1 Сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай:
2 «Месяц гэты будзе ў вас пачаткам месяцаў, будзе ён першым сярод месяцаў года.
3 Гаварыце ўсяму сходу сыноў Ізраэля і скажыце ім: “У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягня на кожную сям’ю і на дом свой.
4 А калі лік сям’і будзе замалы для спажыцця ягняці, хай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцця ягняці.
5 І хай ягня будзе без заганы, самец гадавалы; вазьміце яго ад авечак альбо коз.
6 І захавайце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а ўвечары прынясе яго ў ахвяру ўся супольнасць сыноў Ізраэля.
7 І возьмуць крыві яго, і пакладуць яе на абодва вушакі і на вершнікі ў дамах, у якіх будуць яго спажываць;
8 і будуць есці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкім латукам.
9 Не спажывайце з яго нічога сырога, ані зваранага ў вадзе, але спажывайце толькі спечанае на агні; галаву з нагамі яго і нутром спажывайце.
10 Нічога з яго хай не застанецца да раніцы; калі што застанецца, спаліце на агні.
11 І так спажывайце яго: падперажыце паясніцы вашыя, майце абутак на нагах, трымаючы посахі ў руках, і ежце спешна: бо гэта ёсць ПасхаaГоспада!
12 У тую ноч Я прайду па зямлі Егіпта і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да жывёлы; і правяду суд над усімі багамі Егіпта, Я — Госпад.
13 І кроў будзе вам на пазначэнне дамоў, у якіх вы будзеце знаходзіцца; і калі ўбачу кроў, прайду міма вас, і не будзе на вас плягі згубнай, калі буду караць зямлю Егіпецкую.
14 А дзень гэты стане вам памятным днём, і святкаваць яго будзеце як урачыстасць у гонар Госпада ў вашых пакаленнях як вечны звычай.
15 Сем дзён будзеце есці толькі праснакі: ужо ў самы першы дзень не будзе рошчыны ў дамах вашых, бо хто б ні з’еў заквашанае ад першага дня да сёмага, знішчана будзе душа тая ад Ізраэля.
16 Першы дзень будзе сход святы і ўрачыстасць, і дзень сёмы будзе напоўнены той жа ўрачыстасцю. Ніякай работы не будзеце рабіць у тыя дні, за выключэннем той, што тычыцца ўжывання ежы.
17 І захоўвайце праснакі, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыну вашую з зямлі Егіпецкай; і захавайце гэты дзень у вашых пакаленнях як звычай вечны.
18 Чатырнаццатага дня першага месяца ўвечары ежце праснакі; аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
19 Сем дзён не знойдзецца ў вашых дамах ніякай рошчыны. Хто з’есць штосьці заквашанае, загіне душа яго паміж сходу Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.
20 Нічога заквашанага не спажывайце; ва ўсіх дамах вашых ежце праснакі”».
21 І паклікаў Майсей усіх старэйшын сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Ідзіце, узяўшы жывёлу для вашых сем’яў, і прынясіце ў ахвяру пасхальнае ягня.
22 І намачыце пучок гізопу ў крыві, што знаходзіцца ў місе, і пакрапіце з яе вершнік і абодва вушакі. Аж да раніцы хай ніхто з вас не выходзіць за дзверы дома свайго,
23 бо Госпад будзе праходзіць, удараючы егіпцян; і, калі ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, то абміне Ён такія дзверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсці ў вашы дамы і нашкодзіць.
24 Захавайце слова гэтае праўдзівае ў сябе і ў дзяцей сваіх навек.
25 І калі ўвойдзеце ў зямлю, якую дасць вам Госпад, як паабяцаў, трымайцеся гэтых звычаяў;
26 і калі вас запытаюць дзеці вашы: “Што гэта за святы звычай?”,
27 вы скажаце ім: “Гэта ахвяра Пасхі ў гонар Госпада, Які ў Егіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля; егіпцян пазабіваў, а дамы нашыя збавіў”». І пачаў маліцца народ, пакланіўшыся,
28 і, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.
29 І апоўначы здарылася: Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзеў на троне, аж да першароднага вязня, які сядзеў у вязніцы, і ўсё першароднае жывёлы.
30 І ўстаў ноччу фараон, і ўсе паслугачы яго, і ўвесь Егіпет, і падняўся вялікі лямант у Егіпце, бо не было дома, у якім не было б нябожчыка.
31 І, паклікаўшы ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце, выходзьце ад народа майго, — вы і сыны Ізраэля; ідзіце і ахвяруйце Госпаду, як вы кажаце.
32 Бярыце авечак вашых і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».
33 І егіпцяне настойвалі, каб народ хутчэй выходзіў з зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».
34 Такім чынам, узяў народ прасеяную муку — да таго, як яна будзе заквашанай; і, звязваючы дзежы ў адзенне сваё, узняў ён іх на плечы свае.
35 І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Майсей, і пазычылі ў егіпцян посуд срэбраны і залаты і мноства адзення.
36 І Госпад даў ласку ў вачах егіпцян для народа, так што яны ім пазычалі; і тыя абабралі егіпцян.
37 І рушылі сыны Ізраэлевы з Рамэсаса ў Сукот у ліку каля шасцісот тысяч пешых мужчын, акрамя дзяцей.
38 Але таксама безліч іншапляменнага народа ўзнялося з імі, авечкі і жывёла — зашмат жывых істот.
39 Прыгатавалі яны муку, якую, прасеяную, раней узялі з Егіпта, і зрабілі праснакі — хлеб, спечаны ў попеле, бо не маглі яны заквасіць сабе цеста, бо егіпцяне прымушалі іх выйсці і не дазвалялі марудзіць; і не ўдалося ім зрабіць ніякай ежы.
40 А час знаходжання сыноў Ізраэля ў Егіпце склаў чатырыста трыццаць гадоў.
41 У той самы дзень, калі яны прайшлі, выйшлі ўсе дружыны Госпада з зямлі Егіпецкай.
42 Гэта была для Госпада ноч пільнавання, калі Ён вывеў іх з зямлі Егіпта: усе сыны Ізраэля ў пакаленнях сваіх павінны шанаваць яе для Госпада.
43 І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсць святы звычай: ніводзін чужынец не можа есці ад яго;
44 а ўсякі нявольнік, куплены за грошы, хай прыме абразанне і так хай спажывае;
45 чужынец і найміт хай не ядуць ад яго.
46 У адным доме хай спажываюць, і не выносьце на двор мяса яго, і не ламайце косці яго.
47 Уся супольнасць сыноў Ізраэля захавае гэта.
48 Калі хтось з чужынцаў пажадае перайсці ў пасяленне вашае і святкаваць Пасху Госпадаву, перш хай абрэжуць кожнага мужчынскага роду яго, а потым няхай святкуе па звычаі і будзе, як тутэйшы; а калі хто неабрэзаны, хай не спажывае ад яго.
49 Такі ж самы закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што лічацца ў вас іншаземцамі».
50 І ўсе сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону;
51 і ў той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай па іх дружынах.

Примечания к тексту

11 a: «Выхад».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 12 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.