1 Калі хто ўкрадзе вала або авечку і заб’е іх або прадасць, хай верне пяць валоў за аднаго вала і чатыры авечкі за адну авечку.
2 Калі будзе захоплены злодзей, калі ён уломліваецца ў дом або робіць падкоп, і калі, атрымаўшы рану, ён памрэ, то той, хто нанёс рану, не будзе вінаваты ў забойстве.
3 Але калі гэта будзе зроблена на ўзыходзе сонца, ён будзе вінаваты ў забойстве. Злодзей хай цалкам пакрывае страту. Калі не мае чым аддаць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў.
4 Калі ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, ці вол, ці асёл, ці авечка, хай аддасць падвоеную колькасць.
5 Калі хто дазволіць пасвіцца ў полі або вінаградніку і пусціць жывёлу сваю, каб пасвілася яна на чужым полі, хай пакрые страту цалкам са свайго поля па пладах яго; а калі ўсё поле будзе стаптана, хай пакрывае ён страту тым, што мае найлепшага на полі сваім або ў вінаградніку.
6 Калі ўзнікне агонь, і ахопіць церні, і ахопіць сцірты або збожжа, што ўзнімаецца, або ніву, хай пакрые страту той, хто запаліў агонь.
7 Калі хто даў сябру грошы або посуд на захаванне і ад таго, хто прыняў іх, яны былі б скрадзеныя, калі злодзей будзе выяўлены, хай ён аддасць падвоеную колькасць.
8 Калі злодзей хаваецца, хай гаспадар дома стане перад Богам і прысягне, што не працягнуў ён рукі на дабро свайго блізкага.
9 У кожнай справе злачынства, ці то адносна вала, ці асла, ці авечкі, ці адзення, ці ўсяго, што можа прычыніць страту, калі хто скажа: «Гэта маё», справа абодвух павінна быць прадстаўлена Богу, і каго Бог прызнае вінаватым, той хай верне падвоеную колькасць блізкаму свайму.
10 Калі хто даручыць блізкаму свайму дзеля захавання асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна памрэ або пакалечыцца, або будзе захоплена ворагамі, і ніхто гэта не ўбачыць,
11 то хай будзе прылюдна прысяга перад Госпадам, што ніхто не працягнуў рукі да дабра блізкага свайго; і хай гаспадар прыме прысягу, і хай той не будзе прымушаны плаціць страту.
12 А калі што будзе ўкрадзена ў яго, хай ён пакрые страту гаспадару;
13 а калі тая жывёла будзе разарваная дзікім зверам, хай ён прынясе тое, што было забіта, як доказ і не пакрывае страту.
14 Калі хто пазычыць у блізкага свайго штосьці з жывёлы, а яна пакалечыцца або падзе ў адсутнасць гаспадара, хай яго прымусяць пакрыць страту.
15 Але калі гаспадар прысутнічаў, хай не пакрывае страту. Калі яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму.
16 Калі хто звядзе дзяўчыну, яшчэ не заручаную, і будзе спаць з ёю, хай заплаціць плату за яе, як за жонку для сябе.
17 Калі бацька дзяўчыны не згадзіцца аддаць яе, хай ён узважыць яму грошай згодна цане, што патрэбна даваць пры заручынах.
18 Не дазваляй жыць чараўніцы.
19 Хто ляжа з жывёлай, хай будзе пакараны смерцю.
20 Хто складае ахвяры багам, акрамя адзінага Госпада, хай загіне.
21 Чужынца не ўціскай і не пераследуй, бо чужынцамі былі і вы самі ў зямлі Егіпецкай.
22 Удаве і сіраце не рабіце крыўды.
23 Калі іх будзеце крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю лямант іх,
24 і разгарыцца гнеў Мой, і ўдару вас мечам, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашы — сіротамі.
25 Калі пазычыш грошы ўбогаму з Майго народа, што пражывае побач з табою, не будзь яму як ліхвяр і не прызначай яму працэнты.
26 Калі ў заклад возьмеш верхняе адзенне ад блізкага свайго, перад захадам сонца аддай яму яго;
27 бо яно адзінае ў яго, ім накрываецца ён, гэта абалонка цела яго, і не мае ён іншага, у чым спаць; калі будзе ён клікаць Мяне, выслухаю яго, бо Я міласэрны.
28 Не блюзні на Бога і не ганьбі кіраўніка народа свайго.
29 Не марудзь аддаць лішкі тока твайго і давільні тваёй. І дасі Мне першароднага з сыноў тваіх.
30 Тое ж самае зробіш з першародным ад быкоў і авечак: сем дзён хай будзе ён пры маці сваёй, а ў восьмы дзень аддасі яго Мне.
31 Вы будзеце Мне людзьмі святымі: не ежце мяса звера, разарванага на полі, але кіньце яго сабакам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхаду, 22 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.