Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 22 1 Самуйлава 22 раздзел

1 І вышаў Давід стуль, і ўцёк да пячоры Адуламскае; і пачулі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і зышлі да яго туды.
2 І зьберліся да яго кажны ўцісьнены, і кажны даўжбіт, і кажны зьнемарашчаны душою, — і стаў ён начэльнікам над імі; і было зь ім каля чатырыста чалавекаў.
3 І пайшоў Давід стуль да Міцпы Моаўскае, і сказаў каралю Моаўскаму: «Хай прыйдзе, калі ласка, ацец мой а маці мая да вас, пакуль я не даведаюся, што зробе з імною Бог».
4 І прывёў іх да караля Моаўскага; і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у гэтым замку.
5 Але прарока Ґад сказаў Давіду: «Ня жыві ў гэтым замку, ідзі і ўвыйдзі сабе ў зямлю Юдзіну». І пайшоў Давід, і прышоў да лесу Гэрэф.
6 І пачуў Саўла, што ведама праз Давіда а людзёў, каторыя былі зь ім. Саўла сядзеў тады ў Ґівее пад гаям у Раме, зь дзідаю ў руццэ, і ўсі слугі ягоныя абступалі яго.
7 І сказаў Саўла слугам Сваім, што абступалі яго: «Паслухайце ж, сынове Веняміновы, нягож усім вам дасьць Есянок полі а вінішчы, і ўсіх вас пастанове за тысячнікаў а сотнікаў,
8 Што вы ўсі змовіліся супроці мяне, і ніхто не адкрыў вушом маім, што сын мой учыніў змову зь Есянком; і нікому з вас не баліць за мяне, каб адкрыць вуху майму, што сын мой падвучыў супроці мяне слугу майго цікаваць на мяне, як цяпер?»
9 І адказаў Доіґ Едомеянін, стоячы із слугамі Саўлавымі, і сказаў: «Я бачыў, як Есянок прыходзіў да Нову да Агімелеха Агітувёнка,
10 І гэты пытаўся яму ў СПАДАРА, і даў яму ежу, таксама й меч Голяфа Пілішчаніна аддаў яму».
11 І паслаў кароль пагукаць Агімелеха Агітувёнка сьвятара а ўвесь дом айца ягонага, сьвятароў, каторыя ў Нове; і прышлі яны ўсі да караля.
12 І сказаў Саўла: «Паслухай жа, Агітувёнку!» І тый адказаў: «Вось я, спадару мой!»
13 І сказаў яму Саўла: «Чаму вы змовіліся супроці мяне, ты а Есянок, што ты даў яму хлеб і меч, і пытаўся яму ў Бога, каб ён паўстаў супроці мяне й цікаваў на мяне, як цяпер?»
14 І адказаў Агімелех каралю, і сказаў: «Хто з усіх слугаў тваіх верны, як Давід? Ен і зяць каралёў, і сігае, каб цябе слухаць, і паважаны ў доме тваім?
15 Ці цеперся я пачаў пытацца яму ў Бога? Крый Божа! ня вінуй у гэтым, каролю, слугу свайго а ўвесь дом айца майго; бо ў вусёй гэтай справе ня ведаў слуга твой ані малога, ані вялікага».
16 І сказаў кароль: «Ты маеш памерці, Агімелеша, ты а ўвесь дом айца твайго».
17 І сказаў кароль ганцом, што стаялі ля яго: «Ступіце й забіце сьвятароў СПАДАРОВЫХ; бо таксама рука іхная з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі вуху майму». Але ня зычылі слугі каралёвы выцягнуць рук сваіх, каб напасьці на сьвятароў СПАДАРОВЫХ.
18 І сказаў кароль Доіґу: «Абярніся ты й нападзі на сьвятароў». І абярнуўся Доіґ Едомеянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня асьмідзясят пяцёх мужоў, каторыя насілі лянны наплечнік.
19 І Ноў, места сьвятароў, паразіў лязом мяча, ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці да сысуна, і вала, і асла, і авечку паразіў лязом мяча.
20 Уратаваўся толькі адзін сын Агімелеха Агітувёнка, наймя Авафар, і ўцёк за Давідам.
21 І сказаў Авафар Давіду, што Саўла забіў сьвятароў СПАДАРОВЫХ.
22 І сказаў Давід Авафару: «Я ведаў таго дня, як там быў Доіґ Едомеянін, што ён напэўна скажа Саўлу; я вінен у вусіх душах дому айца твайго.
23 Застанься ў мяне, ня бойся; бо хто будзе шукаць мае душы, будзе шукаць і твае душы; ты будзеш у мяне пад ахаронаю».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 22 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.