Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад 20 Выхад 20 раздзел

1 І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:
2 «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
3 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
4 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока, і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
5 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і аж да чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
6 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
7 Ня будзеш ужываць імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае для марноты.
8 Памятай дзень супачынку, каб сьвяціць яго.
9 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
10 а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць ніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служка твая, і жывёла твая, і прыхадзень твой, які ў брамах тваіх,
11 бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і спыніўся ў дзень сёмы. Дзеля гэтага дабраславіў ГОСПАД дзень супачынку і асьвяціў яго.
12 Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
13 Ня будзеш забіваць [як забойца].
14 Ня будзеш чужаложыць.
15 Ня будзеш красьці.
16 Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
17 Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»
18 І ўвесь народ глядзеў на грымоты і бліскавіцы, і гук трубы, і гару, якая дымілася; і, глядзеў народ, і хістаўся, і стаяў здалёк.
19 І сказалі яны Майсею: «Ты прамаўляй да нас, і мы будзем слухаць; але няхай не прамаўляе да нас Бог, каб нам не памерці».
20 І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, бо дзеля таго, каб выпрабаваць вас, прыйшоў Бог, і каб праз гэта страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі».
21 І стаяў народ здалёк, а Майсей наблізіўся да імглы, туды, дзе Бог.
22 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэтак скажаш сынам Ізраіля: “Вы бачылі, што Я з неба прамаўляў да вас.
23 Не рабіце побач са Мною багоў срэбных, і багоў залатых не рабіце сабе.
24 Ахвярнік з зямлі зрабі для Мяне, і ахвяруй на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, і авечак тваіх, і валоў тваіх. На кожнае месца, дзе Я ўзгадаю імя Маё, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
25 А калі ахвярнік з камянёў зробіш для Мяне, не будуй яго з чэсаных [камянёў], бо калі апрацуеш яго мячом сваім, апаганіш яго.
26 І ня будзеш узыходзіць па прыступках да ахвярніка Майго, каб не была адкрытая пры ім голасьць твая”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхад, 20 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Выхад 20 раздзел в переводах:
Выхад 20 раздзел, комментарии:
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Ветхий Завет сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.