Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 28 1 Самуйлава 28 раздзел

1 І было тых дзён, што зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, ваяваць із Ізраелям. І сказаў Ахіш Давіду: «Ведай пэўна, што ты пойдзеш з імною на вайну, ты а мужы твае».
2 І сказаў Давід Ахішу: «З гэтага ты даведаешся, што зробе слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «За тое пастанаўлю цябе вартаўніком галавы мае на ўсі дні».
3 І памер Самуйла, і плакаў па ім увесь Ізраель, і пахавалі яго ў Раме, у ягоным жа месьце.
Саўла ж выгнаў чараўнікоў а варажбітоў з краю.
4 І зьберліся Пілішчане, і прышлі, і разьлягліся табарам у Шунеме; і зьбер Саўла ўсяго Ізраеля, і разьлягліся табарам у Ґелвоа.
5 І абачыў Саўла табар Пілісцкі, і баяўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае.
6 І папытаўся Саўла ў СПАДАРА; але СПАДАР не адказаў яму ані ў сьне, ані урымам, ані прарокамі.
7 І сказаў Саўла слугам сваім: «Пашукайце імне жонку чараўніцу, і я пайду да яе, і папытаюся ў яе». І адказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жонка чараўніца ў Ендору».
8 І прыдаўся іншым Саўла, і адзеў накшыя адзецьці, і пайшоў сам а два чалавекі зь ім, і прышлі яны да жонкі ночы. І сказаў: «Калі ласка, паваражы імне духам, і ўзьвядзі імне, каго я скажу табе».
9 Але жонка адказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўла, як аддаліў ён із краю чараўнікоў а варажбітоў, чаму ж ты ставіш пастку на душу маю, на сьмерць імне?»
10 І прысягнуў ёй Саўла СПАДАРОМ, кажучы: «Жыў СПАДАР! ня будзе бяспраўя табе за гэтую справу».
11 І сказала жонка: «Каго ж узьвесьці табе?» І сказаў ён: «Самуйлу ўзьвядзі імне».
12 І абачыла жонка Самуйлу, і крыкнула вялікім голасам; і сказала жонка Саўлу, кажучы: «Чаму ты ашукаў мяне? Гэта ж ты — Саўла».
13 І сказаў ёй кароль: «Ня бойся; што ж ты бачыш?» І адказала жонка Саўлу: «Бачу багоў, што выходзяць ізь зямлі».
14 «Які выгляд ягоны?» Яна сказала: «Муж стары ўзыходзе, і ён апрануўшыся ў вахілім». І пазнаў Саўла, што гэта Самуйла, і паў відам на зямлю, і пакланіўся.
15 І сказаў Самуйла Саўлу: «Нашто ты трывожыш мяне, каб я ўзышоў?» І адказаў Саўла: «Цяжка імне вельма: Пілішчане ваююць супроці мяне, а Бог адступіў ад мяне й болей не адказуе імне ані прарокамі, ані ў снох; і я выгукаў цябе, каб ты сказаў імне, што імне рабіць».
16 І сказаў Самуйла: «Чаму ж ты пытаешся ў мяне, гэта ж СПАДАР адступіў ад цябе й стаў праціўнікам тваім?
17 Учыніў СПАДАР сабе, як казаў імною: адарваў СПАДАР гаспадарства з рук тваіх і аддаў яго прыяцелю твайму, Давіду.
18 Як ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА і ня споўніў палу гневу Ягонага на Амаліка, дык СПАДАР і ўчыніў табе гэта сядні.
19 І аддасьць СПАДАР таксама Ізраеля з табою ў рукі Пілішчан; і заўтра ты а сынове твае будзеце з імною, таксама табар Ізраельскі аддасьць СПАДАР у рукі Пілішчан».
20 І пабарзьдзіў Саўла, і ўпаў усім ростам сваім на зямлю, і дужа спалохаўся слоў Самуйлавых; дый сілы ня стала ў яго, бо ён ня еў хлеба ўвесь тый дзень і ўсю ноч.
21 І прышла жонка да Саўлы, і абачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала яму: «Вось, паслухала нявольніца твая голасу твайго, і паддала жыцьцё свае небясьпечнасьці, і паслухала слоў тваіх, што ты казаў імне.
22 А цяпер паслухай, калі ласка, і ты голасу нявольніцы свае: я пастанаўлю перад табою кавалак хлеба, паеж і пасілішся, як пойдзеш у дарогу».
23 Але ён адмовіўся й сказаў: «Ня буду есьці». І ўмаўлялі яго слугі ягоныя, а таксама жонка; дык ён паслухаў голасу іхнага, і ўстаў ізь зямлі, і сеў на ложак.
24 У жонкі ж было ў доме ўкормленае цялё; і пабарзьдзіла, і зарэзала яго, і, узяўшы мукі, замясіла а сьпякла праснакі.
25 І дабліжыла Саўлу а слугам ягоным, і яны пад’елі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 28 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.