Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад, 14 Выхад, 14 глава

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Скажы сынам Ізраіля, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, між Мігдолам і морам, перад Баал-Цэфонам. Насупраць яго станьце табарам каля мора.
3 І скажа фараон пра сыноў Ізраіля: “Яны заблукалі ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня”.
4 І Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, і ён пагоніцца за імі, і Я ўслаўлюся над фараонам і над усім войскам ягоным; і пазнаюць Эгіпцяне, што Я — ГОСПАД». І зрабілі гэтак.
5 І паведамілі валадару Эгіпецкаму, што народ уцёк; і павярнулася сэрца фараона і слугаў ягоных супраць народу [Ізраіля], і сказалі яны: «Што гэта мы зрабілі, што адпусьцілі Ізраільцянаў са службы нам?»
6 І запрог ён калясьніцу сваю, і народ свой узяў з сабою.
7 І ўзяў шэсьцьсот калясьніцаў выборных, і ўсе калясьніцы Эгіпецкія, і па тры [ваяры] на кожнай з іх.
8 І зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, валадара Эгіпту, і ён пагнаўся за сынамі Ізраіля; а сыны Ізраіля выйшлі пад рукою ўзьнятаю.
9 І пагналіся Эгіпцяне за імі, і ўсе коні і калясьніцы фараона, і вершнікі ягоныя, і ўсё войска ягонае дагналі іх, калі тыя стаялі табарам каля мора, каля Пі-Гахіроту насупраць Баал-Цэфону.
10 І фараон наблізіўся, і ўзьнялі сыны Ізраіля вочы свае, і вось, Эгіпет рушыць за імі, і моцна напужаліся, і клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА.
11 І сказалі Майсею: «Ці ж не было магілаў у Эгіпце, што ты ўзяў нас паміраць у пустыні? Што гэта ты зрабіў нам, што вывеў нас з Эгіпту?
12 Ці ня гэтае слова гаварылі мы табе ў Эгіпце, кажучы: “Пакінь нас, і мы будзем служыць у Эгіпцянаў”? Бо лепш нам служыць у Эгіпцянаў, чым паміраць у пустыні».
13 І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся! Стойце і ўбачыце збаўленьне ГОСПАДА, якое Ён учыніць для вас сёньня. Бо Эгіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце ўжо на вякі.
14 ГОСПАД будзе ваяваць за вас, а вы маўчыце».
15 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Чаго ты клічаш да Мяне? Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай вырушаць [у дарогу].
16 А ты ўзьнімі кій твой і выцягні руку тваю на мора, і расьсячы яго, і ўвойдуць сыны Ізраіля ў сярэдзіну мора па сухому.
17 А Я, вось, зраблю цьвёрдым сэрца Эгіпцянаў, і яны ўвойдуць за імі, і Я ўслаўлюся над фараонам і над усім войскам ягоным, над калясьніцамі ягонымі і над вершнікамі ягонымі.
18 І даведаецца Эгіпет, што Я — ГОСПАД, калі Я ўслаўлюся над фараонам, над калясьніцамі ягонымі і над вершнікамі ягонымі».
19 І рушыў анёл Божы, які ішоў перад табарам Ізраіля, і пайшоў ззаду іх. І рушыў слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў ззаду іх,
20 і ўвайшоў паміж табарам Эгіпецкім і табарам Ізраільскім, і быў хмарай і цемраю [для адных], і асьвятляў ноч [для другіх]; і не наблізіліся адны да адных праз усю ноч.
21 І выцягнуў Майсей руку сваю на мора, і гнаў ГОСПАД мора гвалтоўным усходнім ветрам усю ноч, і зрабіў мора сухменем, і расьсекліся воды.
22 І прайшлі сыны Ізраіля па сярэдзіне мора па сухому, і воды былі для іх мурам праваруч іх і леваруч іх.
23 І пагналіся Эгіпцяне, і пайшлі за імі ў сярэдзіну мора ўсе коні фараона, калясьніцы ягоныя і вершнікі ягоныя.
24 І сталася ў ранішнюю варту, і глянуў ГОСПАД на табар Эгіпцянаў са слупа вогненнага і воблачнага, і зьмяшаў табар Эгіпцянаў.
25 І затрымаў колы калясьніцаў іхніх, і яны цягнулі іх з цяжкасьцю. І сказаў Эгіпет: «Уцякайма ад аблічча Ізраіля, бо ГОСПАД змагаецца за іх супраць Эгіпту!»
26 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю на мора, і няхай вернуцца воды на Эгіпет, на калясьніцы ягоныя і на вершнікаў ягоных».
27 І выцягнуў Майсей руку сваю на мора, і вярнула мора сілу сваю на сьвітаньні, а Эгіпцяне ўцякалі напярэймы яму; і кінуў ГОСПАД Эгіпцянаў у сярэдзіну мора.
28 І вярнуліся воды, і пакрылі калясьніцы і вершнікаў усяго войска фараона, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося з іх аніводнага.
29 А сыны Ізраіля ішлі па сухому па сярэдзіне мора, і воды былі для іх мурам праваруч іх і леваруч іх.
30 І выбавіў ГОСПАД у дзень гэты Ізраіля з рукі Эгіпцянаў; і ўбачыў Ізраіль Эгіпет мёртвым на беразе мора.
31 І ўбачыў Ізраіль руку вялікую, якую зьявіў ГОСПАД над Эгіптам; і баяўся народ ГОСПАДА, і паверылі ГОСПАДУ і Майсею, слузе Ягонаму.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 14 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.