Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 24 1 Самуэля 24 раздзел

1 І пайшоў Давід адтуль, і абжыўся ў месцах умацаваных у Эн-Гэдзі.
2 І калі вярнуўся Саўл з вайны з Філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гэдзі».
3 І Саўл узяў тры тысячы ваяроў, выбранцоў з усяго Ізраіля, і пайшоў, каб шукаць Давіда і людзей ягоных на ўсходнім баку скалаў Дзікіх Козаў.
4 І прыйшоў ён да загарадак авечых пры дарозе, і была там пячора. І ўвайшоў Саўл туды, каб накрыць ногі свае, а Давід і людзі ягоныя хаваліся ў пячоры.
5 І сказалі Давіду людзі ягоныя: «Вось дзень, пра які казаў табе ГОСПАД: “Вось, Я даю ў рукі твае ворага твайго і зробіш з ім тое, што добра ў вачах тваіх”». І ўстаў Давід, і адрэзаў цішком крысо плашча Саўла.
6 Але потым задрыжэла сэрца Давіда, што ён адрэзаў крысо плашча Саўла,
7 і ён сказаў людзям сваім: «Няхай даруе мне ГОСПАД, каб я зрабіў такую рэч гаспадару майму, памазанцу ГОСПАДАВУ, каб выцягнуў руку маю на яго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ».
8 І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім, каб яны напалі на Саўла. А Саўл устаў, і выйшаў з пячоры, і працягваў шлях свой.
9 І ўстаў пасьля гэтага Давід, і выйшаў з пячоры, і закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, валадар!» І глянуў Саўл назад, а Давід упаў абліччам на зямлю і пакланіўся яму,
10 І сказаў Давід Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”?
11 Вось, сёньня бачаць вочы твае, што ГОСПАД выдаў цябе ў пячоры ў рукі мае. І гаварылі мне, каб я забіў цябе, але я пашкадаваў цябе, і сказаў: “Ня выцягну рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ”.
12 Дык пабач, бацька мой, крысо плашча твайго ў руцэ маёй, бо я адрэзаў крысо плашча твайго і не забіў цябе. І даведайся, і пабач, што няма ў руцэ маёй ані зла, ані бунту, і не саграшыў я супраць цябе. А ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.
13 Няхай судзіць ГОСПАД мяне і цябе, і няхай адпомсьціць ГОСПАД табе за мяне, але ня будзе рукі маёй супраць цябе.
14 Як кажа прыказка старадаўняя: “Ад ліхіх ліха паходзіць”. Але рука мая ня будзе супраць цябе.
15 Каго гоніць валадар Ізраіля? Каго ты перасьледуеш? Сабаку здохлага і адну блыху?
16 Няхай ГОСПАД будзе судзьдзёю і судзіць мяне і цябе. Няхай убачыць і разьбярэ справу маю? і вырве мяне з рукі тваёй».
17 І скончыў Давід казаць словы гэтыя да Саўла, і Саўл сказаў: «Ці ж гэта голас твой, сыне мой Давід?» І ўзьняў Саўл голас свой, і заплакаў.
18 І сказаў ён Давіду: «Ты больш праведны, чым я. Бо ты адплочваеш мне дабром, а я адплочваю табе ліхам.
19 І ты засьведчыў сёньня, што ты робіш дабро да мяне, бо калі ГОСПАД выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
20 Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусьціў бы яго ў добрую дарогу? Няхай ГОСПАД узнагародзіць цябе дабром за тое, што ты сёньня зрабіў адносна мяне.
21 Вось, я цяпер ведаю, што ты будзеш валадаром, і будзеш мець у руках сваіх валадарства Ізраіля.
22 І цяпер прысягні мне на ГОСПАДА, што ня зьнішчыш насеньне маё пасьля мяне і не сатрэш імя майго з дому бацькі майго».
23 І Давід прысягнуў Саўлу. І вярнуўся Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя пайшлі ў месца ўмацаванае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 24 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.