Мудрасці 1 глава

Кніга Мудрасці
Пераклад Чарняўскага 2017 → Синода́льный перево́д

 
 

Любіце справядлівасць, суддзі зямлі, разумейце Госпада ў Яго дабраце, шукайце Яго з прастатою сэрца,
 

бо дае Ён знайсці Сябе тым, хто не выпрабоўвае Яго, і выяўляе Сябе перад тымі, хто мае веру ў Яго.
 

Крывадушныя бо думкі аддзяляюць ад Бога, а выпрабоўваемая Моц карае нямудрых.
 

У ліхую бо душу не ўвойдзе мудрасць, і не абжывецца ў целе, спадняволеным грахамі.
 

Дух бо святы настаўлення ўцячэ перад хлуснёй, і ўхіліцца ад неразумных думак, і выгане яго надыходзячая злачыннасць.
 

Мудрасць бо ёсць дух, мілуючы людзей, і не пакіне блюзнерцу без кары дзеля яго вуснаў, бо Бог ёсць сведка яго сцёгнаў, і праўдзівы вартаўнік яго сэрца, ды слухач яго мовы;
 

бо Дух Госпадаў напаўняе сусвет, і Той, Хто пранікае ва ўсё, ведае ўсякую мову.
 

Таму той, хто гаворыць нягодна, не зможа схавацца, і не абміне яго караючы суд.
 

Намеры бо бязбожнага будуць даследаваны, а словы яго дойдуць да Госпада для асуджэння ліхіх яго ўчынкаў,
 

бо вуха руплівае чуе ўсё і гук мармытанняў не скрываецца.
 

Дык сцеражыцеся мармытання, якое нічым не дапамагае, і трымайце язык ад ліхой мовы, бо схаванае слова не пройдзе надарма; а лжывыя вусны забіваюць душу.
 

Не прыспяшайце смерці распусным вашым жыццём і не рыхтуйце сабе загубы справамі сваіх рук!
 

Бо Бог не стварыў смерці ды не цешыцца з гібелі жывых;
 

бо Ён стварыў усё для быцця і роды гэтага свету для здароўя; і няма ў іх смяротнага яду, і няма валадарства пекла на гэтай зямлі:
 

справядлівасць бо бессмяротная.
 

Бязбожныя ж сцягваюць яе на сябе словамі і дзейнасцю, думаючы, што яна прыяцелька; чахнуць і заключаюць з ёю прымірэнне, бо заслугоўваюць быць яе ўдзельнікамі.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.