Да Рымлянаў 10 глава

Пасланне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Браты, у сваім сэрцы я жадаю для іх збаўлення і аб гэтым малюся да Бога.
 

Бо сведчу пра іх, што яны маюць Божую руплівасць, але не паводле пазнання.
 

Не разумеючы Божай справядлівасці і шукаючы ўласнай справядлівасці, яны не падпарадкаваліся справядлівасці Божай.
 

Вяршыняй жа Закону ёсць Хрыстус дзеля апраўдання кожнага, хто верыць.
 

Майсей піша аб справядлівасці, якая з Закону, што чалавек, выканаўшы яго, будзе праз яго жыць.
 

А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы сваім: хто ўзыдзе на неба?», каб Хрыста прывесці,
 

або: «Хто сыдзе ў адхлань?», каб Хрыста ўзняць з мёртвых.
 

Але што кажа? «Блізка да цябе слова, на вуснах тваіх і ў сэрцы тваім». Гэта значыць, слова веры, якое прапаведуем.
 

Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго, будзеш збаўлены.
 

Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення.
 

Пісанне ж кажа: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
 

І няма розніцы паміж юдэем і грэкам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча.
 

І кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.
 

Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не пачулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць?
 

І як будуць абвяшчаць, калі не будуць пасланыя? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае дабро».
 

Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас?»
 

Таму вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста.
 

Але я кажу: хіба не пачулі яны? Наадварот. Па ўсёй зямлі разышоўся іхні голас, і словы іхнія — да краёў свету.
 

Але кажу: ці ж Ізраэль не пазнаў? Ужо Майсей кажа: «Я абуджу ў вас руплівасць праз таго, хто не ёсць народам, разгневаю вас праз народ неразумны».
 

А Ісая адважыўся ды кажа: «Мяне знайшлі тыя, хто не шукаў, аб’явіўся Я тым, хто не пытаўся пра Мяне».
 

Ізраэлю кажа: «Увесь дзень Я працягваў рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпартага».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.