Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Самуэля 31 1-я Самуэля 31 раздзел

1 А філістынцы ваявалі з ізраэльцамі; і ваяры Ізраэля пабеглі ад філістынцаў, і падалі забітыя на гары Гэльбоэ.
2 І дагналі філістынцы Саўла і сыноў яго, і забілі Ёнатана, і Абінадаба, і Мэльхісуа, сыноў Саўла.
3 І ўрэшце бой ішоў толькі каля Саўла; сталі страляць у яго лучнікі, і быў ён моцна паранены лучнікамі.
4 І сказаў Саўл свайму збраяносцу: «Вазьмі меч свой і забі мяне, каб часам не надышлі гэтыя неабрэзаныя, і не забілі мяне, і не здзекаваліся з мяне». І збраяносец яго не хацеў гэтага зрабіць, бо вельмі баяўся. Тады Саўл дастаў меч, і кінуўся на яго.
5 Калі збраяносец яго ўбачыў, што Саўл памёр, тады сам таксама кінуўся на свой меч і разам з ім памёр.
6 Дык у той дзень загінулі разам Саўл і тры яго сыны, і збраяносец яго, і ўсе людзі яго.
7 А ізраэльцы, што жылі на другім баку раўніны і на тым баку Ярдана, убачыўшы, што войска Ізраэля ўцякло і што загінулі Саўл і сыны яго, пакінулі свае гарады і паўцякалі. І прыйшлі філістынцы, і абжыліся там.
8 Назаўтра ж сталася, што прыйшлі філістынцы, каб рабаваць забітых, і знайшлі Саўла і трох яго сыноў, што ляжалі на гары Гэльбоэ.
9 І адрэзалі яны Саўлу галаву, і забралі зброю яго, якую паслалі па ўсёй зямлі філістынскай, каб разнесці вестку ў храмах багоў сваіх і сярод людзей.
10 І паклалі яны зброю ў святыні Астарты, а цела яго павесілі на муры Бэтсана.
11 Калі даведаліся жыхары Явіса ў Галаадзе пра тое, што філістынцы ўчынілі з Саўлам,
12 падняліся ўсе наймужнейшыя людзі і ішлі ўсю ноч, і знялі цела Саўла і целы сыноў яго з мура Бэтсана, і прынеслі іх у Явіс, і спалілі іх там.
13 І ўзялі яны косці іх, і пахавалі пад тамарыскам у Явісе, і пасцілі там сем дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Самуэля, 31 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.