Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 17 1 Самуйлава 17 раздзел

1 І зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, і зьберліся ў Соко, каторы ў Юдэі, і разьлягліся табарам памеж Сока і Азэку ў Ефес-Даміме.
2 Саўла ж а мужы Ізраельскія зьберліся, і разьлягліся табарам у даліне ля дуба, і прыгатаваліся да вайны наўпярэймы Пілішчанам.
3 І стаялі Пілішчане на гары з аднаго боку, а Ізраелцы на гары з другога боку, а даліна памеж іх.
4 І вышаў із табараў Пілісцкіх дужэль, імям Ґоляф, з Ґафу; ростам ён — шэсьць локцяў і пядзя.
5 І шолам мядзяны на галаве ў яго; і адзеўшыся ён быў у колцавы панцыр, і вага панцыра ягонага — пяць тысячаў сыкляў медзі.
6 І мядзяныя повязкі на нагах у яго, і мядзяная дзіда на мяжыкрылах ягоных.
7 І дзяржаньне дзіды ягонае, як навой у ткачоў; а лязо дзіды ягонае шасьцьсот сыкляў зялеза. І шчытаноша йшоў перад ім.
8 І стаў, і крычэў да радоў Ізраельскіх, і сказаў ім: «Нашто вышлі вы ваяваць? Ці не Пілішчанін я, а вы ня слугі Саўлавы? Абярыце сабе чалавека, і хай зыйдзе да мяне.
9 Калі ён зможа біцца з імною й заб’ець мяне, то мы будзем слугамі вашымі; калі ж я здолею яго й заб’ю яго, то вы будзеце слугамі нашымі, і будзеце служыць нам».
10 І сказаў Пілішчанін: «Я паганбіў рады Ізраельскія сядні; дайце імне чалавека, і мы будзем біцца ў двубою».
11 І пачулі Саўла а ўвесь Ізраель гэтыя словы Пілішчаніна, і спалохаліся а вельмі баяліся.
12 Давід жа — сын Ефрафяніна таго з Бэтлеему Юдзінага, і імя ягонае Есэ, у каторага было восьмі сыноў. І муж гэты за дзён Саўлавых быў старшы меж людзёў.
13 І пайшлі тры старшыя сыны Есавы, пайшлі за Саўлам на вайну; імёны трох сыноў тых, што пайшлі на вайну: старшы Еляў, другі за ім — Авінадаў, а трэйці — Шама.
14 Давід жа быў найменшы. А тры старшыя пайшлі за Саўлам;
15 А Давід пайшоў і зьвярнуўся ад Саўлы, пасьціць авечкі айца свайго ў Бэтлееме.
16 І дабліжаўся Пілішчанін тый нараніцы і ўвечары, і выстаўляў сябе сорак дзён.
17 І сказаў Есэ Давіду, сыну свайму: «Вазьмі ж братом сваім ефу сушаных зярнят а дзесяць гэтых букаткаў хлеба і пабяжы да табару да братоў сваіх;
18 А гэтыя дзесяць сыраў занясі тысячніку, і даведайся ў братоў сваіх, як яны маюцца, і знакі іхныя возьмеш».
19 Саўла ж а яны а ўсі мужы Ізраельскія былі ў даліне дуба і ваявалі зь Пілішчанмі.
20 І ўстаў Давід рана нараніцы, і паручыў авечкі вартаўніку, і падняўся, і пайшоў, як расказаў яму Есэ, і прышоў на месца цялежак. А войска вышла ў баявыя рады і крычэла да бітвы.
21 І зладзілі Ізраелцы й Пілішчане лады, лад супроці ладу.
22 І ськінуў Давід свае рэчы ізь сябе на руку вартаўніку рэчаў, і пабег да ладу, і прышоў, і папытаўся ў братоў сваіх, як маюцца.
23 І як ён гукаў ізь імі, і вось, аднадолец наймя Голяф, Пілішчанін із Ґафу, узышоў з ладу Пілісцкага, і гукаў падобна да тых словаў, і Давід пачуў.
24 І ўсі Ізраелцы, абачыўшы гэтага чалавека, уцяклі ад яго, і надта баяліся.
25 І сказалі Ізраелцы: «Бачыце гэтага чалавека, што ўзышоў? Бо ганьбіць Ізраеля ён узышоў. І будзе, што мужа, каторы заб’ець яго, забагаціць кароль вялікім багацьцям, і дачку сваю выдасьць за яго, і дом айца ягонага зробе вольным у Ізраелю».
26 І сказаў Давід людзём, што стаялі зь ім, кажучы: «Што зробяць таму, хто заб’ець гэтага Пілішчаніна й здыйме ганьбу з Ізраеля? бо хто Пілішчанін неабрэзаны гэты, што ганьбе лад Бога жывога?»
27 І сказаў яму люд подле тога слова, кажучы: «Во, што зробяць таму чалавеку, каторы заб’ець яго».
28 І пачуў Еляў, старшы брат Давідаў, як гукаў ён ізь людзьмі, і зазлаваўся Еляў на Давіда, і сказаў: «Чаго ты зышоў сюды, і на каго пакінуў гэную крыху авец на пустыні? Я ведаю благія замеры твае й злосьць сэрца твайго; бо ты зышоў, каб паглядзець на бітву».
29 І сказаў Давід: «Што ж я зрабіў цяпер? Ці ня словы гэта?»
30 І адвярнуўся ад яго насупроці другога, і сказаў подле слова гэтага, і адказаў яму люд словам, як уперад.
