Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 28 1-я Самуэля 28 раздзел

1 А ў тыя дні сталася, што сабралі філістынцы дружыны свае, каб падрыхтаваць іх да вайны супраць Ізраэля. І Ахіс сказаў Давіду: «Ведаючы, ведай цяпер, што ты пойдзеш са мною ў лагер, ты і людзі твае».
2 І сказаў Давід Ахісу: «Таму і ты даведаешся, што будзе рабіць паслугач твой». І Ахіс сказаў Давіду: «Таму стаўлю я цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні».
3 А Самуэль памёр; і плакаў па ім увесь Ізраэль, і пахавалі яго ў горадзе яго, у Раме. І Саўл прагнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны.
4 І філістынцы сабраліся і прыйшлі, і сталі лагерам у Сунаме. А Саўл таксама сабраў увесь Ізраэль і расклаўся лагерам у Гэльбоэ.
5 І паглядзеў Саўл на лагер філістынцаў, і спалохаўся, і надта задрыжэла ў ім сэрца.
6 І пытаўся ён у Госпада, і Ён яму не адказаў, ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.
7 І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў; і я пайду да яе, і запытаюся праз яе». І паведамілі яму паслугачы яго: «Ёсць жанчына, якая выклікае духі, у Эн-Доры».
8 І змяніў Саўл адзенне сваё, і апрануўся ў іншае адзенне, і пайшоў сам, а разам з ім двое мужчын; і прыйшлі яны да той жанчыны ноччу, і кажа ёй Саўл: «Паваражы мне і выкліч мне таго, каго я табе скажу».
9 І жанчына кажа яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл і як ён выгнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны; дык чаму цікуеш ты на маё жыццё, каб забіць мяне?»
10 І Саўл прысягнуў ёй Госпадам, кажучы: «Жыве Госпад, бо не будзе табе нічога благога з-за гэтай справы».
11 І запыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».
12 Калі жанчына ўбачыла Самуэля, усклікнула моцным голасам і сказала Саўлу: «Чаму ты мяне падмануў? Бо ты — Саўл!»
13 І сказаў ёй цар: «Не бойся. Што ты бачыш?» І жанчына кажа Саўлу: «Бачу чалавека Божага, што выходзіць з зямлі».
14 І ён сказаў ёй: «Як ён выглядае?» Сказала яна: «Стары чалавек выходзіць, і апрануты ён у плашч». Зразумеў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім тварам сваім да зямлі, і пакланіўся.
15 А Самуэль сказаў Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і турбуеш мяне?» І Саўл сказаў: «Я знаходжуся ў вялікім горы. Бо філістынцы ваююць супраць мяне, і Бог адступіўся ад мяне і не жадае слухаць мяне, ані праз прарокаў, ані праз сон; дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць».
16 І кажа Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі Госпад адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім?
17 Бо зрабіў Госпад так, як казаў праз мяне; і Ён забраў царства з рукі тваёй і аддаў яго блізкаму твайму, Давіду,
18 бо ты не слухаў голас Госпада і не споўніў лютага гневу Яго ў адносінах да Амалека. Таму ты церпіш тое, што ўчыніў табе Госпад сёння.
19 І аддасць Госпад таксама Ізраэль разам з табою ў рукі філістынцаў; заўтра ж ты і сыны твае будзеце са мною, але і лагер Ізраэля аддасць Госпад у рукі філістынцаў».
20 І адразу ж Саўл упаў усім целам на зямлю; бо ахапіў яго жах з-за слоў Самуэля, і пакінула яго сіла, бо не еў ён хлеба ўвесь дзень той і ўсю тую ноч.
21 І падышла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы; і сказала яму: «Вось, паслугачка твая паслухала размову тваю, і паклала душу сваю ў руку тваю, і паслухалася загаду твайго, які ты мне даў.
22 Дык цяпер і ты паслухай голасу паслугачкі сваёй, каб я паклала перад табою лусту хлеба і каб ты, з’еўшы яе, паздаравеў і змог выбрацца ў дарогу».
23 Ён адмовіўся і казаў: «Не буду есці». А паслугачы яго і жанчына тая ўпрошвалі яго; і ён, нарэшце, паслухаўшы слоў іх, падняўся з зямлі і сеў на ложку.
24 Жанчына ж тая мела кормнае цяля ў доме, і яна паспяшалася і зарэзала яго, і, узяўшы муку, яна рашчыніла яе і напякла праснакоў.
25 І палажыла ўсё гэта перад Саўлам і перад паслугачамі яго. Калі яны пад’елі, яны сабраліся і адышлі ў тую ж самую ноч.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 28 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.