Эздры 7 глава

Кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Па гэтых падзеях у цараванне Артаксэркса, цара персаў, Эздра, сын Сараі, сына Азарыі, сына Хэлькіі,
 

сына Сэлума, сына Садока, сына Ахітуба,
 

сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта,
 

сына Зараі, сына Озі, сына Бокцы,
 

сына Абісуэ, сына Пінхаса, сына Элеязэра, сына Аарона, першасвятара, —
 

сам Эздра выйшаў з Бабілона; і ён сам быў адукаваным настаўнікам у законе Майсеевым, які даў яму Госпад, Бог Ізраэля. І як рука Госпада, Бога яго, супачывала над ім, то споўніў цар усякую яго просьбу.
 

І ў сёмым годзе цара Артаксэркса пайшлі з ім у Ерузалім некаторыя з сыноў Ізраэля: і з сыноў святароў, і з сыноў левітаў, і са спевакоў, і з прыдзверных, і з нявольнікаў святыні.
 

І ён вярнуўся ў Ерузалім у пятым месяцы акурат у сёмы год цара.
 

У першы дзень першага месяца ён выйшаў з Бабілона, і ў першы дзень пятага месяца прыбыў у Ерузалім, бо спагадная рука Бога яго супачывала на ім.
 

Бо Эздра схіліў сэрца сваё, каб вывучаць і спаўняць закон Госпадаў, і выконваць, і вучыць у Ізраэлі прыказанню і закону.
 

А вось змест ліста, які даў цар Артаксэркс Эздру, святару, настаўніку, дасведчанаму ў прыказаннях Госпадавых і пастановах Яго для Ізраэля:
 

«Артаксэркс, цар цароў — святару Эздру, дасканаламу настаўніку закону Бога нябеснага, — прывітанне.
 

Мною выдадзена пастанова, што, калі хто ў маім царстве з народа Ізраэля, ці то са святароў яго, ці з левітаў захоча ісці ў Ерузалім, хай ідзе з табой.
 

Бо самім царом і сямю яго дарадчыкамі пасланы ты, каб наведаць Юдэю і Ерузалім паводле закону Бога твайго, які маеш у руцэ сваёй,
 

і каб занесці срэбра і золата, якое цар і дарадчыкі яго добраахвотна ахвяравалі Богу Ізраэля, палатка Якога знаходзіцца ў Ерузаліме,
 

і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш ва ўсёй краіне Бабілонскай разам з добраахвотнымі ахвярамі, складзенымі народам і святарамі для дома Бога свайго, што ў Ерузаліме,
 

ты, такім чынам, за гэтыя грошы старанна купляй цялят, бараноў, ягнят, і ахвяры хлебныя, і ахвяры вадкія, і складзі іх на ахвярніку святыні Бога вашага, што ў Ерузаліме.
 

Але калі табе і братам тваім захочацца нешта зрабіць з рэштаю срэбра і золата, дык рабіце паводле волі Бога вашага.
 

Таксама пасудзіны, якія даручаюцца табе для службы ў доме Бога твайго, перадай перад Богам у Ерузаліме.
 

Але і іншае, што спатрэбіцца для дома Бога твайго, выдадуць хай з царскай скарбоўні.
 

І я, Артаксэркс, цар, пастанавіў і загадаў усім вартаўнікам грамадскай казны, якія за ракою, каб усё, аб чым папросіць вас Эздра, святар, настаўнік закону Бога нябеснага, вы далі, не адкладаючы:
 

срэбра — аж да ста талентаў, і пшаніцы — аж да ста кораў, і віна — аж да ста батаў, і аліўкавага алею — аж да ста батаў; а солі — без абмежавання.
 

Усё, што патрабуе Бог нябесны, хай будзе неадкладна дадзена ў дом Бога нябеснага, каб часам не загневаўся Ён на дзяржаву цара і яго сыноў.
 

Таксама паведамляем вам, што не маеце права абкладаць падаткам, і данінаю, і падаткам на харчы ўсіх святароў, і левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, нявольнікаў і паслугачоў гэтага дома Божага.
 

А ты, Эздра, паводле мудрасці Бога твайго, якую маеш, пастаў кіраўнікоў і суддзяў, каб судзілі ўвесь народ за Ракою, гэта значыць, тых, што ведаюць закон Бога твайго; але і тых, хто недасведчаны, старанна вучыце.
 

І кожны, хто не спаўняе старанна закону Бога твайго і закону цара, хай будзе асуджаны або на смерць, або на выгнанне, або на грашовае яго пакаранне, або, прынамсі, на вязніцу».
 

Дабраславёны, Госпад, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў гэта ў сэрца цара, каб уславіць дом Госпада, што ў Ерузаліме,
 

і Які на мяне накіраваў міласэрнасць цара і яго дарадчыкаў ды ўсіх магутных кіраўнікоў яго. Ды я, узмацаваны рукою Госпада, Бога майго, якая на мне, сабраў кіраўнікоў Ізраэля, каб пайшлі са мною.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.