Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 25 1 Самуэля 25 раздзел

1 І памёр Самуэль, і сабраўся ўвесь Ізраіль, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным у Раме. А Давід устаў і пайшоў у пустыню Паран.
2 І быў [нейкі] чалавек у Маоне, які меў паселасьць сваю ў Кармэлю, і быў той чалавек вельмі багаты. Было ў яго авечак тры тысячы і тысяча козаў. І сталася, што ён стрыг авечак сваіх у Кармэлю.
3 Імя таго чалавека было Наваль, а імя жонкі ягонай — Абігайль. Жанчына тая была разумная і прыгожая, а муж ейны быў жорсткі і злачынны, ён [быў] з роду Халева.
4 І пачуў Давід у пустыні, што Наваль стрыжэ авечак сваіх.
5 І паслаў Давід дзесяць юнакоў, і сказаў Давід юнакам: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Наваля, і прывітайце яго ад мяне з мірам,
6 і скажыце яму: “Здароўя і супакою табе, і супакой дому твайму, і ўсяму, што ты маеш, няхай будзе супакой!
7 Пачуў я, што стрыгуць авечак у цябе. Пастухі твае былі разам з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога не прапала ў іх за ўсе дні, калі былі яны з намі ў Кармэлю.
8 Спытайся ў слугаў сваіх, і яны паведамяць табе. Дык няхай юнакі гэтыя знойдуць ласку ў вачах тваіх, бо ў добры дзень мы прыходзім. Што знойдзе рука твая, дай слугам тваім і сыну твайму Давіду”».
9 І прыйшлі юнакі Давіда, і сказалі Навалю ўсе словы ад імя Давіда, і маўчалі.
10 І адказаў Наваль юнакам Давіда, і сказаў: «Хто такі Давід і хто сын Есэя? Сёньня намножылася слугаў, якія пакідаюць гаспадароў сваіх.
11 Дык я што, маю ўзяць хлеб мой, ваду маю і мяса, прыгатаванае для стрыгачоў, і даць іх людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?»
12 І павярнуліся юнакі Давіда ў дарогу [адваротную], і прыйшлі, і паведамілі ўсе словы гэтыя [Давіду].
13 І сказаў Давід людзям сваім: «Няхай кожны падпярэжацца мячом сваім!» І падперазаўся кожны мячом сваім, і таксама Давід падперазаўся мячом сваім, і вырушылі з Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся ў табары.
14 І адзін са слугаў [Наваля] паведаміў Абігайлі, жонцы Наваля, кажучы: «Вось, Давід прыслаў пасланцоў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абыйшоўся з імі.
15 А людзі тыя былі для нас добрымі і ня крыўдзілі нас. І нічога не загінула ў нас у-ва ўсе дні, у якія мы з імі хадзілі ў полі.
16 Былі яны нам мурам [ахоўным] як уначы, так і ўдзень у-ва ўсе дні, калі мы хадзілі з імі і пасьвілі авечак.
17 І цяпер разваж і пабач, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому ягонага, а ён — сын Бэліяла, і з ім нельга дамовіцца».
18 І Абігайль узяла пасьпешліва дзьвесьце хлябоў, два буклакі віна, пяць запечаных авечак, пяць мерак пражаных зярнят, сто [мерак] разынак і дзьвесьце [зьвязак] сушаных фігаў, і наладавала на аслоў.
19 І сказала яна слугам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я вось буду ісьці за вамі». А мужу свайму Навалю не сказала нічога.
20 І калі яна, седзячы на асьле, зыходзіла па схіле з гары, вось, Давід і людзі ягоныя ішлі насустрач ёй, і яна спаткала іх.
21 А Давід казаў [сабе]: «Надарма я захоўваў у пустыні ўсю маёмасьць чалавека гэтага і нішто не прапала з таго, што да яго [належала], бо ён адплаціў мне ліхам за дабро.
22 Няхай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасьць, калі я да раніцы пакіну з усяго, што яму [належыць], [хоць аднаго], хто мочыцца на сьцяну».
23 І ўбачыла Абігайль Давіда, і пасьпешліва зьлезла з асла, і ўпала на аблічча сваё перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі.
