Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 18 1 Самуэля 18 раздзел

1 І скончыў Давід размову з Саўлам, і душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.
2 І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе, і ня даў яму вярнуцца ў дом бацькі свайго.
3 І заключыў Ёнатан запавет з Давідам, бо палюбіў ён яго як душу сваю.
4 І зьняў з сябе Ёнатан шату, якая [была] на ім, і даў яе Давіду, і астатняе адзеньне сваё, і нават меч, лук і пояс свой.
5 І хадзіў Давід усюды, куды пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў посьпех. І паставіў яго Саўл начальнікам над ваярамі, і ён быў добрым у вачах усяго народу, а таксама ў вачах слугаў Саўла.
6 І, калі ішлі [ваяры], калі вяртаўся Давід, перамогшы Філістынцаў, выходзілі жанчыны з песьнямі і танцамі, з бубнамі і гусьлямі насустрач валадару Саўлу.
7 І танчылі жанчыны, і сьпявалі, паўтараючы: «Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў».
8 І вельмі ўзлаваўся Саўл, і кепскімі былі ў вачах ягоных словы гэтыя, і ён сказаў: «Давіду даюць дзясяткі тысячаў, а мне даюць толькі тысячы; яму толькі валадараньня не хапае».
9 Ад таго дня глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.
10 А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, [спасланы] Богам, і ён шалеў у доме сваім. І Давід як штодзень граў на гусьлях, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.
11 І кінуў Саўл дзіду рукою сваёй, і сказаў: «Прыб’ю Давіда да сьцяны». Але Давід ухіліўся, і было так два разы.
12 І баяўся Саўл Давіда, бо ГОСПАД быў з ім, а ад Саўла адвярнуўся.
13 І адсунуў Саўл яго ад сябе, і прызначыў яго тысячнікам, і ён выходзіў [на вайну] і хадзіў перад абліччам народу.
14 І на ўсіх шляхах сваіх меў Давід посьпех, і ГОСПАД [быў] з ім.
15 І ўбачыў Саўл, што [Давіду] ўсё ідзе пасьпяхова, і меў страх перад ім.
16 А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў [на вайну] і хадзіў перад абліччам іхнім.
17 І сказаў Саўл Давіду: «Вось старэйшая дачка мая Мэраб. Я дам яе табе за жонку, але будзь у мяне мужным [чалавекам] і вядзі войны ГОСПАДА». А Саўл казаў [сабе]: «Не мая рука будзе супраць яго, але будзе супраць яго рука Філістынцаў».
18 І сказаў Давід Саўлу: «Хто я і якое жыцьцё маё, або якая сям’я бацькі майго ў Ізраілі, каб быць мне зяцем валадара?»
19 Але калі наблізіўся час аддаць за Давіда Мэраб, дачку Саўла, яна была аддадзена за жонку Адрыэлю з Мэхолы.
20 І [другая] дачка Саўла, Міхаль, пакахала Давіда. І паведамілі пра гэта Саўлу, і была гэтая справа слушная ў вачах ягоных.
21 І сказаў Саўл: «Аддам яму яе, і будзе яна для яго пасткаю, і будзе супраць яго рука Філістынцаў». І другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёньня будзеш зяцем маім».
22 І загадаў Саўл слугам сваім: «Пагаварыце з Давідам паціху, кажучы: “Вось, ты падабаешся валадару, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе, дык будзь зяцем валадара”».
23 І гаварылі гэтыя словы слугі Саўла ў вушы Давіду, і Давід сказаў: «Ці ж не малая гэта рэч у вачах вашых, каб я стаў зяцем валадару? Я ж чалавек бедны і нязначны».
24 І паведамілі гэта слугі Саўлу, кажучы, якія словы казаў Давід.
25 І сказаў Саўл: «Так скажыце Давіду: “Валадар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто скуравінак Філістынскіх, каб адпомсьціць ворагам валадара”». Бо думаў Саўл гэтак выдаць Давіда ў рукі Філістынцаў.
26 І паведамілі слугі валадара Давіду словы гэтыя, і была слушная справа гэтая ў вачах Давіда, каб стаць зяцем валадара.
27 Яшчэ ня скончыліся прызначаныя дні, а Давід устаў і пайшоў з ваярамі сваімі, і забіў дзьвесьце Філістынцаў, і прынёс Давід скуравінкі іхнія, і адлічыў іх валадару, каб быць зяцем валадара. І аддаў Саўл дачку сваю Міхаль за жонку яму.
28 І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што ГОСПАД з Давідам, а Міхаль, дачка Саўла, кахае яго.
29 І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда, і стаўся Саўл ворагам Давіду ў-ва ўсе дні.
30 А валадары Філістынцаў выходзілі [ваяваць], але колькі разоў нападалі яны, Давід меў посьпех большы, чым слугі Саўла, і вельмі слаўным сталася імя ягонае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 18 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.