1 І сказаў Госпад усе гэтыя словы:
2 «Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі.
3 Не май другіх багоў перада Мною.
4 Не рабі сабе ніякай выявы ўсяго, да таго падобнага, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю.
5 Не пакланяйся ім і не служы, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае правіннасць бацькоў на дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто Мяне ненавідзіць,
6 Які ўчыняе міласэрнасць аж да тысячнага пакалення тым, хто любіць Мяне і захоўвае пастановы Мае.
7 Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо Госпад не пакіне без кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, марна.
8 Памятай, што дзень суботы ты святкуеш.
9 Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае;
10 а сёмы дзень — субота для Госпада, Бога твайго; не выконвай ніякай працы ты, ані сын твой, ані дачка твая, раб твой і рабыня твая, жывёла твая і чужынец, што жыве ў цябе.
11 Бо за шэсць дзён стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што на іх ёсць, і супачыў у сёмы дзень; таму дабраславіў Госпад дзень суботы і ўсвяціў яго.
12 Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быць даўгавечным на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
13 Не забівай.
14 Не чужалож.
15 Не крадзі.
16 Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго.
17 Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго. Не зажадай дома яго, ані раба, ані рабыні, ані вала, ані асла, і нічога, што ёсць у яго».
18 А ўвесь народ назіраў за шумам, і за ззяннем, і за гукам трубы, і за гарою, што дымілася; і, спалоханыя і ахопленыя трымценнем, паўсталі яны паводдаль,
19 кажучы Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць; хай не гаворыць з намі Бог, каб мы не памерлі».
20 І сказаў Майсей народу: «Не палохайцеся, бо выпрабаваць вас прыйшоў Бог і каб страх Яго быў у вас, каб вы не грашылі».
21 І народ усё стаяў воддаль; а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у якім быў Бог.
22 Потым сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: “Вы бачылі, як Я з неба да вас прамаўляў.
23 Для сябе не рабіце перада Мною багоў срэбраных, ані багоў з золата.
24 Зрабіце Мне ахвярнік з зямлі і на ім складайце цэласпаленні і ўскладайце мірныя ахвяры вашы, авечак вашых і валоў; на кожным месцы, дзе загадаю ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
25 А калі пабудуеш Мне ахвярнік каменны, то не будуй яго з камянёў часаных, бо, калі ўздымеш на яго склюд, ён будзе апаганены.
26 Не ўзыходзь па прыступках да Майго ахвярніка, каб не адкрылася галізна твая”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхаду, 20 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.