2 Летапісу 24 глава

Другая кніга Летапісу
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Десницкого

 
 

Сем год было Ёашу, як загаспадарстваваў, і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці яго Цыва, зь Веер-Шэвы.
 

І рабіў Ёаш справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні Егояды сьвятара.
 

І ўзяў яму Егояда дзьве жонкі, і ён меў сыноў а дачкі.
 

І просьле гэтага прышло ў сэрца Ёашу аднавіць дом СПАДАРОЎ;
 

І зьбер ён сьвятароў а Левітаў, і сказаў ім: «Выйдзіце да местаў Юдэі, і зьбірайце з усіх Ізраялян срэбра на паправу дому Бога вашага год у год, і пабарзьдзіце ў гэтай справе». Але Левіты не барзьдзілі.
 

І пагукаў кароль Егояду начэльніка, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад Левітаў зносіць ізь Юдэі а зь Ерузаліму дані подле расказаньня Масея, слугі СПАДАРОВАГА, і грамады Ізраелявае да вітальні сьветчаньня?»
 

Бо сыны Афаліны, гэтае бязбожнае жонкі, зламілі дом СПАДАРОЎ і ўсі пасьвячоныя рэчы дому СПАДАРОВАГА далі Ваалам.
 

І сказаў кароль, і зрабілі адну скарбонку, і пастанавілі яе вонках брамы дому СПАДАРОВАГА.
 

І зрабілі агалашэньне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каб прыносілі СПАДАРУ складку подле загады Масея, слугі Божага, Ізраелю на пустыні.
 

І радаваліся ўсі князі а ўвесь люд, і прыносілі, і кідалі да скарбонкі, пакуль напоўнілі.
 

І было, што таго часу прыносілі скарбонку рукамі Левітаў да каралеўскага ўраду, і як бачылі, што шмат грошы, то прыходзіў пісар каралеўскі й ураднік найвышшага сьвятара, і выпаражнялі скарбонку, і бралі яе, і адносілі яе ўзноў на яе места. Гэтак яны рабілі дзень пры дню, і зьберлі срэбра множасьць.
 

І кароль, і Егояда аддавалі яго тым, што рабілі работу службы дому СПАДАРОВАГА, і наймалі камачосаў а цесьляў аднаўляць дом СПАДАРОЎ, а таксама майстроў зялеза а медзі мацаваць дом СПАДАРОЎ.
 

І рабілі работнікі, і спорная была работа ў руках іхных, і аднавілі дом СПАДАРОЎ на яго месцу, і ўмацавалі яго.
 

І як скончылі, яны прынесьлі астачу грошы да караля а Егояды. І зрабілі судзьдзе да дому СПАДАРОВАГА, судзьдзе да службы а да абраканьня, і ложкі, і судзьдзе залатое а срэбнае. І абракалі ўсепаленьні ў доме СПАДАРОВЫМ кажначасна ўсі дні Егояды.
 

Але Егояда застараўся, і быў поўны дзён, і памер; сто трыццаць год было яму, як ён памер.
 

І пахавалі яго ў месьце Давідавым із каралямі, бо ён рабіў добрае ў Ізраелю Богу а дому Ягонаму.
 

А, па сьмерці Егояды, прышлі князі Юдэйскія, і пакланіліся каралю; тады кароль пачаў слухаць іх.
 

І пакінулі дом СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і служылі гаём а балваном, — і прышоў гнеў на Юду а Ерузалім за гэты выступ іхны.
 

І Ён пасылаў прарокаў да іх навярнуць іх да СПАДАРА, і яны сьветчылі супроці іх, але яны не зважалі.
 

І дух Божы ахінуў Захару, сына Егояды сьвятара, і стаў ён над людам, і сказаў ім: «Чаму вы выступаеце з расказаньня СПАДАРОВАГА? ня будзе вам дасьпеху, бо вы пакінулі СПАДАРА, то Ён пакінуў вас».
 

І яны змовіліся супроці яго, і ўкаменавалі яго, на расказаньне каралёва, на панадворку дому СПАДАРОВАГА.
 

Гэткім парадкам кароль Ёаш ня памятаваў ласкі, каторую Егояда, айцец ягоны, зрабіў яму, але забіў сына ягонага. І, паміраючы, ён сказаў: «СПАДАР бача гэта і спагоне».
 

І сталася ў канцу году: войска Арамскае ўзышло супроці яго, і прышлі да Юдэі а Ерузаліму, і выгубілі ўсіх князёў люду з памеж люду, і ўвесь здабытак свой паслалі каралю Дамаскаму.
 

Праўда, войска Арамскае прышло ў малой колькасьці, але СПАДАР даў вельма вялікае войска ў рукі іх, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Гэтак яны зрабілі суды над Ёашом.
 

І як яны адышлі ад яго, пакінуўшы яго ў шмат хваробах, собскія слугі ягоныя змовіліся супроці яго за кроў сына Егояды сьвятара, і забілі яго на ягоным ложку, і ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым, але не пахавалі яго ў грабох каралеўскіх.
 

А гэта змоўнікі супроці яго: Завад, сын Шымеафы Амонянкі, і Егозавад, сын Шымрыфы Моаўлянкі.
 

Праз сыноў жа ягоных, і празь велічыню дані на яго, і ўзглядам поду дому Божага, вось, запісана ў зьясьненьню кнігі каралеўскае. І Амася, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.