Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 2 1 Самуйлава 2 раздзел

1 І малілася Ганна, і гукала: «Узрадавалася сэрца мае ў СПАДАРУ; узьняўся рог мой у СПАДАРУ; шырака рашчыніліся вусны мае на варагоў маіх; бо я разьвесялілася ў спасеньню Тваім.
2 Нямаш сьвятога, як СПАДАР; бо нямаш іншага, апрача Цябе; і няма скалы, як Бог наш.
3 Ня гукайце болей надта пыхата; лішне сьмелыя словы хай ня выходзяць із вуснаў вашых; бо Бог веданьня СПАДАР, і справы ў Яго ўзважаны.
4 Лук дужых ломіцца, а тыя, што спатыкаюцца, папяразуюцца сілаю.
5 Насычаныя хлебам наняліся, а галодныя перасталі; нават бясплодная родзе сямёра, а каторая мела шмат дзяцей, ялавее.
6 СПАДАР забівае й ажыўляе, зводзе ў бяздоньне й узводзе!
7 СПАДАР голе й багаце, паніжае й павышае.
8 З пылу падыймае ён беднага, із шуметніку павышае галечу, каб пасадзіць із князьмі і даць на спадак ім пасад славы; бо СПАДАРОВЫ поды зямлі, і ён пастанавіў сьвет на іх.
9 Ногі справядлівых Сваіх ён сьцеражэць, а ліхія ў цемні змоўкнуць; бо ня сілаю чалавек перамагае.
10 СПАДАРУ, скрышацца праціўнікі Твае; зь нябёс загрыміць на іх, СПАДАР будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць дужасьць каралю Свайму, і ўзьніме рог памазанца Свайго».
11 І пайшоў Елкана да Рамы двору; а хлопчык служыў СПАДАРУ перад Ілям сьвятаром.
12 А сыны Ілевы — сыны Веляла; яны ня зналі СПАДАРА
13 Ані парадку сьвятароў да люду. Калі хто абракаў аброк, слуга сьвятароў прыходзіў, часу варэньня мяса, зь мясною трызубаю відзёлкаю ў руццэ сваёй,
14 І ўтыкаў яе ў казан, альбо ў рондаль, альбо ў сквараду, альбо ў гаршчок, і што ўзьвяла відзёлка, тое браў сабе сьвятар. Гэтак рабілі яны з усімі Ізраелцамі, што прыходзілі туды да Шыла.
15 Таксама ўперад, чымся спалевалі тук, прыходзіў дзяцюк сьвятарскі й казаў абракаючаму аброк: «Дай мяса на пячонку сьвятару, і ён ня возьме ў цябе варанага мяса, але сырое».
16 І казаў яму тый чалавек: «Хай спаляць, як маюць спаліць, уперад тук, і тады вазьмі сабе, як пажадае душа твая», то ён казаў: «Не, цяпер жа дай, а калі не, то сілком вазьму».
17 І быў грэх гэтых маладзёнаў вельма вялікі перад СПАДАРОМ, бо людзі пачалі грэбаваць абраканьням СПАДАРУ.
18 А Самуйла служыў перад СПАДАРОМ, хлопчык быў паперазаўшыся лянным наплечнікам.
19 І малую вопратку рабіла яму маці ягоная, і ўзносіла яму што году, як узыходзіла з мужам сваім абракаць годнія аброкі.
20 І дабраславіў Іль Елкану а жонку ягоную, і сказаў: «Хай дасьць табе СПАДАР насеньне ад жонкі гэтае замест пазычанага, каторае пазычана СПАДАРУ!» І пайшлі яны на месца свае.
21 І даведаўся СПАДАР да Ганны, і зачала яна, і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьве дачкі; А хлапец Самуйла рос із СПАДАРОМ.
22 Іль жа быў вельма стары, і чуў усе, што рабілі сыны ягоныя ўсяму Ізраелю, і што яны ляжаць із жанкамі, каторыя зьбіраліся ля ўходу ў будан збору.
23 І сказаў ім: «Чаму вы робіце такія ўчынкі? бо я чую ліхія словы праз вас ад усёга люду гэтага.
24 Не, дзеці мае, ня добрыя галасы, каторыя я чую; вы зводзіце люд СПАДАРОЎ.
25 Калі ізгрэша чалавек супроці чалавека, то прычыняцца за яго перад Богам; а калі ж чалавек ізгрэша супроці СПАДАРА, то хто будзе прычынцаю за яго?» Але яны ня слухалі голасу айца свайго, бо СПАДАР хацеў пакараць іх сьмерцяй.
26 А хлапец Самуйла рос а ўзьвялічаўся, і быў добрым таксама ў Бога, і таксама ў людзёў.
27 І прышоў чалавек Божы да Іля, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці не напэўна аб’явіўся Я дому айца твайго, як яшчэ былі яны ў Ягіпце ў доме фараонавым?
28 І абраў яго Сабе з усіх плямёнаў Ізраелявых за сьвятара, абракаць на Маім аброчніку, кадзіць кадзіла, насіць наплечнік перад Імною? І даў Я дому айца твайго ўсі агняныя аброкі сыноў Ізраелявых.
29 Чаму вы ўлегцы маеце аброкі Мае й хлебныя аброкі Мае, каторыя Я расказаў абракаць у сялібе, і чаму ты важыш сыноў сваіх болей за Мяне, каб вы сыцелі пачаткамі ўсіх аброкаў люду Майго Ізраеля?"
30 Затым гэтак агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я цьвердзячы сказаў: "Дом твой а дом айца твайго будуць хадзіць перад відам Маім навекі’. — Але цяпер агалашае СПАДАР: — Хай ня будзе так у Мяне; бо Я ўслаўлю ўслаўляючых Мяне, а ўлегцы маючыя Мяне будуць мала важаныя.
31 Гля, настаюць дні, і Я адатну плячо твае й плячо дому твайго, так што ня будзе старога ў доме тваім;
32 І ты будзеш бачыць праціўніка ў гасподзе, у вусім, чым Я дабро дзеяў Ізраелю; і ня будзе старога ў доме тваім усі дні.
33 І ня кажнага чалавека Я адатну ад аброчніка Свайго, каб скончыць вочы твае й мучыць душу тваю; але патомства дому твайго будзе паміраць сталае.
34 І во знак табе, каторы станецца на двух сынох тваіх, Гофні а Фінегасу: абодва яны памруць у вадзін дзень.
35 І ўстанаўлю Сабе сьвятара вернага, каторы подле сэрца Майго й душы Мае, і пастанаўлю яму дом верны, і ён будзе хадзіць перад памазадцам Маім усі дні.
36 І будзе, што кажны, засталы ў дому тваім, прыйдзе кланяцца яму дзеля геры срэбра а лусты хлеба, і скажа: ’Залічы мяне, я прашу цябе, да аднаго ізь сьвятарскіх урадаў, каб я мог есьці лусту хлеба’"».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуйлава, 2 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.