Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 7 1-я Самуэля 7 раздзел

1 І прыбылі жыхары Карыят-Ярыма, і забралі наверх каўчэг Госпада, і прынеслі яго на ўзгорак у дом Абінадаба; а Элеязэра, сына яго, пасвяцілі, каб сцярог каўчэг Госпада.
2 І сталася з таго дня, як застаўся каўчэг Госпада ў Карыят-Ярыме, прайшло шмат часу; бо ішоў ужо дваццаты год, і ўвесь дом Ізраэля затужыў па Госпадзе.
3 А Самуэль сказаў усяму дому Ізраэля, кажучы: «Калі звяртаецеся вы ўсім сэрцам да Госпада, то выдаліце ад сябе багоў чужых і Астарту, і падрыхтуйце сэрцы свае дзеля Госпада, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук філістынцаў».
4 Дык павыкідалі сыны Ізраэля Баала і Астарту і служылі аднаму толькі Госпаду.
5 І сказаў Самуэль: «Збярыце ўсіх ізраэльцаў у Міцпе, каб я памаліўся за вас Госпаду».
6 І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень, і казалі там: «Зграшылі мы перад Госпадам». І судзіў Самуэль сыноў Ізраэля ў Міцпе.
7 І пачулі філістынцы аб тым, што сыны Ізраэля сабраліся ў Міцпе, і кіраўнікі філістынцаў пайшлі супраць ізраэльцаў. Калі даведаліся аб гэтым сыны Ізраэля, то напалохаліся філістынцаў
8 і прасілі Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць Госпада, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук філістынцаў».
9 І ўзяў Самуэль адно ягня-сысунка і склаў усяго яго Госпаду ў ахвяру цэласпалення; і клікаў Самуэль Госпада за ізраэльцаў, і выслухаў яго Госпад.
10 Сталася ж, калі Самуэль складаў ахвяру цэласпалення, філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраэля. У той жа дзень загрымеў Госпад грымотамі вялікімі над філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя ізраэльцамі.
11 І, выйшаўшы з Міцпы, людзі Ізраэля пераследавалі філістынцаў, і забівалі іх аж да месца, якое было пад Бэткарам.
12 І ўзяў Самуэль адзін камень і паставіў яго між Міцпаю і Сэнам, і назваў тое месца Абэн-Эзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам Госпад».
13 Так упакораны былі філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраэля. І сталася рука Госпада на філістынцах ва ўсе дні Самуэля.
14 І вярнуліся да Ізраэля гарады, забраныя філістынцамі ад Ізраэля: ад Акарона да Гета. Ізраэльцы забралі свае землі з рук філістынцаў. І запанаваў мір між Ізраэлем і амарэямі.
15 І судзіў Самуэль Ізраэль усе дні свайго жыцця.
16 І штогод падарожнічаў ён у Бэтэль, і Галгал, і Міцпу, і судзіў Ізраэль у названых месцах.
17 І вяртаўся ў Раму, бо там быў яго дом, і там ён судзіў Ізраэль. Пабудаваў там таксама ахвярнік Госпаду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.