1 І адказаў Майсей, і сказаў: «А калі яны не павераць мне і не паслухаюць голасу майго, бо скажуць: “Не зьявіўся табе ГОСПАД”?».
2 І сказаў яму ГОСПАД: «Што гэта ў руцэ тваёй?» Ён адказаў: «Кій».
3 І сказаў: «Кінь яго на зямлю». І ён кінуў яго на зямлю, і стаўся ён зьмеем, і ўцякаў Майсей ад яго.
4 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю і схапі яго за хвост!» І выцягнуў ён руку сваю, і схапіў яго, і ён стаўся кіем у далоні ягонай.
5 «Гэта каб паверылі, што зьявіўся табе ГОСПАД, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба».
6 І сказаў ГОСПАД яму яшчэ: «Улажы руку тваю ў заўлоньне тваё». І ён улажыў руку сваю ў заўлоньне сваё, і выняў, і вось, рука ягоная пракажоная, як сьнег.
7 І сказаў: «Улажы зноў руку тваю ў заўлоньне тваё». І ён улажыў зноў руку сваю ў заўлоньне сваё. І выняў яе з заўлоньня свайго, і вось, яна ізноў як цела ягонае.
8 «І станецца, што калі яны не павераць табе і не паслухаюць голасу першага знаку, дык павераць голасу знаку апошняга.
9 І станецца, што калі не павераць таксама двум гэтым знакам і не паслухаюць голасу твайго, возьмеш з ракі ваду і выльеш на сухую зямлю, і станецца, што вада, якую ты возьмеш з ракі, станецца крывёй на сухой зямлі».
10 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «О Госпадзе мой, я — чалавек невымоўны і ўчора, і пазаўчора, і цяпер, калі Ты гаворыш да слугі Свайго, бо я [маю] цяжкія вусны і цяжкі язык».
11 І сказаў ГОСПАД яму: «Хто даў вусны чалавеку? Хто робіць немым або глухім, або відушчым, або сьляпым? Ці ня Я, ГОСПАД?
12 І цяпер ідзі; і Я буду з вуснамі тваімі, і навучу цябе, што маеш гаварыць».
13 І сказаў [Майсей]: «О Госпадзе мой! Пашлі, прашу, [другога], каго маеш паслаць».
14 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Майсея, і Ён сказаў: «Ці ж няма Аарона, брата твайго, Лявіта? Я ведаю, што ён, гаворачы, [добра] гаворыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе, і ўбачыць цябе, і ўзрадуецца ў сэрцы сваім.
15 І ты будзеш гаварыць да яго і ўкладаць словы ў вусны ягоныя; і Я буду з вуснамі тваімі і з вуснамі ягонымі, і буду вучыць вас, што вам рабіць.
16 І будзе ён гаварыць замест цябе да народу. І ён будзе вуснамі тваімі, а ты будзеш яму як Бог.
17 І возьмеш у руку тваю кій гэты, якім зробіш знакі».
18 І пайшоў Майсей, і вярнуўся да Етра, цесьця свайго, і сказаў яму: «Пайду і вярнуся да братоў маіх, якія ў Эгіпце, і пагляджу, ці яны яшчэ жывыя?» І сказаў Етра Майсею: «Ідзі ў супакоі».
19 І сказаў ГОСПАД Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Эгіпет, бо памерлі ўсе людзі, якія шукалі душы тваёй».
20 І ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і вярнуўся ў зямлю Эгіпецкую. І ўзяў кій Божы ў руку сваю.
21 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Калі пойдзеш, каб вярнуцца ў Эгіпет, глядзі, каб усе цуды, якія Я ўлажыў у руку тваю, ты зрабіў іх перад фараонам. А Я зраблю цьвёрдым сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народ.
22 І скажы фараону: “Гэтак кажа ГОСПАД. Сын Мой, першародны Мой — Ізраіль.
23 Я кажу табе: "Адпусьці сына Майго, каб ён служыў Мне. А калі адмовішся адпусьціць яго, вось, Я заб’ю сына твайго, першароднага твайго"”».
24 І сталася ў дарозе, у [месцы] начаваньня пераняў яго ГОСПАД і шукаў забіць яго.
25 І ўзяла Цыпора крэмень, і абрэзала скуравінку сына свайго, і дакранулася да ног ягоных, і сказала: «Бо ты мне жаніх крыві».
26 І адступіў [Госпад] ад яго. Тады яна сказала: «Ты — жаніх крыві праз абразаньне».
27 І сказаў ГОСПАД Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». І ён пайшоў, і пераняў яго на гары Божай, і пацалаваў яго.
28 І пераказаў Майсей Аарону ўсе словы ГОСПАДА, Які паслаў яго, і ўсе знакі, якія Ён загадаў яму [зрабіць].
29 І пайшлі Майсей і Аарон, і сабралі яны ўсіх старшыняў сыноў Ізраіля.
30 І пераказаў Аарон усе словы, якія казаў ГОСПАД Майсею, і зрабіў знакі перад вачыма народу.
31 І паверыў народ, і яны пачулі, што ГОСПАД наведаў сыноў Ізраіля і ўбачыў прыгнёт іхні, і схіліліся, і пакланіліся.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 4 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.