Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 15 1 Самуйлава 15 раздзел

1 І сказаў Самуйла Саўлу: «Мяне паслаў СПАДАР памазаць цябе за караля над людам Ягоным, над Ізраелям; і цяпер паслухай голасу СПАДАРОВАГА.
2 Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Успомнеў Я праз тое, што зрабіў Амалік Ізраелю, як ён стаў супроці яго на дарозе, як ён узышоў зь Ягіпту.
3 Цяпер ідзі, і зразь Амаліка, і акануй усе, што ў яго; і не жалей яго, але выбі ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці аж да сысуна, ад вала аж па авечкі, ад вярблюда аж да асла"».
4 І згукаў Саўла люд, і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысячаў пяхотных і дзесяць тысячаў мужоў Юдэі.
5 І дайшоў Саўла да месца Амалікавага, і зрабіў засаду ў даліне.
6 І сказаў Саўла Кінянам: «Пайдзіце, адвярніцеся, зыйдзіце з пасярод Амаліка, каб імне не прылучыць цябе да яго, бо ты зрабіў ласку ўсім сыном Ізраелявым, як яны ўзыходзілі зь Ягіпту"». І адвярнуўся Кінянін з пасярод Амаліка.
7 І зразіў Саўла Амаліка ад Гавілы аж да твайго ўходу ў Шур, каторы перад Ягіптам.
8 І схапілі Аґаґа, караля Амалікавага, жывога, а ўвесь люд чыста аканаваў лязом мяча.
9 І пажалеў Саўла а люд Аґаґа, і найлепшых із драбнога й буйнога статку, і другарадных, але кормных, ягнят, і ўсяго добрага, і не хацелі аканаваць, але ўсе бракоўнае а пакіненае яны аканавалі.
10 І было слова СПАДАРОВА Самуйлу, кажучы:
11 «Жалею, што пастанавіў Я Саўлу за караля; бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня споўніў». І зьнемарасьціўся Самуйла, і гукаў да СПАДАРА цэлую ноч.
12 І ўстаў Самуйла рана нараніцы на сустрэчу із Саўлам. І наказалі Самуйлу, кажучы: «Прыходзіў Саўла на Карміл, і пастанавіў сабе помнік, і абярнуўся, і перайшоў, і зышоў да Ґілґалу».
13 І прышоў Самуйла да Саўлы, і Саўла сказаў яму: «Дабраславёны ты ў СПАДАРА; я споўніў слова СПАДАРОВА».
14 І сказаў Самуйла: «А што гэта за бляяньне авец у вушшу маім, і мычэньне буйнога статку, каторае я чую?»
15 І сказаў Саўла: «Ад Амаліка прывялі іх, што люд ажалеў найлепшых із драбнога й буйнога статку, каб абракаць СПАДАРУ, Богу твайму; а засталае мы аканавалі».
16 І сказаў Самуйла Саўлу: «Пакінь, я скажу табе, што гукаў імне СПАДАР гэтае ночы». І сказаў яму Саўла: «Кажы».
17 І сказаў Самуйла: «Ці не малым ты быў у ваччу сваім, як стаў ты галавою плямёнаў Ізраелявых, і памазаў СПАДАР цябе за караля над Ізраелям?
18 І паслаў цябе СПАДАР у дарогу, і сказаў табе: "Ідзі й акануй грэшнікаў — Амаліка, і ваюй ізь імі, пакуль ня зьнішчыш іх".
19 Чаму ж ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА, і кінуўся на здабытак, і зрабіў ліха ў ваччу СПАДАРА?»
20 І сказаў Саўла Самуйлу: «Я ж паслухаў голасу СПАДАРОВАГА, і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне СПАДАР, і прывёў Аґаґа, караля Амаліцкага, Амаліка ж аканаваў;
21 І ўзяў люд із здабытку, з драбнога й буйнога статку, першае з аканаванага, на абраканьні СПАДАРУ, Богу твайму, у Ґілґале».
22 І сказаў Самуйла: «Ці больш зыча СПАДАР усепаленьняў а аброкаў, чымся слуханьня голасу СПАДАРОВАГА? Вось, валей слуханьне, чымся аброк, і слухмянасьць, чымся тук барані;
23 Бо бунт ё — як грэх варажбы, а ўпорлівасьць — як бяспраўе а балваны. За тое, што ты адхінуў слова СПАДАРОВА, і Ён адхінуў цябе, каб ты ня быў каралём».
24 І сказаў Саўла Самуйлу: «Ізграшыў я, бо выступіў із слова СПАДАРОВАГА і з словаў тваіх, бо я баяўся люду, дык паслухаў голасу іхнага.
25 Цяпер жа здыймі, калі ласка, зь мяне грэх мой і зьвярніся з імною, каб я пакланіўся СПАДАРУ».
26 І сказаў Самуйла Саўлу: «Не зьвярнуся я з табою, бо ты адхінуў слова СПАДАРОВА, і адхінуў цябе СПАДАР, каб ты ня быў каралём над Ізраелям».
27 І абярнуўся Самуйла, каб пайсьці; і Саўла ўхапіў за крысо адзежы ягонае, і разьдзерлася.
28 І сказаў яму Самуйла: «Адарваў СПАДАР гаспадарства Ізраельскае ад цябе сядні і аддаў яго прыяцелю твайму, лепшаму за цябе.
29 Таксама Вечны Ізраеля ня скажа няпраўды й не пашкадуецца, бо не чалавек ён, каб шкадавацца Яму».
30 І сказаў: «Я ізграшыў цяпер; але ўсьці мяне, калі ласка, перад старцамі люду майго і перад Ізраелям, і зьвярніся з імною, і я пакланюся СПАДАРУ, Богу твайму».
31 І зьвярнуўся Самуйла за Саўлам, і пакланіўся Саўла СПАДАРУ.
32 І сказаў Самуйла: «Прывядзіце да мяне Аґаґа, караля Амаліцкага». І падышоў да яго Аґаґ ветла, і сказаў Аґаґ: «Пэўне мінула гарчыня сьмерці?»
33 І сказаў Самуйла: «Як спабываў жанкі дзяцей меч твой, так маці твая меж жанок хай будзе спабыта сына». І расьцяў Самуйла Аґаґа перад СПАДАРОМ у Ґілґале.
34 І пайшоў Самуйла да Рамы, а Саўла пайшоў да дому свайго, да Ґівеі Саўлавае.
35 І болей ня бачыў Самуйла Саўлы аж да дня сьмерці свае; плакаў, адылі, Самуйла па Саўлу, і СПАДАР шкадаваўся, што пастанавіў Саўлу за караля над Ізраелям.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 15 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.