31 І пачулі словы, каторыя гукаў Давід, і сказалі Саўлу, і тый узяў яго.
32 І сказаў Давід Саўлу: «Няхай не лякаецца нічые сэрца з прычыны яго: слуга твой пойдзе й будде біцца з гэтым Пілішчанінам».
33 І сказаў Саўла Давіду: «Ня можаш ты йсьці да гэтага Пілішчаніна, каб біцца зь ім, бо ты маладзёнак, а ён воін із маленства свайго».
34 І сказаў Давід Саўлу: «Пастухом авец быў слуга твой у вайца свайго, і як, бывала, прыходзіў леў альбо мядзьведзь і хапаў казянё із стады,
35 То я выходзіў за ім, і біў яго, і ратаваў зь ляпы ягонае; а калі ён кідаўся на мяне, то я хапаў яго за бараду, і біў яго, і забіваў яго.
36 І лява, і медзьвядзя біваў слуга твой, і будзе гэты Пілішчанін неабрэзаны, як кажны ізь іх, бо ён ганьбе лады Бога жывога».
37 І сказаў Давід: «СПАДАР, Каторы выбаўляў мяне ад лапы лява і ад лапы медзьвядзя, выбаве мяне й ад рукі гэтага Пілішчаніна». І сказаў Саўла Давіду: «Ідзі, і хай будзе СПАДАР із табою».
38 І адзеў Саўла Давіда ў свае адзецьці, і ўзлажыў мядзяны шолам на галаву ягоную, і надзеў на яго панцыр.
39 І паперазаўся Давід мячом ягоным па адзецьцю, і хацеў хадзіць, бо ён яшчэ не прабаваў. І сказаў Давід Саўлу: «,Я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывыкшы». І ськінуў іх Давід ізь сябе.
40 І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх каменчыкаў з ручая, і палажыў іх у пастускі капшук, што быў зь ім; і хатуль, і пушчала ў руццэ ў яго, і дабліжыўся да Пілішчаніна.
41 І крануўся Пілішчанін, ідучы а бліжачыся да Давіда, і чалавек нёс шчыт сьпераду яго.
42 І прыгледзеўся Пілішчанін, і абачыўшы Давіда, пагрэбаваў ім, бо ён быў малец, і румены, з пазорным відам.
43 І сказаў Пілішчанін Давіду: «Ці сабака я, што ты прышоў на мяне зь кіям?» І праклінаў Пілішчанін Давіда сваімі багамі.
44 І сказаў Пілішчанін Давіду: «Падыйдзі да мяне, і я аддам цела твае птуству нябёснаму і жывёле палявой».
45 А Давід сказаў Пілішчаніну: «Ты прышоў на мяне зь мячом а зь дзідаю а шчытом, я ж прышоў на цябе ў імя СПАДАРА войскаў, Бога ладоў Ізраельскіх, каторыя ты ганьбіў.
46 Сядні аддасьць цябе СПАДАР у руку маю, і я заб’ю цябе, і здыйму зь цябе галаву тваю, і аддам труп войска Пілісцкага птуству нябёснаму і зьверу земнаму, і пазнае ўся зямля, што ё Бог у Ізраелю.
47 І пазнае ўся гэта грамада, што не мячом а дзідаю выбаўляе СПАДАР, бо СПАДАРОВА вайна, і Ён аддасьць вас у рукі нашы».
48 І сталася, як паўстаў Пілішчанін, і йшоў, і бліжыўся наўпярэймы Давіду, то пабарзьдзіў Давід і пабег да ладу наўпярэймы Пілішчаніну.
49 І засунуў Давід руку сваю ў капшук, і ўзяў стуль камень, і пусьціў пушчалам, і выцяў Пілішчаніна ў лоб, ажно камень унізаўся ў лоб ягоны, і ён паваліўся відам на зямлю.
50 Дык Давід быў дужшы за Пілішчаніна пушчалам а каменям, і выцяў Пілішчаніна, і забіў яго, мяча ж ня было ў руццэ ў Давіда.
51 Тады Давід падбег і стаў на Пілішчаніна, узяў меч ягоны, і агаліў, і забіў яго, і адцяў ім галаву ягоную; і абачылі Пілішчане, што памер асілак іхны, і ўцякалі.
52 І ўсталі мужы Ізраельскія а Юды, і крычэлі, і гналі Пілішчан, аж пакуль ты ўходзіш у даліну й аж да брамы Екрону. І падалі цятыя Пілішчане па дарозе Шаараімскай, аж да Ґафу й аж да Екрону.
53 І зьвярнуліся сынове Ізраелявы з пагону за Пілішчанмі, і разглабалі табары іхныя.
54 І ўзяў Давід галаву Пілішчаніна, і занёс яе да Ерузаліму, а зброю ягоную палажыў у будане сваім.
55 Як абачыў Саўла Давіда, каторы выходзіў супроці Пілішчаніна, то сказаў Аўніру, вайводцу: «Аўніру, чый сын гэты малец?» Аўнір сказаў: «Хай жывець душа твая, каролю, ня ведаю».
56 І сказаў кароль: «Дык папытайся, чый сын гэты дзяцюк».
57 А як Давід зварачаўся па забіцьцю Пілішчаніна, то Аўнір узяў яго й прывёў да Саўлы, і галава Пілішчаніна была ў руццэ ў яго.
58 І сказаў яму Саўла: «Чый сын ты, мальча?» І сказаў Давід: «Сын слугі твайго Еса Бэтлеемляніна».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 17 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.