Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 26 1 Самуйлава 26 раздзел

1 І прышлі Зыфяне да Саўлы да Ґівеы, кажучы: «Ціж не хаваецца Давід на ўзгорку Гахіла, каторы направа ад Ешымону?»
2 І ўстаў Саўла, і спусьціўся на пустыню Зыф, і ізь ім тры тысячы выборных мужоў Ізраельскіх, каб шукаць Давіда на пустыні Зыф.
3 І разьлёгся Саўла на ўзгорку Гахіла, каторы перад Ешымонам направа, ля дарогі; Давід жа прабываў на пустыні й бачыў, што Саўла прышоў за ім на пустыню;
4 І паслаў Давід узьведнікаў, і даведаўся, што Саўла запраўды прышоў.
5 І ўстаў Давід, і прышоў аж да месца, ідзе Саўла разьлёгся табарам, і абачыў Давід месца, ідзе ляжаў там Саўла а Аўнір Ніранок, вайводца ягоны, Саўла ж ляжаў у месцу, абаронным вазамі, а люд разьлёгся навокал яго.
6 І адказаў Давід, і сказаў Агімелеху Гэцічу а Авішаю Цэруёнку, брату Ёававаму, кажучы: «Хто зыйдзе з імною да Саўлы да табару?» І адказаў Авішай: «Я зыйду з табою».
7 І прышоў Давід із Авішаём да людзёў ночы, і вось, Саўла ляжыць, сьпіць у месцу, абаронным вазамі, і дзіда ягоная ўткнёна ў зямлю ля ўзгалоўя ягонага; Аўнір жа а люд ляжаць навокал яго.
8 Авішай сказаў Давіду: «Замкнуў Бог цяпер злосьніка твайго ў рукі твае; дык дазволь, я прыбю яго дзідаю аж да зямлі адным вытням і не паўтару яму».
9 І сказаў Давід Авішаю: «Ня губі яго, бо хто, падняўшы руку на памазанца СПАДАРОВАГА, застанецца нявінны».
10 І сказаў Давід: «Жыў СПАДАР! хіба СПАДАР паразіць яго, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэць, альбо зыйдзе на вайну, і ня стане яго; мяне ж хай не дапусьце СПАДАР падняць руку сваю на памазанца СПДАРОВАГА.
11 А цяпер вазьмі ж дзіду, што ля ўзгалоўя ягонага, і жбан із вадою, і пойдзем да сябе».
12 І ўзяў Давід дзіду а жбан із вадою ля ўзгалоўя Саўлавага, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, але ўсі спалі; бо цьвярды сон ад СПАДАРА напаў на іх.
13 І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на версе гары здалеку, вялікае месца было меж іх.
14 І загукаў Давід да люду а Аўніра Ніранка, кажучы: «Ці не адкажаш ты Аўніру!» І адказаў Аўнір, і сказаў: «Хто ты, што крычыш каралю?»
15 І сказаў Давід Аўніру: «Ці ня муж ты, і хто роўны з табою ў Ізраелю? Чаму ж ты не сьцеражэш спадара свайго, караля? Во прыходзіў адзін ізь люду загубіць караля, спадара твайго.
16 Ня добра ты гэта робіш; жыў СПАДАР! вы сыны сьмерці за тое, што не сьцеражыце спадара свайго — памазанца СПАДАРОВАГА. Дык глянь, ідзе дзіда каралёва й жбан із вадою, што былі ля ўзгалоўя ягонага?»
17 І пазнаў Саўла голас Давідаў, і сказаў: «Ці твой гэта голас, сыну мой Давідзе?» І сказаў Давід: «Мой голас, спадару мой каролю».
18 І сказаў яшчэ: «За што спадар мой перасьлядуе слугу свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руццэ маёй?
19 Дык цяпер хай выслухае спадар мой кароль словы слугі свайго: калі СПАДАР настроіў цябе супроці мяне, то прымі гэта за пах; а калі — сынове людзкія, то праклятыя яны перад СПАДАРОМ, бо яны выгналі мяне цяпер, каб не прылучыцца імне да спадку СПАДАРОВАГА, кажучы: "Ідзі, служы багом чужым".
20 Дык хай не разальлецца ж кроў мая на зямлю перад відам СПАДАРОВЫМ, бо кароль Ізраеляў вышаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапатаю па горах».
21 І сказаў Саўла: «Ізграшыў я; зьвярніся, сыну мой Давідзе; бо наперад я ня буду рабіць табе ліха, бо душа мая была дарагая ў ваччу тваім сядні; вось, дурна рабіў я й мыляўся надзвычайна».
22 І адказаў Давід, і сказаў: «Во дзіда каралёва; хай пярэйдзе адзін ізь дзяцюкоў і возьме яе.
23 А СПАДАР зьверне кажнаму праўдзівасьць ягоную а вернасьць ягоную, бо СПАДАР аддаваў цябе ў рукі, але я не захацеў падняць рукі свае на памазанца СПАДАРОВАГА.
24 І вось, як узьвялічылася душа твая сядні ў ваччу маім, так хай узьвялічыцца душа мая ў ваччу СПАДАРА, і хай выбаве мяне з усялякае бяды!»
25 І сказаў Саўла Давіду: «Дабраславёны ты, сыну мой Давідзе; і справу справіш, і перамагчы пераможаш». І пайшоў Давід сваёю дарогаю, а Саўла зьвярнуўся на свае месца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 26 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.