
7 І людзі Ашдоду ўбачылі гэта, і сказалі: «Няхай не застаецца Каўчэг Божы ў нас, бо зацяжэла рука Ягоная на нас і на Дагоне, богу нашым».
8 І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з Каўчэгам Бога Ізраіля?” Яны сказалі: “Трэба Каўчэг Божы перанесьці ў Гат». І перанесьлі [туды] Каўчэг Бога Ізраіля.
9 І калі перанесьлі яго, зацяжэла рука ГОСПАДА над горадам, і страх вельмі вялікі, і ўдарыў [Бог] жыхароў гораду ад малога да вялікага, і зьявіліся на іх болькі.
10 І адаслалі яны Каўчэг Божы ў Экрон. Калі прыйшоў Каўчэг Божы ў Экрон, паднялі крык Экронцы, кажучы: «Вы прынесьлі да нас Каўчэг Бога Ізраіля, каб выгубіць нас і народ наш!»
11 І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Адашліце Каўчэг Бога Ізраіля, няхай вяртаецца ён на месца сваё і няхай не забівае нас і народ наш». Бо апанаваў страх сьмерці ўвесь горад і вельмі цяжкая [стала] рука Божая.
12 Людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя болькамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 5 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.