1 Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы [імі] ёсць! Свет таму не ведае нас, што не пазнаў Яго.
2 Дарагія, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што, калі гэта само выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць.
3 І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе падобна таму, як Ён чысты.
4 Кожны, хто ўчыняе грэх, дапускаецца і беззаконня, бо грэх ёсць беззаконне.
5 І ведаеце, што Ён аб’явіўся на тое, каб забраць грахі, і ў Ім няма граху.
6 Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.
7 Дзеткі! Хай ніхто вас не зводзіць. Хто робіць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.
8 Хто ўчыняе грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.
9 Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не ўчыняе граху, бо застаецца ў ім семя Яго; і не можа ён грашыць, бо нарадзіўся ад Бога.
10 Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не ўчыняе справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго.
11 Бо такое ёсць абвяшчэнне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
12 Не як Каін: ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго — справядлівыя.
13 Не дзівіцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.
14 Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў; хто не любіць, той застаецца ў смерці.
15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца не мае ў сабе жыцця вечнага, якое з ім застаецца.
16 З таго пазналі мы любоў, што Ён аддаў душу Сваю за нас; і мы павінны аддаваць душу за братоў.
17 Калі хто мае багацце [гэтага] свету і бачыць, што брат яго жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё ад яго, дык як можа трываць у ім любоў Божая?
18 Дзеткі, будзем любіць не словам ці языком, але справай і праўдай.
19 Па гэтым пазнаём, што мы ад праўды, ды супакоім перад абліччам Яго сэрцы нашыя,
20 бо калі нашае сэрца асуджае нас, дык Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё.
21 Даражэнькія, калі сэрца нашае не асуджае нас, маем адвагу перад Богам,
22 і, пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказанні Яго і робім тое, што Яму падабаецца.
23 А прыказанне Яго такое: каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён нам загадаў.
24 І хто выконвае пастановы Яго, той трывае ў Ім, а Ён — у тым, і тое, што Ён трывае ў нас, пазнаём па Духу, Якога Ён нам даў.