Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад, 29 Выхад, 29 глава

1 І вось тая рэч, якую зробіш для іх, каб пасьвяціць іх на сьвятароў для Мяне. Возьмеш аднаго маладога бычка і двух бараноў без заганы,
2 і хлябы прэсныя, і печыва прэснае, рашчыненае на алеі, і аладкі прэсныя, памазаныя алеем; з найлепшае мукі зробіш іх.
3 І паложыш іх у адзін кош, і прынясеш іх у кашы, і бычка, і двух бараноў.
4 І Аарона і сыноў ягоных прывядзеш да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх у вадзе,
5 і возьмеш адзеньні, і апранеш на Аарона хітон і верхнюю шату эфоду, і эфод, і нагруднік, і падпярэжаш яго поясам эфоду.
6 І ўскладзеш мітру на галаву ягоную, і прымацуеш дыядэму сьвятасьці на мітру.
7 І возьмеш алей памазаньня, і выльеш на галаву ягоную, і памажаш яго.
8 І сыноў ягоных прывядзеш, і апранеш на іх хітоны,
9 і падпярэжаш іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і адзенеш на іх турбаны, і будзе ім належаць сьвятарства паводле пастановы вечнае, і напоўніш рукі Аарона і сыноў ягоных.
10 І прывядзеш бычка перад Намёт Спатканьня, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву бычка.
11 І зарэжаш бычка перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
12 І возьмеш кроў бычка, і памажаш рогі ахвярніка пальцам тваім, і ўсю кроў выльеш на падставу ахвярніка.
13 І возьмеш увесь тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і спаліш на ахвярніку.
14 А мяса бычка, і скуру ягоную, і гной ягоны спаліш на агні па-за табарам. Гэта ахвяра за грэх.
15 І возьмеш аднаго з бараноў, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана.
16 І зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і пакропіш на ахвярнік наўкола.
17 І барана расьсячэш на кавалкі ягоныя, і вымыеш нутро ягонае і ногі ягоныя, і паложыш іх на [расьсечаныя] кавалкі ягоныя і на галаву ягоную.
18 І спаліш усяго барана на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне ГОСПАДУ, пах прыемны, ахвяра агню для ГОСПАДА.
19 І возьмеш другога барана, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана.
20 І зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і памажаш верх правага вуха Аарона і верх правага вуха сыноў ягоных, вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй; і пакропіш крывёю ахвярнік наўкола.
21 І возьмеш кроў, якая на ахвярніку, і алей памазаньня, і пакропіш Аарона і сыноў ягоных, і адзеньне ягонае, і адзеньні сыноў ягоных з ім; і будзе асьвячоны ён і адзеньне ягонае, і сыны ягоныя, і адзеньні сыноў ягоных з ім.
22 І возьмеш тлушч барана і хвост, і тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня,
23 і адзін бохан хлеба, і адно печыва хлеба, [зробленае] на алеі, і адну аладку з каша праснакоў, які перад абліччам ГОСПАДА,
24 і паложыш усё [гэта] на далоні Аарона і на далоні сыноў ягоных, і будзеш патрэсваць іх як ахвяру патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА.
25 І возьмеш іх з рук іхніх, і спаліш на ахвярніку як цэласпаленьне, пах прыемны перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра вагню для ГОСПАДА.
26 І возьмеш грудзіну барана пасьвячэньня, які быў для Аарона, і будзеш патрэсваць ёю як ахвярай патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА, і гэта будзе частка твая.
27 І асьвяціш грудзіну патрасаную і лапатку ўзьнесеную, якія былі патрэсваныя і якія былі ўзьнесеныя з барана пасьвячэньня, які быў для Аарона і які быў для сыноў ягоных.
28 І будуць яны для Аарона і сыноў ягоных паводле пастановы вечнай ад сыноў Ізраіля, бо гэта ўзьнясеньне, і гэтае ўзьнясеньне мае быць ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных, узьнясеньне іхняе для ГОСПАДА.
29 І адзеньні сьвятыя, якія [належаць] Аарону, будуць [належаць] сынам ягоным пасьля яго, каб у іх памазваць іх і напаўняць рукі іхнія.
30 Сем дзён мае апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, [які будзе] замест яго, які будзе ўваходзіць у Намёт Спатканьня, каб служыць у сьвятыні.
31 І барана пасьвячэньня возьмеш, і зварыш мяса ягонае на месцы сьвятым.
32 І будзе есьці Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага і хлеб, які ў кашы, каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
33 І будуць яны есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб напоўніць рукі іхнія і асьвяціць іх; а чужы ня будзе есьці гэта, бо гэта сьвятое.
34 І калі застанецца мяса пасьвячэньня і хлеб да раніцы, спаліш астачу на агні, нельга есьці яго, бо гэта сьвятое.
35 І ўсё зробіш Аарону і сынам ягоным паводле таго, што Я загадаў табе: сем дзён будзеш напаўняць рукі іхнія.
36 І бычка як ахвяру за грэх будзеш складаць кожны дзень дзеля перамольваньня, і ачысьціш ахвярнік ад грэху, учыніўшы перамольваньне за яго, і памажаш яго, і асьвяціш яго.
37 Сем дзён будзеш зьдзяйсьняць перамольваньне за ахвярнік і будзеш асьвячаць яго, і будзе ахвярнік сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да ахвярніка, будзе сьвятым.
38 Вось што будзеш складаць [у ахвяру] на ахвярніку: двух ягнятаў аднагодак кожны дзень заўсёды.
39 Адно ягня складзеш [у ахвяру] раніцай, а другое ягня складзеш [у ахвяру] вечарам.
40 І на адно ягня [возьмеш] дзясятую частку [эфы] найлепшае мукі, зьмяшанай з алеем выціснутым, якога чвэрць гіну, і на ўзьліваньне — чвэрць гіну віна.
41 А другое ягня складзеш [у ахвяру] ўвечары, падобна як ахвяраваньне раніцаю і ўзьліваньне пры ёй складзеш яго на пах прыемны, на ахвяру агню для ГОСПАДА.
42 [Гэта] цэласпаленьне, [якое будзе] заўсёды ў пакаленьнях вашых перад уваходам у Намёт Спатканьня перад абліччам ГОСПАДА, дзе буду сустракацца з вамі, каб размаўляць там з табою.
43 І буду сустракацца там з сынамі Ізраіля, і будзе асьвячонае [тое месца] славаю Маёю.
44 І Я асьвячу Намёт Спатканьня і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны былі сьвятарамі Маімі.
45 І буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і буду ім Богам.
46 І пазнаюць, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я — ГОСПАД, Бог іхні.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 29 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.