24 І кінулася яна да ног ягоных, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта віна. Дазволь служцы тваёй гаварыць у вушы твае, і выслухай словы служкі тваёй.
25 Няхай гаспадар мой не бярэ да сэрца свайго чалавека гэтага, [сына] Бэліяла, Наваля, бо ён такі, якое імя ягонае. Наваль імя ягонае, і такая ж дурасьць у ім. А я, служка твая, ня бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў.
26 І цяпер, гаспадару мой, як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, ГОСПАД устрымаў цябе ад праліцьця крыві і помсты на сваю руку, і цяпер ворагі твае і ўсе, што шукаюць няшчасьця гаспадару майму, падобнымі няхай стануцца да Наваля.
27 І цяпер прыймі дабраславенства гэтае, якое прынесла служка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім.
28 І даруй віну служкі тваёй. А ГОСПАД збудуе гаспадару майму дом, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны ГОСПАДА, і няхай не сустрэне цябе няшчасьце ў-ва [ўсе] дні твае.
29 Калі паўстане чалавек, каб перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, няхай душа гаспадара майго будзе захаваная ў вузьле жыцьця ў ГОСПАДА, Бога твайго, а душу ворагаў тваіх няхай выкіне Ён, як з пушчалкі.
30 І калі зробіць ГОСПАД гаспадару майму ўсё добрае, што абяцаў, і паставіць цябе правадыром Ізраіля,
31 няхай ня будзе сэрцу гаспадара майго згрызотай і непакоем, што ты праліў кроў нявінную і не захаваў сябе ад помсты. І калі ГОСПАД учыніць дабро гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра служку тваю».
32 І сказаў Давід Абігайлі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які паслаў цябе сёньня на сустрэчу са мной.
33 І няхай будзе дабраслаўлёна разумнасьць твая, і дабраслаўлёна таксама ты, бо стрымала ты мяне сёньня ад праліцьця крыві і ад помсты рукою маёй.
34 Бо іначай, як жывы ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, калі б ты ня выйшла пасьпешліва на спатканьне мне, не засталося б у Наваля да сьвітаньня нікога з тых, хто мочыцца на сьцяну».
35 І ўзяў Давід з рук ейных усё, што яна прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі ў дом твой, бо я выслухаў голас твой і ўшанаваў аблічча тваё».
36 І вярнулася Абігайль да Наваля, і вось, ён справіў банкет у доме сваім як банкет валадарскі. І сэрца Наваля было вясёлае, і быў ён вельмі п’яны. І яна не сказала яму анічога пра гэта ані малога, ані вялікага да сьвітаньня раніцы.
37 Раніцаю, калі Наваль працьверазіўся ад віна, жонка ягоная распавяла яму пра справу гэтую. І замерла сэрца ягонае ў нутры ягоным, і ён зрабіўся як камень.
38 І праз дзесяць дзён ГОСПАД ударыў Наваля, і ён памёр.
39 І пачуў Давід, што Наваль памёр, і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які рассудзіў справу зьнявагі маёй з боку Наваля і захаваў слугу Свайго ад зла, а злачыннасьць Наваля зьвярнуў ГОСПАД на галаву ягоную». І паслаў Давід сказаць Абігайлі, што ён бярэ яе сабе за жонку.
40 І прыйшлі слугі Давіда да Абігайлі ў Кармэль, і прамовілі да яе, кажучы: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку».
41 І яна ўстала, і пакланілася абліччам да зямлі, і сказала: «Вось, служка твая — нявольніца, каб мыць ногі слугаў гаспадара майго».
42 І ўстала пасьпешліва Абігайль, і села на асла, і пяць служак ейных ішлі за ёю. І паехала яна за пасланцамі Давіда, і сталася жонкаю ягонаю.
43 Таксама Ахіноам з Езрээлю ўзяў Давід за жонку, і яны абедзьве сталіся жонкамі ягонымі.
44 А Саўл аддаў Міхаль, дачку сваю, жонку Давіда, Пальту, сыну Ляіша, які [паходзіў] з Галіму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 25 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.