Малахіі 1 глава

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Цяжар слова ГОСПАДА да Ізраіля праз рукі Малахіі.
 
Цяжар слова СПАДАРОВАГА Ізраелю Малахам.

Я палюбіў вас, кажа ГОСПАД, а вы кажаце: «У чым Ты палюбіў нас?» Ці ня брат Эзаў для Якуба, кажа ГОСПАД, а Я палюбіў Якуба,
 
«Я ўлюбіў вас, — кажа СПАДАР, — а вы кажаце: "У чым жа нас улюбіў?" Ці ня Ісаў брат Якава? — агалашае СПАДАР, — Я ўлюбіў Якава.

а Эзава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і спадчыну ягоную — цмокам пустыні.
 
А Ісава зьненавідзіў і аддаў горы ягоныя на стустошаньне, а спадак ягоны — смокам пустыні».

Калі скажа Эдом: «Мы зруйнаваныя, але мы вернемся і адбудуем руіны», гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: «Яны адбудуюць, але Я зруйную, і назавуць іх межамі нягоднасьці і народам, на які загневаўся ГОСПАД на вякі».
 
Калі Едом скажа: «Мы зголены, але зьвернемся й адбудуем спустошаньні», дык гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Яны адбудуюць, але Я абуру, і назавуць іх граніцаю нягоднасьці й людам, на каторы СПАДАР абурыўся на векі».

І вочы вашыя ўбачаць [гэта], і вы скажаце: «Узьвялічыўся ГОСПАД па-над межамі Ізраіля».
 
І абачаць вочы вашы, і вы скажаце: «Узьвялічыцца СПАДАР над граніцаю Ізраеля».

«Сын шануе бацьку, і слуга — гаспадара свайго. Дык калі Я — Айцец, дзе пашана Мне? І калі Я — Госпад, дзе страх перада Мною?» — кажа ГОСПАД Магуцьцяў вам, сьвятары, якія грэбуеце імем Маім, і кажаце: «Як мы грэбуем імем Тваім?»
 
«"Сын сьціць айца і слуга — спадара свайго; дык калі Я Айцец, ідзе чэсьць Імне? і калі Я Спадар, ідзе боязьнь Мяне?" — кажа СПАДАР войскаў вам, сьвятарове, што ўлегцы маеце імя Маё, а вы кажаце: "Чым мы ўлегцы маем імя Твае?"

Вы прыносіце на ахвярнік Мой хлеб заплямлены і кажаце: «Чым мы заплямілі Цябе?» Тым, што вы кажаце: «Сталом ГОСПАДА [можна] пагрэбаваць».
 
Абракаеце на аброчнік Мой сплюгаўлены хлеб і кажаце: "Чым мы сплюгавілі Цябе?" — тым, што кажаце: "Стол СПАДАРОЎ грэбаваны".

І калі вы прыносіце сьляпое, каб ахвяраваць, ці не ліхота гэта? І калі прыносіце кульгавае і хворае, ці не ліхота гэта? Наблізься з гэтым да ваяводы твайго, ці будзе ён мець ласку да цябе, альбо ці прыйме аблічча тваё? — кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
 
І як бліжыце сьляпое абракаць, ці ня блага гэта? і як абракаеце кульгавае а хворае, ці ня блага гэта? Прынясі гэта свайму вайводзе, ці ўпадабае ён цябе альбо прыйме цябе? — кажа СПАДАР войскаў. —

А цяпер, прашу, маліце аблічча Божае, каб Ён зьлітаваўся над вамі. З рук вашых было гэта, дык ці Ён прыйме аблічча каго з вас? — кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
 
Дык цяпер, прашу, маліце ж від Божы, каб Ён быў ласкавым да вас; з рук вашых было гэта, ці можа прыняць від каторага з вас? — кажа СПАДАР войскаў. —

Няхай нехта з вас замкне дзьверы [сьвятыні], і не распальвайце ахвярнік Мой надарэмна. Я ня маю ўпадабаньня да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і не прыйму дару з рукі вашай.
 
Валей хто-колечы з вас замкнуў бы дзьверы, і дарма не палілі б на аброчніку Маім. Ня маю прыемнасьці з вас, — кажа СПАДАР войскаў, — ані прыйму аброку з рукі вашае;

Бо ад усходу сонца аж да заходу яго вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, і на кожным месцы будуць прыносіць кадзіла для імя Майго, і дар чысты, бо вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
 
Бо ад усходу сонца аж да заходу яго вялікае будзе імя Маё меж народаў, і на кажным месцу кадзіла будуць кадзіць імені Майму, ды будзе чысты аброк, бо вялікае будзе імя Маё меж народаў, — кажа СПАДАР войскаў. —

Але вы зьневажаеце яго тым, што кажаце: «Стол ГОСПАДА заплямлены, і прыбытак з яго, пасілак ягоны ня [варты] пашаны».
 
Але вы будзеніце яго тым, што кажаце: "Стол СПАДАРОЎ — сплюгаўлены, і прыбытак ізь яго, ежа яго вартая грэбаваньня".

І вы кажаце: «Вось, якая цяжкасьць», хоць зьдзьмухнуць гэта можаце, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і прыносіце крадзенае, кульгавае і хворае, вы прыносіце гэтакі дар. Ці магу Я прыняць гэта з рукі вашай? — кажа ГОСПАД.
 
Ды казалі: "Во, якая стома!" хоць бы зьдзьмухнуць яго маглі, — кажа СПАДАР войскаў, — і прыносілі разарванае а кульгавае а хворае, — гэтак вы прыносілі аброк: ці мог Я прыняць гэта з рукі вашае? — кажа СПАДАР. —

І пракляты ашуканец, які мае ў чарадзе самца і абяцае [яго], і ахвяруе Госпаду папсаванае; бо Я — Валадар вялікі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і імя Маё страшнае сярод народаў.
 
Але пракляты ашуканец, што мае ў чарадзе самца і абяцае абятніцу, абракае, адылі, СПАДАРУ папсаванае; бо Я Кароль вялікі, — кажа СПАДАР войскаў, — і імя Маё страшнае памеж народаў».



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.