Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад 35 Выхад 35 раздзел

1 І сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраіля, і сказаў: «Вось словы, якія загадаў ГОСПАД, каб выконваць іх.
2 Шэсьць дзён будзеш рабіць работу, а ў сёмы дзень будзе ў вас сьвята, супачынак супачынку для ГОСПАДА; кожны, хто будзе рабіць у ім работу, памрэ.
3 Не паліце агню ў-ва ўсіх сядзібах вашых у дзень супачынку».
4 І сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраіля: «Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД, кажучы:
5 “Зьбярыце ад сябе дар ГОСПАДУ. Кожны шляхетнага сэрца няхай прынясе дар ГОСПАДУ: золата, срэбра і медзь,
6 і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную [поўсьць],
7 і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі,
8 і алей для асьвятленьня, і пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня,
9 і камяні оніксу, і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку.
10 І ўсе з вас, хто мудры сэрцам, няхай прыйдуць і зробяць усё, што загадаў ГОСПАД:
11 Сялібу і намёт для яе, і пакрыцьцё для яе, гачыкі для яе і дошкі для яе, насілы яе, слупы яе і падстаўкі яе,
12 Каўчэг [Сьведчаньня] і насілы для яго, накрыўку і заслону, якая вісіць,
13 стол і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, і хлябы пакладныя,
14 і сьвечнік для асьвятленьня з начыньнямі ягонымі, і лямпы для яго, і алей для асьвятленьня,
15 і ахвярнік каджэньня, і насілы для яго, і алей памазаньня і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў Сялібу,
16 ахвярнік цэласпаленьня і крату мядзяную для яго, і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную,
17 заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі іхнія, і заслону на ўваходзе ў панадворак,
18 калкі Сялібы і калкі панадворку, і вяроўкі да іх,
19 адзеньні службовыя для служэньня ў сьвятыні, і адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара, і адзеньні для сыноў ягоных для служэньня сьвятарскага”».
20 І адыйшла ўся грамада сыноў Ізраіля ад аблічча Майсея.
21 І прыходзіў кожны чалавек, якога прынукала да гэтага сэрца ягонае, і кожны, якога заахвочваў дух ягоны, і прыносілі дар ГОСПАДУ на вырабленьне Намёту Спатканьня, і на ўсё служэньне ў ім, і на адзеньні сьвятыя.
22 І прыходзілі мужчыны і жанчыны, усе ахвотнага сэрца, і прыносілі кольцы і завушніцы, і пярсьцёнкі, і бранзалеты, і ўсялякія рэчы залатыя, і кожны, патрэсваючы, [складаў] золата для ГОСПАДА [як ахвяру] патрэсваньня.
23 І кожны, у каго быў блакіт і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіная поўсьць, і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, прыносіў іх.
24 І кожны, хто ахвяроўваў дар срэбра і медзі, прыносіў гэты дар для ГОСПАДА. І кожны, у каго знайшлося дрэва акацыі, прыносіў [яго] на ўсялякую патрэбу служэньня.
25 І ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі рукамі сваімі і прыносілі пражу блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і вісону.
26 І ўсе жанчыны, якіх прынукала сэрца іхняе, пралі ў мудрасьці казіную [поўсьць].
27 А начальнікі прыносілі камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку,
28 і пахошчы, і алей для асьвятленьня, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла.
29 Кожны мужчына і жанчына з сыноў Ізраіля, якіх заахвочвала сэрца іхняе прынесьці на ўсялякую работу, якую ГОСПАД загадаў зрабіць рукою Майсея, прыносілі дабраахвотна для ГОСПАДА.
30 І сказаў Майсей сынам Ізраіля: «Глядзіце, ГОСПАД паклікаў па іменьні Бэцалеэля, сына Урыя, сына Хура, з калена Юды,
31 і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, разумнасьцю, веданьнем і [ўменьнем] да ўсялякай працы,
32 і мастацкімі здольнасьцямі рабіць з золата, срэбра і медзі,
33 і абрабляць камяні для асаджэньня іх, і абрабляць дрэва, і рабіць [з ім] усялякую мастацкую работу.
34 І здольнасьць вучыць даў у сэрца яго і Агаліява, сына Ахісамаха, з калена Дана.
35 І Ён напоўніў іх мудрасьцю сэрца, каб яны рабілі ўсякую працу разьбяра, і мастака, і вышывальніка на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне, і ткача, які робіць усякую працу і мастацкі аздабляе [тканіну].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхад, 35 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.