Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Самуэля 10 1 Самуэля 10 раздзел

1 І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго, і сказаў: «Вось, памазаў цябе ГОСПАД на правадыра спадчыны Сваёй.
2 Калі пойдзеш сёньня ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Рахелі, недалёка ад мяжы Бэн’яміна, у Цэльцаху. Яны скажуць табе: “Знайшліся асьліцы, якіх ты пайшоў шукаць. А бацька твой, забыўшыся пра асьліцаў, хвалюецца за вас, кажучы: "Што сталася з сынам маім?"”
3 Калі пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Табор, сустрэнуць цябе тры мужчыны, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несьці трох казьлянят, другі будзе несьці тры круглыя хлябы, а трэці будзе несьці буклак віна.
4 Яны прывітаюць цябе і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш іх з рук іхніх.
5 І прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзяцца Філістынцы. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, якія зыходзяць з узгорку, а перад імі псалтыры, бубны, жалейкі і гусьлі, а самі яны будуць прарочыць.
6 І зыйдзе на цябе Дух ГОСПАДА, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і станеш чалавекам іхнім.
7 Калі зьдзейсьняцца ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо ГОСПАД будзе з табою.
8 І пойдзеш ты перад абліччам маім у Гільгал, а я прыйду да цябе, каб скласьці ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. Чакай мяне сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе, каб навучыць цябе, што маеш рабіць».
9 І калі Саўл павярнуўся, каб адыйсьці ад Самуэля, Бог зьмяніў сэрца ягонае на іншае, і ў гэты ж дзень зьдзейсьніліся ўсе знакі гэтыя.
10 І прыйшлі яны адтуль у Гіву, і вось грамада прарокаў выйшла насустрач яму. І зыйшоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарочыць між імі.
11 І калі ўсе, якія яго ведалі ўчора і пазаўчора, убачылі, што ён прарочыць разам з прарокамі, пыталіся адзін аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіша? Няўжо і Саўл між прарокаў?»
12 І адказаў чалавек тамтэйшы, і сказаў: «Хто бацька іхні?» Дзеля таго зьявілася прымаўка: «Няўжо і Саўл між прарокаў?»
13 І скончыў ён прарочыць, і пайшоў на ўзгорак.
14 І спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў слугі ягонага: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асьліцаў. А калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».
15 І сказаў дзядзька Саўла: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»
16 І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асьліцы». А адносна размовы пра валадараньне, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.
17 І склікаў Самуэль народ да ГОСПАДА ў Міцпу,
18 і сказаў сынам Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў Ізраіля з Эгіпту, Я выратаваў вас з рук Эгіпцянаў, і з рук усіх валадарстваў, якія зьдзекваліся над вамі.
19 А вы сёньня адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усялякіх бедаў і трывогаў вашых, і сказалі: "Пастаў над намі валадара!"” Дык цяпер станьце перад абліччам ГОСПАДА паводле каленаў вашых і тысячаў вашых».
20 І загадаў Самуэль падыходзіць усім каленам Ізраіля, і выпала жэрабя на калена Бэн’яміна.
21 І загадаў Самуэль падыходзіць калену Бэн’яміна паводле сем’яў сваіх, і жэрабя выпала на сям’ю Матры, і быў выбраны Саўл, сын Кіша. І шукалі яго, але не маглі знайсьці.
22 І спыталіся ў ГОСПАДА: «Ці чалавек гэты прыйшоў сюды?» І ГОСПАД сказаў: «Ён хаваецца сярод рэчаў [у табары]».
23 І пабеглі, і прывялі яго адтуль. І стаў ён пасярод народу, і перавышаў ён увесь народ на галаву.
24 І сказаў Самуэль усяму народу: «Ці бачыце таго, каго выбраў ГОСПАД? Бо няма яму роўнага ў-ва ўсім народзе». І ўвесь народ загаманіў: «Няхай жыве валадар!»
25 І абвясьціў Самуэль народу пастанову адносна валадара, і запісаў гэта ў кнігу, і палажыў яе перад абліччам ГОСПАДА. І адпусьціў Самуэль увесь народ, кожнага ў дом свой.
26 Таксама Саўл пайшоў у дом свой у Гіве. І пайшлі з ім ваяры, сэрцаў якіх дакрануўся Бог.
27 А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынесьлі яму падарункаў, але ён не зьвяртаў на гэта ўвагі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 10 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.