Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Апакаліпсіс 11 Апакаліпсіс, або Адкравенне 11 раздзел

1 І да́дзена была́ мне трысцíна, падо́бная да жазла́, і ска́зана: устань і зме́рай храм Божы і ахвя́рнік, і палічы́ тых, што пакланя́юцца ў ім;
2 а зне́шні двор хра́ма абмінí і не ме́рай яго, бо ён да́дзены язы́чнікам: яны будуць тапта́ць святы́ го́рад со́рак два ме́сяцы.
3 І дам двум све́дкам Маім, і яны будуць праро́чыць ты́сячу дзве́сце шэсцьдзяся́т дзён, апра́нутыя ў валасянíцу.
4 Яны — дзве маслíны і два свяцíльнікі, што стая́ць перад Богам зямлí.
5 І калі хто хоча прычынíць ім шко́ду, то агонь выхо́дзіць з ву́снаў іх і пажыра́е во́рагаў іх; і калі хто захо́ча прычынíць ім шко́ду, то яму нале́жыць так загíнуць.
6 Яны ма́юць ула́ду зачынíць не́ба, каб не ішоў дождж на зямлю́ ў дні праро́цтва іх; і ма́юць ула́ду над во́дамі ператвара́ць іх у кроў і паража́ць зямлю́ ро́знымі бе́дствамі столькі, колькі яны захо́чуць.
7 І калі зако́нчаць яны све́дчанне сваё, звер, што выхо́дзіць з бе́здані, усту́піць у бітву з імі, і перамо́жа іх, і заб’е́ іх,
8 і тру́пы іх пакíне на ву́ліцы вялікага го́рада, які духо́ўна называ́ецца Садо́м і Егíпет, дзе і Гасподзь наш быў распя́ты.
9 І мно́гія з наро́даў, і кале́н, і моў, і плямёнаў будуць глядзе́ць на тру́пы іх тры з пало́ваю дні і не дазво́ляць пакла́сці тру́пы іх у магíлу.
10 І жыхары́ зямлí будуць ра́давацца гэтаму і весялíцца, і будуць пасыла́ць падару́нкі адзін аднаму; таму што два праро́кі гэтыя му́чылі жыхаро́ў зямлí.
11 Але праз тры з пало́ваю дні ўвайшо́ў у іх дух жыцця́ ад Бога; і яны або́два ўста́лі на но́гі свае, і вялікі страх напа́ў на тых, што глядзе́лі на іх.
12 І пачу́лі яны з не́ба гу́чны го́лас, які каза́ў ім: узыдзíце сюды. І яны ўзышлí на не́ба на во́блаку; і глядзе́лі на іх во́рагі іх.
13 І ў той самы час адбыло́ся землетрасе́нне вялікае, і дзяся́тая ча́стка го́рада абры́нулася, і загíнула ад землетрасе́ння сем тысяч імён чалаве́чых; а аста́тнія былí ахо́плены стра́хам і ўзне́слі сла́ву Богу Нябе́снаму.
14 Друго́е го́ра прайшло́; вось, надыхо́дзіць неўзаба́ве трэ́цяе го́ра.
15 І сёмы А́нгел затрубíў, і пачу́ліся на не́бе гу́чныя галасы́, якія каза́лі: ца́рства све́ту ста́ла ца́рствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і Ён будзе ца́рстваваць на ве́кі вяко́ў.
16 І два́ццаць чаты́ры ста́рцы, што сядзе́лі перад Богам на прасто́лах сваіх, упа́лі на аблíччы свае́ і пакланíліся Богу,
17 ка́жучы: дзя́куем Табе, Госпадзі Божа Уседзяржы́цель, Які ёсць, і быў, і ма́еш прыйсці, што Ты прыня́ў сíлу Тваю вялікую і стаў ца́рстваваць.
18 І разгне́валіся язы́чнікі; і прыйшо́ў гнеў Твой і час судзíць мёртвых і даць узнагаро́ду раба́м Тваім, праро́кам, і святы́м, і тым, што бая́цца íмені Твайго, малы́м і вялíкім, і знíшчыць тых, хто знішча́е зямлю́.
19 І адчынíўся храм Божы на не́бе, і стаў ба́чны каўчэ́г запаве́ту Яго ў хра́ме Яго; і былí мала́нкі, і гу́кі, і грамы́, і землетрасе́нні, і град вялікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 11 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Апакаліпсіс 11 раздзел в переводах:
Апакаліпсіс 11 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Толкования Августина
  7. Новый Библейский Комментарий
  8. Лингвистический. Роджерс
  9. Комментарии Давида Стерна
  10. Библия говорит сегодня
  11. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.