Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 11 1 Самуэля 11 раздзел

1 І прыйшоў Нахаш Аманянін, і пачаў аблогу гораду Ябэш у Гілеадзе. І сказалі Нахашу ўсе жыхары Ябэшу: «Заключы з намі запавет, і мы будзем служыць табе».
2 Нахаш Аманянін сказаў ім: «Я заключу з вамі запавет [з умовай], што кожнаму з вас я вырву правае вока і выстаўлю вас на пасьмешышча перад усім Ізраілем»
3 І сказалі яму старшыні Ябэшу: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля. І калі ніхто не дапаможа нам, мы выйдзем да цябе».
4 І прыйшлі пасланцы ў Гіву, горад Саўла, і сказалі слова гэтае ў вушы народу. І ўзьняў увесь народ голас свой, і заплакаў.
5 А вось, Саўл гнаў валоў з поля. І сказаў Саўл: «Што [здарылася], што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Ябэшу.
6 І зыйшоў на Саўла Дух Божы, калі пачуў ён словы гэтыя, і ахапіў яго гнеў вялікі.
7 І ўзяў ён пару валоў, і пасек іх на кавалкі, і паслаў праз рукі пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля, кажучы: «Хто ня выйдзе і ня пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх перад ГОСПАДАМ народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.
8 І ён палічыў іх у Бэзэку, і было трыста тысячаў сыноў Ізраіля, а ваяроў Юды было трыццаць тысячаў.
9 І сказалі яны пасланцам, якія былі прыйшоўшы: «Так скажыце жыхарам Ябэшу Гілеадзкага: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Ябэшу, і тыя ўзрадаваліся.
10 І сказалі жыхары Ябэшу [Нахашу]: «Раніцай мы выйдзем да вас, і вы зробіце з намі, што будзе добра ў вачах вашых».
11 Назаўтра Саўл падзяліў народ на тры дружыны, і яны на сьвітаньні ўварваліся ў сярэдзіну табару і забівалі Аманянаў аж да сьпякоты дня, а тыя, што засталіся, расьсеяліся так, што не засталося з іх двух разам.
12 І сказаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл валадарыць над намі?”? Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ем іх».
13 Але Саўл сказаў: «Ніхто не памрэ ў гэты дзень, бо сёньня ГОСПАД даў выратаваньне Ізраілю».
14 А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Гільгал, і там абновім валадарства».
15 І пайшоў увесь народ у Гільгал, і паставілі валадаром Саўла перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале, і там склалі ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. І там радаваліся вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраіля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 11 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.