1 Ты таксама вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі яго ад грамады сыноў Ізраэля, каб служылі Мне святарамі: Аарон, Надаб, Абігу, Элеязэр і Ітамар.
2 І спраў адзенне святое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленне;
3 і пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каго надзяліў Я духам разважнасці, каб справілі шаты Аарону, у якіх, пасвячоны, ён будзе служыць Мне.
4 А шаты, што яны справяць, хай будуць такія: нагруднік і эфод, туніка і тканая кашуля, тыяра і пояс. Хай справяць святыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне святарамі;
5 і хай яны возьмуць золата, гіяцынт і пурпур, чырвань і вісон.
6 І хай зробяць эфод з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і з кручанага вісону стракатай работы.
7 І хай мае ён дзве завязкі, і хай ён з іх дапамогаю завязваецца на абодвух баках сваіх краёў.
8 А пояс на эфод для завязвання павінен быць аднолькавай з ім работы, хай будзе ён з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону.
9 Вазьмі два камяні онікса, і высечы на іх імёны сыноў Ізраэля:
10 шэсць імёнаў — на адным камяні і шэсць астатніх — на другім камяні, па чарзе нараджэння іх.
11 Працаю разбяра і чаканкаю ювеліра высечы на іх, устаўленых у залатыя аправы, імёны сыноў Ізраэля;
12 і два гэтыя камяні памясці наверсе, на завязках эфода, гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. І хай Аарон носіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх дзеля памяці.
13 Такім чынам, тканыя краі зрабі з золата,
14 таксама два ланцужкі з найчысцейшага золата, быццам вяроўкі кручанай работы, і прасунь кручаныя ланцужкі ў краі.
15 Таксама зрабі нагруднік судовы стракатай работы паводле будовы эфода, з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону.
16 Хай будзе ён чатырохвугольны і падвоены; а даўжыню і шырыню хай мае ў адну пядзь.
17 І памясці на ім чатыры рады камянёў: у першым радзе хай будзе рубін, тапаз і смарагд,
18 у другім — карбункул, сапфір і яшма,
19 у трэцім — гіяцынт, агат і аметыст,
20 у чацвёртым — хрызаліт, онікс і берыл. Хай будуць яны апраўлены ў золата адпаведна радам сваім.
21 І хай яны будуць распісаны дванаццаццю імёнамі: кожны камень — імёнамі кожнага з дванаццаці пакаленняў.
22 Да нагрудніка зрабі ланцужкі, быццам шнуркі кручанай работы з найчысцейшага золата;
23 і два кальцы залатыя, якія прымацуй на абодвух канцах нагрудніка;
24 і залатыя ланцужкі злучы з кольцамі, якія хай будуць па краях яго;
25 і злучы краі саміх ланцужкоў з двума краямі на верхніх завязках эфода ў пярэдняй частцы яго.
26 Зрабі і два залатыя кольцы, якія прымацуй да ніжніх канцоў нагрудніка на ніжнім краі, што звернуты да эфода.
27 А таксама зрабі доўгія залатыя кольцы, якія трэба прымацаваць да дзвюх завязак эфода на знешнім баку яго ўнізе, адпаведна будове яго па-над поясам эфода.
28 І хай нагруднік звязваецца кольцамі сваімі з кольцамі эфода з дапамогай стужкі фіялетавай, каб эфод трымаўся на поясе і каб не маглі аддзяліцца нагруднік і эфод адзін ад аднаго.
29 І хай Аарон носіць імёны сыноў Ізраэля на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у свяцілішча; гэта памяць перад Госпадам навек.
30 А ў нагруднік судовы пакладзі урым і тумім, якія хай будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад абліччам Госпада. І так хай носіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад абліччам Госпада заўсёды.
31 Зрабі верхняе пакрывала пад эфод цалкам фіялетавым,
32 у сярэдзіне якога хай будзе наверсе адтуліна для галавы, а аблямоўка вакол яго — тканая, як на адтуліне брані, каб не рвалася.
33 А на краях пакрывала ўнізе вакол зробіш быццам пунічныя яблыкі з гіяцынту, пурпуру і чырвані, дабавіўшы пасярэдзіне залатыя званочкі,
34 так, каб былі званочкі залатыя паміж усімі пунічнымі яблыкамі.
35 І хай апранецца ў яго Аарон у час выканання службы, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у свяцілішча перад абліччам Госпада і выходзіць, каб ён не памёр.
36 Зрабі і пласціну з найчысцейшага золата, на якой выражы чаканнай работай: «Святое Госпада».
37 І прывяжы яе стужкаю фіялетаваю, і хай будзе на тыяры на лбе Аарона.
38 І хай Аарон панясе на сабе правіннасць адносна святынь, якія будуць асвячаць сыны Ізраэля ў дарах і падарунках сваіх. І хай будзе пласціна заўсёды на яго чале, каб Госпад меў ласку да іх.
39 І вытчы туніку з вісону, і зрабі тыяру з вісону, і пояс залататканай работы.
40 Потым сынам Аарона зрабі тунікі льняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленне;
41 і апранеш ва ўсё гэта брата свайго Аарона і сыноў яго разам з ім. І памаж іх, і напоўні рукі іх, і асвяці іх, каб яны былі Мне святарамі.
42 Зрабі ім і сподняе з ільну, каб прыкрывалі яны плоць сораму свайго ад паясніцы аж да лытак;
43 і хай карыстаюцца імі Аарон і сыны яго, калі будуць уваходзіць у палатку сустрэчы, або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у свяцілішчы, каб не памерці ад правіннасці: гэта пастанова вечная хай будзе для Аарона і патомства яго па ім.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 28 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.