Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад, 40 Выхад, 40 глава

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «У першы месяц, у першы дзень месяца паставіш Сялібу Намёту Спатканьня.
3 І паставіш там Каўчэг Сьведчаньня, і закрыеш Каўчэг заслонаю.
4 І ўнясеш стол, і разложыш на ім тое, што належыць, і ўнясеш сьвечнік, і запаліш лямпы ягоныя.
5 І паставіш ахвярнік залаты для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня; і завесіш заслону на ўваходзе ў Сялібу.
6 І паставіш ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у Сялібу Намёту Спатканьня.
7 І паставіш мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.
8 І паставіш панадворак наўкола, і завесіш заслону ў браме панадворку.
9 І возьмеш алей памазаньня, і памажаш Сялібу і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і будзе Сьвятой.
10 І памажаш ахвярнік цэласпаленьня і ўсё начыньне ягонае, і асьвяціш ахвярнік, і будзе ахвярнік Сьвятым Сьвятых.
11 І памажаш мыцельнік і падставу ягоную, і асьвяціш яго.
12 І наблізіш Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх вадою.
13 І апранеш Аарона ў адзеньні сьвятыя, і памажаш яго, і асьвяціш яго, і ён будзе сьвятаром Маім.
14 І сыноў ягоных наблізіш, і апранеш іх у хітоны,
15 і памажаш іх, як ты памазаў бацьку іхняга, і яны будуць сьвятарамі Маімі, і будзе ім памазаньне іхняе на сьвятарства вечнае ў пакаленьнях іхніх».
16 І зрабіў Майсей усё; як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў.
17 І сталася, у першы месяц другога году, у першы дзень месяца была пастаўлена Сяліба.
18 І паставіў Майсей Сялібу, і палажыў падстаўкі яе, і паставіў дошкі яе, і палажыў жэрдкі яе, і паставіў слупы яе,
19 і расьцягнуў намёт над Сялібай, і палажыў пакрыцьцё намёту зьверху над ім, як загадаў ГОСПАД Майсею.
20 І ўзяў, і палажыў Сьведчаньне ў Каўчэг, і ўлажыў насілы ў Каўчэг, і палажыў накрыўку на Каўчэг зьверху.
21 І ўнёс Каўчэг у Сялібу, і завесіў заслону, якая вісіць, і засланіў ёю Каўчэг Сьведчаньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.
22 І паставіў стол у Намёт Спатканьня, на паўночным баку Сялібы, звонку ад заслоны.
23 І разлажыў шэрагі хлябоў перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
24 І паставіў сьвечнік у Намёт Спатканьня насупраць стала, на паўднёвым баку Сялібы.
25 І запаліў лямпы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
26 І паставіў ахвярнік залаты ў Намёце Спатканьня перад заслонаю.
27 І кадзіў на ім пахкім кадзілам, як загадаў ГОСПАД Майсею.
28 І завесіў заслону на ўваходзе ў Сялібу.
29 І ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў Сялібу Намёту Спатканьня, і ахвяраваў на ім цэласпаленьне і ахвяру хлебную, як загадаў ГОСПАД Майсею.
30 І паставіў мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і наліў у яго вады для абмываньня.
31 І абмывалі ў ім Майсей і Аарон, і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае.
32 Калі ўваходзілі ў Намёт Спатканьня і калі набліжаліся да ахвярніка, яны абмываліся, як загадаў ГОСПАД Майсею.
33 І паставіў панадворак вакол Сялібы і ахвярніка, і завесіў заслону ў браме панадворку. І скончыў Майсей работу.
34 І закрыла воблака Намёт Спатканьня, і слава ГОСПАДА напоўніла Сялібу.
35 І ня мог Майсей увайсьці ў Намёт Спатканьня, бо ляжала на ім воблака, і слава ГОСПАДА напаўняла Сялібу.
36 І калі падымалася воблака па-над Сялібаю, тады вырушалі сыны Ізраіля ў-ва ўсе падарожжы свае.
37 А калі не падымалася воблака, тады не вырушалі, аж да дня, калі яно падымалася.
38 Бо воблака ГОСПАДА было над Сялібай удзень, і агонь быў над ёй уначы перад вачыма ўсяго дому Ізраіля ў-ва ўсіх падарожжах іхніх.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 40 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.