Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 30 1 Самуйлава 30 раздзел

1 І было, як прышоў Давід а людзі ягоныя да Цыклаґу на трэйці дзень, што Амалічане напалі на паўдня а на Цыклаґ, і паразілі Цыклаґ, і спалілі яго цяплом,
2 І ўзялі ў палон жанкі, што ў ім, ад малое аж да вялікае; не забілі ні воднае людзіны, але павялі і пайшлі сваёю дарогаю.
3 І прышоў Давід а людзі ягоныя да места, і вось, яно спалена цяплом, а жонкі іхныя а сыны іхныя а дачкі іхныя ўзятыя ў палон.
4 І загаласіў Давід а люд, былы зь ім, і плакалі, пакуль ня стала ў іх сілы плакаць.
5 І абедзьве жонкі Давідавы былі ўзятыя ў палон, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка.
6 Давіду была вялікая немарасьць, бо гукаў люд, каб укаменаваць яго, бо быў гаркі душою ўвесь люд, кажны па сынох сваіх а дачках сваіх. Але Давід пасіліўся надзеяю на СПАДАРА, Бога свайго,
7 І сказаў Давід Авафару сьвятару Агімелешанку: «Дабліж, калі ласка, імне наплечнік». І дабліжыў Авафар наплечнік Давіду.
8 І папытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці гнацца імне за гэным аддзелам, і ці дажану я іх?» І сказана яму: «Жаніся, напэўна дажанеш і адыймеш».
9 І пайшоў Давід сам а шасьцьсот мужоў, былых ізь ім; і прышлі да цур’я Весор, а засталыя адзяржаліся там.
10 І гнаўся Давід сам а чатырыста чалавекаў; дзьвесьце ж чалавекаў адзяржаліся, бо, прыстаўшы, не маглі перайсьці цур’я Весорскага.
11 І знайшлі Егіпцяніна ў полю, і ўзялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і далі напіцца вады.
12 І далі яму часьць вязанкі фіґаў і два зьвязкі разынак, і ён еў і пасіліўся; бо ён ня еў хлеба й ня піў вады тры дні й тры ночы.
13 І сказаў яму Давід: «Чый ты й скуль ты?» І сказаў ён: «Я — дзяцюк Егіпцянін, слуга аднаго Амалічаніна, і кінуў мяне пан мой, бо ўжо трэйці дзень, як я захварэў.
14 Мы напалі на паўднявую часьць Керэты, і на зямлю Юдзіну, і на паўднявую часьць Калева, а Цыклаґ спалілі цяплом».
15 І сказаў яму Давід: «Ці зьвядзеш ты мяне да гэнага аддзелу?» І сказаў ён: «Прысягні імне Богам, што не заб’еш мяне і не перадасі мяне ў руку пана майго, і я зьвяду цябе да гэнага аддзелу».
16 І ён зьвёў яго, і вось, распастрыўшыся па ўсім тым краю, ядуць а п’юць а вяселяцца з усёга вялікага здабытку, каторы яны ўзялі ізь зямлі Пілісцкае а ізь зямлі Юдэйскае.
17 І біў іх Давід ад сутанку аж да вечара назаўтрае, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырыста маладзёнкаў, што селі конна на вярблюды й уцяклі.
18 І ўратаваў Давід усе, што ўзялі Амалічане, і абедзьве жонкі свае ўратаваў Давід.
19 І ня зьгінула ў іх нічагусінькі ад малога аж да вялікага, ані із сыноў, ані з дачок, ані із здабытку, ані з усёга, што ўзялі ў іх, — усе зьвярнуў Давід.
20 І ўзяў Давід увесь драбны статак, а рагаты статак ён вёў перад іншаю свойскаю жывёлаю, і гукалі: «Гэта — здабытак Давідаў».
21 І прышоў Давід да тых дзьвесьце чалавекаў, што засталіся, ідучы за Давідам, і ён пакінуў іх ля цур’я Весорскага; і вышлі яны наўпярэймы Давіду й наўпярэймы людзём, былым ізь ім. І дабліжыўся Давід да гэтых людзёў, і прывеціў іх.
22 І адказаў кажны благі чалавек і Велялы зь людзёў, што хадзілі з Давідам, і казалі: «За тое, што яны не хадзілі з імною, я ня дам ім із здабытку, каторы мы ўратавалі, адно хай кажны возьме сваю жонку а дзеці, і павядуць іх, і пойдуць».
23 І сказаў Давід: «Не рабіце гэтак, браты мае, просьле тога, як СПАДАР даў нам гэта, і захаваў нас, і аддаў у рукі нашы аддзел, што прыходзіў на нас.
24 І хто паслухае вас у гэтай справе? бо якая часьць тым, што зыходзілі на вайну, такая часьць мае быць і тым, што сядзелі ля рэчаў: на ўсіх мае быць падзелена».
25 Гэтак было адгэнуль і пасьлей; і прыняў ён гэта ў права а ў вуставу Ізраелю аж дагэтуль.
26 І прышоў Давід да Цыклаґу, і паслаў із здабытку старцом Юдзіным, прыяцелям сваім, кажучы: «Гэта вам дабраславенства із здабытку ў варагоў СПАДАРОВЫХ», —
27 Тым, што ў Бэт-Элю, і тым, што ў паўднявым Рамофе, і тым, што ў Яфіру,
28 І Тым, што ўв Ароіру, і тым, што ў Шыфмофе, і тым, што ў Ештэмоа,
29 І тым, што ў Рахале а ў местах Ерагмеельскіх а ў местах Кінскіх,
30 І тым, што ў Горме, і тым, што ў Вор-Ашане, і тым, што ўв Атасе,
31 І тым, што ў Гэўроне а ў вусіх месцах, ідзе хадзіў Давід сам а людзі ягоныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 30 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.