Рут 1 глава

Кніга Рут
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было ў дні, калі судзілі судзьдзі, і быў голад на зямлі, і пайшоў чалавек з Бэтлеему Юдэйскага жыць на палях Мааву, ён, і жонка ягоная, і два сыны ягоныя.
 
І было таго часу, як радзілі судзьдзі, што была галадоў у зямлі; і пайшоў адзін чалавек із Бэтлеему Юдэйскага, жыць на палёх Моаўскіх, ён а жонка ягоная а два сыны ягоныя.

І [было] імя чалавека Элімэлех, а імя жонкі — Наомі, а імёны двух сыноў ягоных — Махлон і Кільён з Эфраты, з Бэтлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Мааву, і былі там.
 
А імя члавека Елімелех, імя жонкі ягонае Наомі, а імя двух сыноў ягоных Маглон а Хілён; яны былі Ехрамляне зь Бэтлеему Юдэйскага. І прышлі яны на полі Моаўскія, і былі там.

І памёр Элімэлех, муж Наомі, і засталася яна і два сыны ейныя.
 
І памер Елімелех, муж Наомін, і засталася яна і два сыны яе.

І ўзялі яны сабе жонак Мааўлянак, імя адной — Орпа, а імя другой — Рут. І яны жылі там гадоў дзесяць.
 
І яны ўзялі сабе жонкі з Моаўлянак; імя аднае Орпа, а імя другое Рут; і жылі яны там каля дзесяцёх год.

І памерлі таксама Махлон і Кільён, і засталася жанчына без дзяцей і бяз мужа.
 
І памерлі таксама абодва Маглон а Хілён; і засталася тая жонка па абодвых сынох і па мужу сваім.

І ўстала яна, і нявесткі яе, і вярнуліся з палёў Мааву, бо пачула яна на палях Мааву, што ГОСПАД наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
 
І ўстала яна зь нявесткамі сваімі, і пайшла назад із палёў Моаўскіх, бо пачула на палёх Моаўскіх, што СПАДАР даведаўся да люду свайго, каб даць ім хлеб.

І выйшла яна з месца, у якім была, і дзьве нявесткі ейныя з ёй, і яны пайшлі па дарозе назад у зямлю Юды.
 
І вышла яна з тога места, у каторым яна была, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. І пайшлі яны дарогаю, каб зьвярнуцца да зямлі Юдэйскае.

І сказала Наомі двум нявесткам сваім: «Ідзіце, няхай [кожная] жанчына вернецца ў дом маці сваёй. Няхай зьявіць вам ГОСПАД міласэрнасьць, як вы зьявілі памерлым сваім і мне.
 
І сказала Наомі дзьвюм нявесткам сваім: «Ідзіце, зьвярніцеся кажная да дому маці свае. Хай СПАДАР учыне з вамі ласку, як вы ўчынілі з памерлымі а з імною!

Няхай дасьць вам ГОСПАД знайсьці спакой жаночы ў доме мужа свайго». І яна пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
 
Хай дасьць вам СПАДАР, каб вы знайшлі супачынак, кажная ў доме мужа свайго!» І цалавала іх. Яны ж узьнялі голас свой і плакалі,

І сказалі яны ёй: «Мы вернемся з табою да народу твайго».
 
І сказалі ёй: «Не, мы з табою зьвернемся да люду твайго».

І сказала Наомі: «Вяртайцеся, дочкі мае. Навошта вы пойдзеце са мною? Ці ж маю я сыноў ва ўлоньні маім, каб яны сталіся мужамі для вас?
 
І сказала Наомі: «Зьвярніцеся, дачкі мае; нашто вам ісьці з імною? Ціж яшчэ ёсьць у мяне сынове ў маіх нутрох, каторыя былі б вам мужамі?

Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце. Бо я занадта старая, каб выйсьці замуж, нават калі б я сказала: “Ёсьць для мяне надзея”, і таксама ў гэту ноч выйшла замуж, і нарадзіла сыноў,
 
Зьвярніцеся, дачкі мае, пайдзіце; бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я й сказала: "Ё імне яшчэ надзея", нават, калі б я была гэтуго ноч мужу і нават нарадзіла сыноў,

ці будзеце вы чакаць, пакуль яны вырастуць? Ці дзеля іх вы ня выйдзеце замуж? Не, дочкі мае. Вельмі горка мне з-за вас, бо зьвернута на мяне рука ГОСПАДА».
 
То ці можна вам ждаць, пакуль яны вырасьлі б? Ці можна вам адвалакаць і ня выходзіць замуж? Не, дачкі мае, бо горка імне вельма за вас, бо вышла супроці мяне рука СПАДАРОВА».

І яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. І Орпа пацалавала сьвякруху сваю, а Рут засталася з ёю.
 
Яны ўзьнялі галасы свае і плакалі яшчэ. І Орпа цалавала сьвякрывю сваю, а Рут прыліпла да яе.

І сказала [Наомі]: «Вось, швагерка твая вярнулася да народу свайго і багоў сваіх. Вяртайся і ты за швагеркай тваёй».
 
І сказала: «Вось, ятроўка твая зьвярнулася да люду свайго й да багоў сваіх; зьвярніся й ты за ятроўкаю сваёй!»

І сказала Рут: «Не прымушай мяне, каб я пакінула цябе і зыйшла ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды я пайду, дзе ты будзеш жыць, там я буду жыць. Народ твой будзе народам маім, і Бог твой будзе Богам маім.
 
І сказала Рут: «Не малі мяне пакінуць цябе й зьвярнуцца, каб ня йсьці за табою; бо куды ты пойдзеш, я пайду, і йдзе ты начаваць будзеш, я буду начаваць; люд твой — мой люд, Бог твой — Бог мой;

Дзе ты памрэш, там я памру, і там буду пахаваная. Няхай гэта зробіць мне ГОСПАД і няхай яшчэ дадасьць, бо [толькі] сьмерць аддзеліць мяне ад цябе».
 
І йдзе ты памрэш, і я памру, і там пахавана буду. Гэтак хай зробе СПАДАР імне, і гэтак хай дадасьць імне, бо адно сьмерць разлуча мяне з табою».

І ўбачыла [Наомі], што [Рут] вырашыла ісьці з ёю, і перастала адгаворваць яе.
 
І бачачы, што яна станаўко наважыла йсьці зь ёю, перастала гукаць ёй.

І ішлі абедзьве разам, аж прыйшлі ў Бэтлеем. І было, калі прыйшлі ў Бэтлеем, увесь горад узрушыўся, і казалі: «Ці ж гэта Наомі?»
 
І йшлі абедзьве яны, пакуль ня прышлі да Бэтлеему. І сталася, як прышлі яны да Бэтлеему, што прышло ў рух усе места ад іх, і казалі: «Ці гэта Наомі?»

А яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо вялікай горыччу напоўніў мяне Усемагутны.
 
І яна сказала ім: «Не завіце мяне Наомі, але завіце мяне Марою, бо ўчыніў Усемагучы гаркою вельма мяне.

Я выйшла поўная, але пустою вярнуў мяне ГОСПАД. Чаму вы называеце мяне Наомі, калі ГОСПАД выступіў супраць мяне і Усемагутны спаслаў няшчасьце на мяне».
 
Я поўная вышла, а пустою зьвярнуў СПАДАР мяне. Нашто вам зваць мяне Наомі, калі СПАДАР мучыў мяне, і ўсемагучы прычыніў імне ліха?»

І вярнулася Наомі, і Рут Мааўлянка, нявестка ейная, з ёю вярнулася з палёў Мааву, і прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку жніва ячменю.
 
І зьвярнулася Наомі, і Рут Моаўлянка, нявестка ейная зь ёю, зьвярнулася з палёў Моаўскіх, і яны прышлі да Бэтлеему на пачатку жніва ячменю.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.