1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі, выйдзі з гэтага месца, ты і народ твой, які вывеў ты з зямлі Егіпецкай у зямлю, якою Я пакляўся Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Дам яе семю твайму”.
2 І пашлю перад табой анёла, і выганю хананеяў, амарэяў, хетэяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў,
3 і ўвойдзеш ты ў зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Але Я Сам не пайду з табой, каб часам не знішчыць цябе па дарозе, бо ты — народ цвёрдага карка».
4 Народ, чуючы гэтыя найганебнейшыя словы, заплакаў моцна, і ніхто не ўсклаў на сябе сваіх аздобаў, як звычайна.
5 І сказаў Госпад Майсею: «Скажы сынам Ізраэля: “Вы — народ цвёрдага карка; калі Я на адзін міг з’яўлюся ў грамадзе тваёй, Я вынішчу цябе. Зараз жа здымі аздабленне сваё, каб Я ведаў, што маю зрабіць з табою”».
6 Такім чынам, знялі сыны Ізраэля аздабленне сваё ля гары Гарэб.
7 А Майсей, узводзячы палатку, паставіў яе па-за лагерам, паводдаль, і даў імя ёй — палатка сустрэчы. І кожны, хто хацеў звярнуцца да Госпада, ішоў да палаткі сустрэчы, што была па-за лагерам.
8 І, калі Майсей ішоў да палаткі, увесь народ уставаў і стаяў кожны ля ўваходу ў сваю палатку; і глядзелі яны ўслед Майсею, аж пакуль ён не ўваходзіў у палатку.
9 Калі ж ён уваходзіў у палатку, сыходзіў слуп воблачны і стаяў ля ўваходу ў палатку; і Госпад гаварыў з Майсеем,
10 калі ўсе бачылі, як слуп воблачны стаяў ля ўваходу ў палатку. І стаялі яны, і пакланяліся ля ўваходу ў свае палаткі.
11 І гаварыў Госпад з Майсеем твар у твар, як звычайна гаворыць чалавек з сябрам сваім. І, калі Майсей вяртаўся ў лагер, слуга яго, Ешуа, сын Нуна, юнак, не выходзіў з сярэдзіны палаткі.
12 І сказаў Майсей Госпаду: «Ты загадваеш мне, каб я вывеў народ гэты, але не гаворыш мне, каго маеш паслаць са мною; хаця Ты сказаў: “Ведаю цябе па імю, і знайшоў ты ласку ў Мяне”.
13 Такім чынам, калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, пакажы мне дарогу Тваю, каб я пазнаў Цябе; ведай, што народ гэты — Твой народ».
14 І Госпад сказаў: «Аблічча Маё пойдзе, і Я дам табе супакой».
15 І Майсей сказаў тады: «Калі Ты не пойдзеш Сам, то не выводзь нас з гэтага месца;
16 бо як будзе вядома, што я і народ Твой знайшлі ласку перад абліччам Тваім, калі Ты не пойдзеш з намі, каб я і народ Твой праславіліся перад усімі народамі, якія жывуць на зямлі?»
17 І сказаў Госпад Майсею: «Тое, пра што ты просіш, Я зраблю; таму што ты знайшоў ласку перада Мною і Я ведаю цябе па імю».
18 Ён сказаў: «Пакажы мне славу Тваю».
19 Адказаў: «Я пакажу табе ўсю дабрыню і выяўлю перад табою імя Госпада; і пашкадую, каго пажадаю, і літасцівы буду да таго, хто будзе Мне падабацца».
20 І яшчэ сказаў: «Не зможаш бачыць аблічча Маё; бо не будзе жыць чалавек, які ўбачыць Мяне».
21 І дадаў: «Вось месца каля Мяне, стань на скале;
22 і, калі будзе праходзіць слава Мая, Я пастаўлю цябе ў шчыліне скалы, і абараню цябе правіцай Маёю, пакуль не перайду;
23 і прыму руку Маю, і ўбачыш Мяне ззаду; але аблічча Маё ўбачыць не зможаш».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхаду, 33 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.