Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля, 27 1-я Самуэля, 27 глава

1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: «Аднойчы, у нейкі дзень, траплю я ў рукі Саўла; ці не лепш мне ўцячы і ўратавацца ў зямлі філістынцаў, каб адчаяўся Саўл і перастаў ва ўсіх межах Ізраэля цікаваць на мяне. Так я ўхілюся ад рук яго».
2 І сабраўся Давід, і пайшоў сам і шэсцьсот чалавек разам з ім да Ахіса, сына Маоха, цара Гета.
3 І абжыўся Давід з Ахісам у Геце, сам і ваяры яго, кожны са сваёй сям’ёй: Давід з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і з Абігайль, якая была жонкай Набала з Кармэля.
4 І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гет, і ён перастаў шукаць яго.
5 А Давід сказаў Ахісу: «Калі знайшоў я ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог абжыцца там. Бо навошта паслугач твой мае жыць з табою ў горадзе цара?»
6 Такім чынам, даў яму Ахіс у той дзень Сікэлаг; таму Сікэлаг стаўся горадам цароў юдэйскіх аж да гэтага дня.
7 А тэрмін, які пражыў Давід у зямлі філістынцаў, быў год і чатыры месяцы.
8 І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і меў здабычу з гэсурцаў, і з гергесеяў, і з Амалека; бо гэтыя народы жылі на зямлі Тэлем пры дарозе на Сур і аж да зямлі Егіпта.
9 І пустошыў Давід усю зямлю, і не пакідаў жывымі ані мужчыны, ані жанчыны; і забіраў авечак, і валоў, і аслоў, і вярблюдаў, і адзенне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіса.
10 Пытаўся ж у яго Ахіс: «На каго нападалі вы сёння?» І Давід адказваў: «На Нагэб Юды, і на Нагэб Ерамээля, і на Нагэб кінэйскі».
11 Ані мужчыны, ані жанчыны не шкадаваў Давід і не прыводзіў іх у Гет, кажучы: «Каб часам не сказалі на нас: “Гэта зрабіў Давід”». І гэта было галоўнае правіла яго ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне філістынцаў.
12 Такім чынам, давяраў Ахіс Давіду, кажучы: «Стаўся ён ненавісным народу свайму, Ізраэлю; таму будзе ён мне паслугачом вечным».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

1-я Самуэля, 27 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.