Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад, 30 Выхад, 30 глава

1 І зробіш ахвярнік для каджэньня кадзіла; з дрэва акацыі зробіш яго.
2 Локаць — даўжыня ягоная, і локаць — шырыня ягоная; ён мае быць чатырохкутны; і два локці — вышыня ягоная; з яго маюць выходзіць рогі.
3 І пакрыеш яго шчырым золатам, верх ягоны і сьценкі ягоныя наўкола, і рогі ягоныя; і зробіш да яго залаты вянок наўкола.
4 І два колцы залатыя зробіш да яго, пад вянком ягоным, на двух вуглах ягоных; зробіш іх з двух бакоў ягоных; і будуць яны месцам для насілаў, каб насіць яго на іх.
5 І зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам.
6 І паставіш яго перад заслонаю, якая перад Каўчэгам Сьведчаньня, перад накрыўкаю, якая над Сьведчаньнем, дзе Я буду сустракацца з табою.
7 І будзе паліць на ім Аарон пахкае кадзіла кожную раніцу. Калі ён будзе папраўляць лямпы, будзе паліць [кадзіла].
8 І калі Аарон будзе запальваць лямпы ўвечары, ён будзе паліць [кадзіла]. Гэта заўсёднае каджэньне перад ГОСПАДАМ у пакаленьнях вашых.
9 Не паліце на ім ніякага кадзіла чужога, ані цэласпаленьня, ані дару; і ўзьліваньня не ўзьлівайце на яго.
10 І будзе спраўляць Аарон перамольваньне над рогамі яго раз у год. Крывёю ахвяры за грэх раз у год перамольваньнем будзе перамольваць на ім за пакаленьні вашыя. Гэта сьвятое сьвятых для ГОСПАДА».
11 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
12 «Калі будзеш зьбіраць [падатак] з галавы ў сыноў Ізраіля пры лічэньні іх, няхай дасьць [кожны] мужчына выкуп душы сваёй ГОСПАДУ пры лічэньні іх, і ня будзе між імі плягі, калі будуць лічыць іх.
13 Гэта павінны даць усе, хто падлягае лічэньню — палову сыкля, паводле сыкля сьвятыні, у якім дваццаць гер у сыклі; палова сыкля — дар для ГОСПАДА.
14 Усе, хто падлягае лічэньню, ад дваццаці гадоў і вышэй, маюць даць дар ГОСПАДУ.
15 Багаты ня будзе павялічваць, і бедны ня будзе памяншаць ад паловы сыкля, што маюць даваць як дар ГОСПАДУ дзеля перамольваньня за душы вашыя.
16 І возьмеш срэбра перамольваньня ад сыноў Ізраіля, і дасі яго на служэньне ў Намёце Спатканьня; і будзе гэта сынам Ізраіля на памяць перад абліччам ГОСПАДА дзеля перамольваньня за душы вашыя».
17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
18 «І зробіш мыцельнік мядзяны і падставу мядзяную да ўмываньня, і паставіш яго паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.
19 І будуць Аарон і сыны ягоныя мыць у ім рукі свае і ногі свае.
20 Калі яны будуць уваходзіць у Намёт Спатканьня, няхай яны абмыюцца вадою, і яны не памруць; таксама калі яны будуць набліжацца да ахвярніка дзеля служэньня, дзеля ахвяраваньня вогненнага для ГОСПАДА,
21 І будуць яны абмываць рукі свае і ногі свае, і не памруць. І будзе гэта ім пастанова вечная, яму і насеньню ягонаму ў пакаленьнях іхніх».
22 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
23 «І ты вазьмі сабе найлепшых пахошчаў: міра найчысьцейшага пяцьсот [сыкляў], цынамону пахкага палову гэтага, дзьвесьце пяцьдзясят [сыкляў], трысьнёгу пахкага дзьвесьце пяцьдзясят [сыкляў],
24 і касіі пяцьсот [сыкляў], паводле сыклю сьвятыні, і алею аліўкавага гін.
25 І зробіш з гэтага алей сьвятога памазаньня, масьць мяшаную работы мяшальніка масьцяў. Алей сьвятога памазаньня гэта будзе.
26 І памажаш ім Намёт Спатканьня, і Каўчэг Сьведчаньня,
27 і стол, і ўсе начыньні ягоныя, і сьвечнік, і ўсе начыньні ягоныя, і ахвярнік каджэньня,
28 і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсе начыньні ягоныя, і мыцельнік, і падставу ягоную.
29 І асьвяціш іх, і будуць яны сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да іх, будзе сьвятым.
30 І Аарона і сыноў ягоных памажаш і асьвяціш іх, каб былі сьвятарамі Маімі.
31 А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Гэта будзе для Мяне алей сьвятога памазаньня ў пакаленьнях вашых.
32 На цела чалавека ня будуць узьліваць яго, і паводле складу ягонага не рабіце падобнага да яго. Ён — сьвяты, сьвятым мае быць для вас.
33 Чалавек, які [зробіць] работай мяшальніка масьцяў [алей], падобны да яго, і які памажа ім чужынца, будзе выгублены з народу свайго”».
34 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі сабе пахошчы: бальзам, і жывіцу, і галбан пахкі, і ладан чысты, кожнае ў роўнай частцы.
35 І зробіш з гэтага кадзіла мяшанае работай мяшальніка масьцяў, пасоленае, чыстае, сьвятое.
36 І стаўчэш яго дробна, і паложыш перад Сьведчаньнем у Намёце Спатканьня, дзе Я буду сустракацца з табою. Гэта сьвятое сьвятых будзе для вас.
37 І кадзіла, якое зробіш, падобнага да яго паводле складу ягонага не рабіце сабе. Сьвятое яно будзе ў цябе для ГОСПАДА.
38 Чалавек, які зробіць падобнае да яго, каб адчуваць пах ягоны, будзе выгублены з народу свайго».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 30 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.