3 Іаана 1 глава

3-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова
Пераклад праваслаўнай царквы → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Ста́рац — узлю́бленаму Га́ію, якога я люблю́ ў íсціне.
 
Старэйшына — улюбёнаму Гаію, якога я люблю ў праўдзе.

Узлю́блены! малю́ся, каб ты меў добры по́спех і быў здаро́вы, як ма́е добры по́спех душа́ твая.
 
Улюбёны, малюся, каб ты ва ўсім меў вялікі поспех і быў здаровы, як мае вялікі поспех твая душа.

Бо я вельмі ўзра́даваўся, калі прыхо́дзілі браты́ і све́дчылі пра тваю ве́рнасць, як ты жыве́ш у íсціне.
 
Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыходзілі браты і сведчылі аб тваёй праўдзе, як ты і жывеш у праўдзе.

Для мяне няма бо́льшай ра́дасці, як чуць, што дзеці мае́ жывуць у íсціне.
 
Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.

Узлю́блены! ты паво́дле ве́ры дзе́йнічаеш у тым, што ро́біш дзе́ля братоў і дзе́ля пры́шлых;
 
Улюбёны, ты верна дзейнічаеш у тым, што ты робіш для братоў і да таго чужаземных,

яны све́дчылі перад Царкво́ю пра тваю любоў; ты добра зро́біш, калі адпра́віш іх так, як трэба дзе́ля Бога,
 
якія засведчылі пра тваю любоў перад царквою; і ты добра зробіш, калі правядзеш іх, як належыць, дзеля Бога;

бо яны дзе́ля імя́ Яго пайшлí, не ўзя́ўшы нічога ад язы́чнікаў.
 
бо яны дзеля [Яго] Імя выйшлі, нічога не ўзяўшы ад язычнікаў.

Дык вось, мы павíнны прыма́ць такіх, каб стаць супрацо́ўнікамі ісціне.
 
Так што мы павінны падтрымліваць такіх, каб нам зрабіцца супрацоўнікамі праўды.

Я пісаў Царкве; але Дыятрэ́ф, які лю́біць першынствава́ць у іх, не прыма́е нас.
 
Я сёе-тое напісаў царкве; але Дыятрэф, які любіць першынстваваць у іх, не прымае нас.

Таму, калі я прыйду, то нагада́ю пра ўчы́нкі, якія ён робіць, га́ньбячы нас ліхíмі сло́вамі, і гэтага яму яшчэ ма́ла, дык ён і сам не прыма́е братоў, і жада́ючым забараня́е, і з Царквы выганя́е.
 
Таму, калі я прыйду, то нагадаю пра яго ўчынкі, якія ён вытварае, плявузгаючы на нас ліхімі словамі; і, не задавальняючыся гэтым, ён і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прыняць, і выганяе з царквы.

Узлю́блены! перайма́й не злое, а добрае. Хто ро́біць дабро, той ад Бога; а хто ро́біць зло, той не ба́чыў Бога.
 
Улюбёны, пераймай не ліхое, а добрае. Хто творыць дабро, той — ад Бога; хто творыць ліха, той не бачыў Бога.

Пра Дзімíтрыя засве́дчана ўсімі і самою íсцінаю; і мы таксама све́дчым, і вы ведаеце, што све́дчанне наша íсціннае.
 
Пра Дзімітрыя засведчана ўсімі, і самою праўдай; і мы таксама сведчым, і ты ведаеш1, што наша сведчанне праўдзівае.

Многае меў я напіса́ць; але не хачу піса́ць табе чарнíлам і пяро́м,
 
Шмат я меў напісаць табе, але не хачу пісаць табе чарнілам і пяром;

а спадзяю́ся неўзаба́ве ўба́чыць цябе і ву́сна пагавары́ць.
 
а спадзяюся хутка ўбачыць цябе, і мы пагаворым з вуснаў у вусны.

Мір табе. Віта́юць цябе сябры́; вітаа́й сяброў паіме́нна. Амíнь.
 
Мір табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна. [Амін].

Примечания:

 
 
Пераклад Анатоля Клышкi
12 1: У некат. рукап.: вы ведаеце.
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.